Футбалісткі сталічнай «Зоркі-БДУ» сталі ўладальнікамі бронзавых узнагарод 31-га жаночага чэмпіянату Беларусі, паведамляе [1] БелТА.
Сёння ў паядынку 27-га тура мінчанкі адолелі ў Магілёве свайго канкурэнта ў барацьбе за трэцяе месца мясцовы «Днепр» з лікам 2:1.
Яшчэ два прызёры вызначыліся за тур да фінішу першынства. Чэмпіёнкамі краіны ў трэці раз падрад сталі футбалісткі мінскага «Дынама-БДУФК»
Падапечныя Юрыя Малеева сёння ў апошнім туры разграмілі на сваім полі брэсцкае «Дынама» з лікам 12:0. У 27 праведзеных гульнях чэмпіёнкі атрымалі 25 перамог і толькі двойчы згулялі ўнічыю — са сваім галоўным канкурэнтам «Мінскам» і магілёўскім «Дняпром». Дынамаўскія футбалісткі забілі 172 мячы, прапусціўшы ўсяго 5. Клуб «Дынама-БДУФК» пачаў выступленне ў чэмпіянаце Беларусі ў 2020 годзе і нязменна падымаецца на вышэйшую прыступку п’едэстала гонару. У яго актыве таксама тры Кубкі краіны і два Суперкубкі.
Сярэбраным прызёрам стаў «Мінск», які абыграў юніёрскую зборную Беларусі (U-19) — 6:0. Адзін мяч у гэтай сустрэчы забіла Анастасія Пабягайла, якая з 35 галамі стала лепшым бамбардзірам першынства.
Выніковае становішча каманд: «Дынама-БДУФК» — 77 ачкоў, «Мінск» — 73, «Зорка-БДУ» — 55, «Днепр» — 50, «Віцебск» — 41, Беларусь (U-19) — 36, «Смаргонь» — 33, «Бабруйчанка» — 20, «Дынама» (Брэст) — 5, «Гомель» — 4.
Часцей за ўсіх чэмпіёнам Беларусі станавілася «Бабруйчанка», у якой 12 тытулаў, 7 разоў золата браў «Мінск», 6 — Віцебскі «Універсітэт».
Прэв’ю: pixabay.com
Спасылкі
[1] https://www.belta.by/sport/view/futbolistki-zorki-bdu-zavoevali-bronzu-zhenskogo-chempionata-belarusi-537022-2022/
[2] https://zviazda.by/be/tags/futbol
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/sport
[5] https://zviazda.by/be/tags/chempiyanat-belarusi-0