На сумесным пасяджэнні сесіі Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і аблвыканкама былі агучаныя вынікі мінулага года і планы на будучы год. Са справаздачай аб чаканым выкананні прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці ў 2022 годзе і праекце прагнозу развіцця ў 2023 годзе выступіў старшыня аблвыканкама Юрый Шулейка. Губернатар адзначыў, што бягучы год прайшоў ва ўмовах не простых палітычнай і эканамічнай сітуацый.
Паводле яго слоў, роля эканомікі вобласці ў фарміраванні рэспубліканскіх паказчыкаў штогод павялічваецца і ў 2022 годзе дасягнула максімальных значэнняў за апошнія некалькі гадоў. Адзначалася, што, пачынаючы з другога паўгоддзя, Брэстчына займае першае месца па тэмпах росту ВРП ў краіне. «З добрымі вынікамі завяршаецца бягучы год у сельскай гаспадарцы, — прагучала ў дакладзе. — Вобласць, адзіная ў краіне, прыбавіла валавую прадукцыю жывёлагадоўлі на 2,5 %».
У ліку вынікаў года былі агучаныя такія лічбы і факты: уведзена ў эксплуатацыю каля 650 тысяч метраў квадратных жылля, адрамантавана 288 кіламетраў аўтамабільных дарог, больш за 60 кіламетраў дарог заасфальтавана; пабудавана чатыры новыя ўстановы адукацыі, праведзена рэканструкцыя яшчэ чатырох аб'ектаў, у выніку створана 1626 месцаў для вучняў і дзяцей дашкольнага ўзросту; добраўпарадкавана 890 вайсковых пахаванняў, на 80 праведзены бягучы рамонт.
Удзельнікі сумеснага пасяджэння дзвюх галін улады абазначылі ключавыя задачы на наступны год. У іх ліку — развіццё сельскагаспадарчай галіны, якое звязваецца з інвестыцыямі ў новыя тэхналогіі і захаванне тэхнічных рэгламентаў, а таксама з працоўнай дысцыплінай і парадкам на вытворчасці. Падкрэслівалася, што найважнейшым фактарам эканамічнага росту павінна стаць паспяховая знешнегандлёвая дзейнасць.
Пры абмеркаванні асноўных кірункаў фінансавання з абласнога бюджэту на першым плане стаяў тэзіс аб сацыяльнай накіраванасці расходаў. На ўтрыманне ўстаноў адукацыі плануецца выдзеліць 1,3 мільярда рублёў, 5,2 мільёна рублёў плануецца атрымаць з рэспубліканскага бюджэту на набыццё школьных аўтобусаў. Расходы на сферу аховы здароўя складуць 1,1 мільярда рублёў, рэспубліканскі бюджэт дабавіць яшчэ 8 мільёнаў на набыццё аўтамабіляў хуткай дапамогі. 354,1 мільёна рублёў будуць выдаткаваныя на падтрымку сацыяльна неабароненых катэгорый грамадзян. 89,7 мільёна рублёў выдзяляецца з бюджэту на ўтрыманне ўстаноў культуры і мастацтва і на правядзенне культурных мерапрыемстваў.
Сацыяльная накіраванасць бюджэту пацвярджаецца і спісам асноўных будоўляў, якія плануецца пачаць. Налета плануецца пабудаваць дзіцячыя садкі ў паўднёвым мікрараёне абласнога цэнтра на 350 месцаў і ў Іванаве на 75 месцаў. Запланавана пачаць будаўніцтва дашкольнай установы на 350 месцаў у мікрараёне Вулька-3 Брэста, прыбудовы да сярэдняй школы № 1 Лунінца з рэканструкцыяй на 600 месцаў, рэканструкцыю Ляснянскай школы ў Баранавіцкім раёне пад дзіцячы садок — сярэднюю школу. Акрамя гэтага, пачнецца праектаванне дзіцячых садкоў у Брэсце і Баранавічах, сярэдняй школы ў абласным цэнтры, двух вучэбна-педагагічных комплексаў «Дзіцячы садок — пачатковая школа» ў Пінску і вёсцы Тэльмы-1 Брэсцкага раёна.
У сферы аховы здароўя намечаны ўвод у эксплуатацыю патолага-анатамічнага корпуса ў Баранавічах, завяршэнне рэканструкцыі лячэбнага корпуса на 150 ложкаў дзіцячай абласной бальніцы, рэканструкцыя анкалагічнага дыспансера ў Пінску, рамонт паліклінікі ў Ганцавічах.
— Рэалізацыю намечаных праектаў павінна забяспечыць стабільнае развіццё эканомікі, — падкрэсліў у сваім выступленні дэпутат аблсавета, генеральны дырэктар РУВП «Граніт» Эдуард Гаўрылковіч і паведаміў, што прадпрыемства ўвесь час праводзіць мадэрнізацыю, сёлета інвестыцыі ў абнаўленне склалі 24 мільёны рублёў. Прамысловы гігант таксама паспяхова развівае сацыяльную сферу.
Святлана ЯСКЕВІЧ
Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-yaskevich
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/regiyony-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-shuleyka
[5] https://zviazda.by/be/tags/bresckaya-voblasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika