У Беларусі склалася станоўчае сальда знешняга гандлю на ўзроўні $4 млрд па выніках 9 месяцаў. Пра гэта сказаў журналістам прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка ў час рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць, перадае [2] БелТА.
Паводле слоў прэм’ер-міністра, станоўчы прагноз пацвярджаецца. «Па выніках 9 месяцаў мы маем станоўчае сальда $4 млрд. Гэта адзін з рэкордных паказчыкаў. Гэта чысты даход у валюце, які атрымлівае краіна. Зразумела, што сітуацыя на фінансавым рынку будзе стабільнай. А вынікі лістапада будуць крыху лепш кастрычніка», — падкрэсліў ён.
«Радуе, што дадае прамвытворчасць. У цэлым прамысловая вытворчасць вырасла на 1,2%, але па лініі Мінпрама гэтыя лічбы больш — парадку 105%, 106%, 108%. Узмоцненымі тэмпамі расце машынабудаванне, у тым ліку мы бачылі на «Гомсельмашы» — увесь канвеер у машынах. Падобная сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах, што пазітыўна працуе на ВУП, на нашы фінансавыя паказчыкі», — пазначыў сітуацыю ў вытворчым сегменце прэм’ер.
Сёння Раман Галоўчанка наведаў прадпрыемствы Гомельскай вобласці. Ён ацаніў экспартны патэнцыял Гомельскага хімічнага завода, азнаёміўся з лінейкай тэхнікі на выставе холдынгу «Гомсельмаш», імпартазамяшчальнымі праектамі, працай вытворчых падраздзяленняў.
Завяршае рабочую паездку ў Гомельскую вобласць наведванне ваенна-гістарычнага комплексу «Партызанская крынічка», месцаў работ спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/ekanomika
[2] https://www.belta.by/economics/view/polozhitelnoe-saldo-4-mlrd-prirost-promproizvodstva-golovchenko-o-finansovoj-situatsii-v-belarusi-535159-2022/
[3] https://zviazda.by/be/tags/raman-galouchanka
[4] https://zviazda.by/be/tags/vup
[5] https://zviazda.by/be/tags/finansy