Пакуль міжнародныя чыноўнікі адхіляюць беларускіх спартсменаў ад буйных стартаў, тыя працягваюць упарта трэніравацца і самаўдасканальвацца. У цяжкія часы лепш трымацца разам — так прасцей справіцца з усімі выклікамі. А майстар-клас у гэтым могуць паказаць брат і сястра Настасся і Рыгор Зудзілавы. У абодвух спартсменаў прыроджаная частковая атрафія зрокавага нерва. Абодва — выпускнікі Наваполацкай СДЮШАР «Нафтан». Зараз яны — члены нацыянальнай паралімпійскай каманды па плаванні. Разам трэніруюцца, выступаюць на спаборніцтвах. Праўда, з невялікім адрозненнем. Настасся плавае брасам, а Рыгор — кролем. Таму і ўзнагарод у Рыгора больш, ён старэйшы, і кролем плывуць больш дыстанцый.
На міжнародных летніх гульнях паралімпійцаў «Мы разам. Спорт», што прайшлі ў Сочы, Рыгор Зудзілаў заваяваў чатары залатыя медалі, Настасся — адзін.
Але ў гэтай сям'і колькасць узнагарод і іх вартасць зусім не галоўнае.
Малодшыя заўсёды паўтараюць за старшэйшымі. Выдатна, калі гэта станоўчыя прыклады. У прыватнасці, спорт, як гэта атрымалася ў сям'і Настассі і Рыгора Зудзілавых. Старэйшы брат прыйшоў у басейн у восем гадоў, маладзейшая на два гады Насця ад брата не адставала і пачала плаваць у дзевяць гадоў. І вось ужо больш за 10 гадоў брат і сястра з Наваполацка разам праводзяць у басейне амаль увесь час, разам трэніруюцца і выступаюць на спаборніцтвах.
«Мне з дзяцінства падабалася водная стыхія. Аднак з разнастайных відаў спорту больш за ўсё цікавіла барацьба. Але праз праблемы са зрокам дактары забаранілі займацца барацьбой. Нават былі размовы, што і плаваць нельга. Маўляў, празмерныя фізічныя нагрузкі, ціск пры ныранні могуць негатыўна паўплываць на вочы. Прыйшлося дактароў паўгаварваць. З маім дыягназам мне можна плаваць, але медыкі вырашылі перастрахавацца. Таму я з дзяцінства навучыўся сачыць за сваім здароўем. Так не склалался мая барцоўская кар'ера, але пачалася кар'ера плыўца», — успамінае Рыгор.
«Ну, барацьба ў нашым жыцці таксама была. Як і належыць брату і сястры, мы ў дзяцінстве біліся. Прычыны? Ну хіба яны патрэбныя для дзіцячых боек? Грыша, зразумела, быў мацнейшы за мяне, але ж і я не баязліўка. Ужо тады навучылася не здавацца», — смяецца Насця. — «У дзяцінстве мне хацелася не толькі плаваць, але і лятаць. Ды гэта аказался не так проста, і Грыша сказаў, што плаваць — гэта амаль як лятаць, толькі ў вадзе. І я вырашыла, што хачу плаваць. Добра памятаю, што было вельмі, ну вельмі холадна! А я яшчэ была худой, і ўсе перажывалі, як я буду трымацца на вадзе. Акрамя ўсяго, у вадзе ад холаду я станавілася амаль сіняя — «цудоўнае» відовішча!» — згадвае пачатак сваёй спартыўнай кар'еры Настасся.
Аднак афіцыйны пачатак кар'еры ў брата і сястры здарыўся крыху пазней. Пяты клас стаў для Грышы спартыўным класам. Тады ўжо і трэніроўкі аказаліся больш сур'ёзнымі, і адказнасць значна вырасла. Неверагодна, але факт: Рыгор Зудзілаў — адзін з тых спартсменаў, хто скончыў школу з залатым медалём. «Не скажу, што я вельмі стараўся вучыцца ў школе, неяк лёгка ўсе давалася і настаўнікі дапамагалі, бо разумелі, што праз трэніроўкі я магу нешта прапусціць, ішлі насустрач. Галоўнае — не ленавацца. Як і ў любой справе», — тлумачыць спарстмен.
Шлях у вялікі спорт за братам паўтарыла і Настасся. Але ёй давялося пераадолець некаторыя складанасці. У шостым класе кардыёлаг забараніў дзяўчынцы плаваць — пралапс клапана сэрца. «Шосты і сёмы клас я не трэніравалася. Нават пайшла ў мастацкую школу. На занятках сядзела з біноклем... І аднойчы адчула, што хачу вярнуцца ў басейн», — успамінае Насця. І вярнулася. Праблемы з сэрцам вырашыліся, медыкі зноў дазвалілі плаваць. Гісторыя стала набіраць абароты. Цяпер у Наваполацку шлях Насці і Грышы збіраецца паўтарыць іх малодшая сястра. У яе таксама праблемы са зрокам, але прыклад старэйшых мацнейшы за ўсе перашкоды. Праўда, не абыходзіцца без сумненняў. «Ёй прапанавалі перайсці ў спартыўны клас. Але для гэтага трэба мяняць школу. І мы баімся, каб яна не паўтарыла маю памылку. Дзеля спартыўнага класа я памяняла школу, але сяброў там не знайшла. І чатыры гады жыла без сяброў. Не самыя прыемныя ўспаміны, але як ёсць, магчыма, гэта зрабіла мяне мацнейшай. Дарэчы, з таго нашага спартыўнага класа ніхто не займаецца прафесійным плаваннем, акрамя мяне. Ну гэта так, дарэчы», — дзеліцца Настасся.
У 2015 годзе Настассю і Рыгора Зудзілавых заўважылі як здольных плыўцоў і запрасілі на вучэбна-трэніровачны збор у Мінск. Гэта падзея была вельмі важнай і... цяжкай. Падлеткам прыйшлося самастойна жыць у вялікім незнаёмым горадзе. Але ж удваіх прасцей. І бацькам, канешне, спакайней, што дзеці разам. «Спачатку ў мяне зусім не атрымлівалася жыць самастойна, я вельмі радавалася, што побач старэйшы брат. Адна зусім не справілася б, нават у магазін баялася хадзіць... Не ведала, якія рэчы з сабой браць, везла ўсё, што можна, акрамя патрэбнага. Вельмі пашанцавала, што Грыша быў побач. Мы разам елі салаты з крамы, у якіх адзін маянэз, пілі чай і так спраўляліся», — расказвае Насця. Рыгор прызнецца, што з сястрой яму таксама было камфортней. Яна лепей бачыць і дапамагала брату арыентавацца ў горадзе. Нават блукаць па незнаёмых вуліцах пасля трэніроўкі таксама прасцей. Так паступова расквітала самае моцнае сяброўства — брата і сястры.
Разам яны вучыліся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізкультуры па спецыяльнасці «Трэнер-выкладчык». Няхай і з розніцай у некалькі курсаў. Аказваецца, гэта вельмі зручна. У дадзеным выпадку для Настассі. Заўсёды ёсць каму дапамагчы падчас сесіі, ёсць у каго ўзяць канспекты і падручнікі.
Нават траўмы ў іх былі адныя на двіх, абодва перанеслі разрывы сятчаткі вока. Для плыўцоў з парушэннямі зроку гэта не навіна. З-за празмерных фізічных нагрузак такое часта здараецца. На жаль, праблемы са здароўем часам перашкаджаюць спартсменам выступаць на спаборніцтвах. На міжнародных спаборніцтвах «Мы разам. Спорт» у Сочы такое здарылася з Настассяй. І зусім не ад дрэннай падрыхтоўкі. «Перад стартамі я ўжо даўно не хвалююся. Нервуюся толькі, калі чагосьці не ведаю. У Сочы некалькі разоў мяняўся расклад. Мяне гэта нервавала. Такое ж здарылася і ў дзень эстафеты. Я прыехала на размінку і даведалася, што старт эстафеты будзе на некалькі гадзін раней. А ў мяне з сабой нічога няма, я не рыхтавалася. Ну што рабіць, паехала па рэчы і ўжо ў нумары зразумела, што выступаць не буду. У мяне часам здараюцца мігрэні, і ў той дзень ад нерваў яна пачалася зноў. Папрасіла сяброў пазваніць трэнеру, таму што сама я ўжо не адрознівала лічбы і літары на экране тэлефона. І калі нашы дзяўчаты плылі эстафету, я тры гадзіны ляжала на падлозе ў ваннай — гэта было адзінае месца, дзе я магла больш менш нармальна сябе адчуваць», — расказвае Настасся. Рыгор жа ў гэты час выступаў на дыстанцыі — што рабіць, калі трэба плысці. Дарэчы, пра гэты выпадак брат і сястра расказалі бацькам праз час — не хацелі іх палохаць і турбаваць.
Аснова гэтага спартыўнага тандэма — падтрымка. Часам Настасся выводзіць Рыгора на старт: «Калі на мяне ўскаладаюць адказнасць, я стараюся на сто працэнтаў. Таму, калі я выводжу Грышу на старт, задаю яму тысячу і адно пытанне: ці не час ісці, ці ўзяў ён акуляры, ці не забыў шапачку... Не думаю, што яму гэта вельмі падабаецца, але ж што рабіць?». Саперніцтва паміж імі няма ніякага. Па колькасці медалёў адзін аднаго абганяць не імкнуцца, перамогам шчыра радуюцца. Настасся любіць разглядаць медалі брата — для натхнення. Цікава, што Зудзілава — бадай ці не адзіная спартсменка, якой бронзавыя ўзнагароды падабаюцца больш, чым залатыя. Кажа, што выглядаюць яны прыгажэй. Адно слова — дзяўчына...
У Рыгора больш практычны падыход — галоўнае, каб быў медаль. І гэта лёгка растлумачыць. Рыгор Зудзілаў — малады бацька паўтарагадовага сына. «Я стараюся як мага больш увагі ўдзяляць яму, дапамагаць жонцы. Пакарміць, памыць, пакласці спаць — усё гэта магу. Мы пароўну дзелім абавязкі і цудоўна спраўляемся самі. Бываюць, канешне, моманты, калі цяжка. Вось зараз зубы рэжуцца, спім па дзве гадзіны ў суткі», — расказвае малады бацька. Настасся, якая жыве з сям'ёй брата, — асабісты аніматар маленькага Зудзілава. «Я магу нават пайграць яму на дудцы. Малому падабаецца музыка, але не падабаецца, калі я фальшыўлю. Пачынае гарланіць, калі ў мяне не атрымліваецца. Не цэніць мае старанні. А калі атрымліваецца, то задаволены смяецца», — дзеліцца Настасся.
Бацькі Настассі і Рыгора жывуць у Навапалоцку. Спартыўны графік не дазваляе брату і сястры часта прыязджаць у бацькоўскі дом. Але, калі выпадае такая магчымасць, яны імкнуцца як мага цікавей правесці час: «У нас ёсць традыцыйнае свята — дзень, калі мама з татам пазнаёміліся. Мы п'ём таматны сок і ядзім чыпсы. Трэба яшчэ выключыць святло і запаліць свечкі. Бо так было ў дзень іх знаёмства — 18 студзеня. Цяпер не заўсёды атрымліваецца сабрацца поўным складам. Але мы стараемся гэтую мілую традыцыю не забываць. Як і многія сем'і, збіраемся на дачы, асабліва на дні нараджэння. Рэжам вядро салаты, рыхтуем вядро шашлыкоў, прыдумваем конкурсы».
Галоўны трэнер нацыянальнай паралімпійскай каманды па плаванні Генадзь Вішнякоў неаднаразова адзначаў, што ганарыцца сваёй дружнай камандай спартсменаў. Рыгор і Настасся Зудзілавы пацвярджаюць словы свайго трэнера. У іх агульныя сябры па камандзе, і гэта дазваляе камфортней сябе адчуваць на вучэбна-трэніровачных зборах і спаборніцтвах. Хаця часам і падкідае турбот. Напрыклад, на Паралімпійскіх гульнях у Токіа ў Рыгора выявілі каранавірусную інфекцыю, спарстмена памясцілі ў ізалятар. А Настасся мала таго, што перажывала за брата, дык яшчэ і хвалявалася, каб яе тэст быў адмоўным. Нават снілася, што яе таксама забіраюць у ізалятар. Затое на Гульнях у Рыа была адваротная сітуацыя — вясёлая: «Увесь час было горача, да 35 градусаў. А ў дзень, калі ў нас быў вольны час, стала 18 градусаў, дождж, вецер. Мы прыехалі на пляж паглядзець на акіян. Па калена зайшлі ў ваду і... нас абдало халоднай хваляй... Уражанні незабыўныя!» — з ноткай настальгіі расказвае Насця. Дарэчы, у планах спартсменкі — выступіць на яшчэ адных Паралімпійскіх гульнях.
Журналісты шмат пісалі пра спартыўную мару Настассі Зудзілаваў — пераплыць Ла-Манш. Аднак гэта не зусім праўда. «У 2015 годзе ў мяне першы раз бралі інтэрв'ю і спыталі пра маю спартыўную мару. Я вырашыла, што трэба прыдумаць нешта арыгінальнае, і сказала, што хачу пераплыць Ла-Манш. Тады мне было 14 гадоў і я вырашыла, што гэта вельмі арыгінальна. А сёння разумею: праплысці 32 кіламетры ў халоднай вадзе — не самы ўдалы план», — раскарывае карты Настасся. А вось у Рыгора ёсць больш рэальная мэта — прабегчы марафон. Так, менавіта 42 кіламетры, каб праверыць свае сілы і здольнасці. Хіба ў спорце гэтага мала?
А што да спорту, то ў брата і сястры мэты супадаюць — забяспечыць сабе фінансавую стабільнасць і паціху заканчваць з плаваннем. Але Рыгор у будучыні ўсё роўна плануе заставацца ў плаванні, толькі ўжо на трэнерскай пасадзе. Тут іх погляды з сястрой разыходзяцца. Настасся хоча развітацца са спортам, стамілася ад яго, ды і ў творчасць цягне. Калі брат і сястра Зудзілавы плануюць скончыць сваю спартыўную кар'еру — не ўдакладняцца. Зараз у іх віруе работа, рыхтуюцца да чэмпіянату краіны, да наступных стартаў. Зразумела, разам. Сваім прынцыпам яны не здраджваюць: «Мы не стамляемся адно ад аднаго, а падтрымліваем. Родны чалавек — заўсёды самая моцная падтрымка ў жыцці».
Валерыя СЦЯЦКО
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/valeryya-scyacko
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] https://zviazda.by/be/tags/rygor
[4] https://zviazda.by/be/tags/nastassya
[5] https://zviazda.by/be/tags/zudzilavy
[6] https://zviazda.by/be/tags/paralimpiyskaya-kamanda
[7] https://zviazda.by/be/tags/plavanne