Калі атрымаеш прыгожы букет, так хочацца, каб ён даўжэй цешыў вока. І як крыўдна, калі кветкі хутка губляюць прывабнасць.
Каб кветкам было камфортна, іх варта змясціць у вазу патрэбнага памеру і формы:
- Для аб’ёмнага букета бярыце вазу з шырокім рыльцам цыліндрычнай формы. Яна больш устойлівая, а дзякуючы шырокаму рыльцу сцёблы атрымаюць больш паветра.
- Калі букет з 5-7 галінак, падыдзе прадаўгаватая вузкая ваза.
- Абраная ваза павінна быць чыстай, без слядоў папярэдніх букетаў. Інакш вада хутка сапсуецца і букет завяне.
- Апускайце сцёблы ў ваду не менш чым на 1/3.
Дзе паставіць букет
Размяшчэнне — важны фактар, які можа дапамагчы падоўжыць жыццё кветкам.
- Кветкі не любяць цяпло і прамыя сонечныя прамяні. Размяшчайце іх удалечыні ад абагравальніка, у прахалодным прыцененым месцы з умеранай вільготнасцю. Ідэальная тэмпература паветра — 16–18 °С.
- Ваза не павінна знаходзіцца на скразняку, таму размяшчайце букет удалечыні ад дзвярэй, вокнаў і кандыцыянера.
- Кветкі страцяць водар і хутка завянуць, калі побач з імі знаходзяцца іншыя расліны. Ружы, гваздзікі, архідэі, лілеі, нарцысы... стаўце ў асобныя вазы.
- Свежыя букеты не пакідайце на працяглы час у месцах для курэння.
- Не трымайце кветкі каля ёмістасці з садавіной. Яна выдзяляе газ этылен, які паскарае працэс гніення.
Як падрыхтаваць кветкі
Існуе меркаванне, што букет трэба максімальна хутка паставіць у вазу з вадой. Аднак гэта вялікі стрэс для кветак, калі яны прынесены з холаду ці гарачыні. Іх варта паступова адаптаваць да тэмпературы памяшкання. Таму пакіньце іх паляжаць у пакоі і толькі потым здымайце ўпакоўку і змяшчайце ў вазу. Пры гэтым:
- Сцёблы апусціце ў вядро з вадой на 1-2 гадзіны, каб яны насыціліся вільгаццю.
- Кожную галінку падрэжце нажом на 3-4 см пад вуглом 45 градусаў, не вымаючы з вады, каб паветра не трапіла ўнутр сцябла. Гэта падоўжыць тэрмін жыцця букета. Нож павінен быць востры.
- Скурку на сцябле адсуньце на 2-3 см ад краю для атрымання максімальнай колькасці вільгаці.
- З той часткі сцябла, якая будзе ў вадзе, прыбярыце лішняе лісце, а з руж зрэжце шыпы. Гэтыя парады таксама можна ўжываць да загадзя набытых руж, якія трэба захаваць на 1-2 дні. Пасля праведзеных маніпуляцый кветкі можна загарнуць у паперу і змясціць у халадзільнік. Там яны застануцца свежыя і не завянуць без вады.
Вада
Каб букет даўжэй цешыў свайго ўладальніка, трэба яго змяшчаць у «падыходзячую» ваду.
- Праточную ваду з-пад крана выкарыстоўваць не рэкамендуецца. Найлепшы варыянт — дыстыляваная вада або адстояная 1-2 гадзіны без асадку.
- Тэмпература падбіраецца ў залежнасці ад пары года. У летні перыяд выкарыстоўвайце прахалодную ваду 12-15 градусаў, а з зімовы — пакаёвую.
Каб захаваць свежасць
- Штодня мяняйце ваду, а сцёблы падразайце на 1–1,5 см і прамывайце зрэз.
- Пульверызатарам з чыстай вадой апырсквайце кветкі, пры гэтым на бутоны не павінны трапляць відавочныя кроплі вады, інакш кветкі пачнуць гніць.
- Дадайце ў вазу на 1 л вады 0,5 таблеткі аспірыну. Замест аспірыну падыдзе лімонная кіслата (0,5 ч. л.) альбо воцат з цукрам (па 1 ст. л.) ці марганцоўка на кончыку нажа. Гэтыя сродкі знішчаць у вадзе мікраарганізмы і прадухіляць працэс гніення.
- Апусціце ў вазу медныя манеткі або сярэбраны прадмет. Яны запавольваюць рост шкодных мікраарганізмаў і даўжэй захаваюць свежасць кветкам.
- Новыя бутоны хутчэй раскрыюцца, калі выдаліць старыя і засохлыя кветкі, а ў вазу наліць трохі гарэлкі.
- Выкарыстоўвайце кансерванты, набытыя ў краме для садоўніцтва або прыгатуйце іх самастойна. Універсальны кансервант — сумесь адбельвальніка (1-2 кроплі) з цытрусавай газіроўкай (1 частка на 3 л вады), у якой прысутнічаюць кіслата і цукар.
- Зафіксуйце пялёсткі бутонаў і ніжнюю частку лісця лакам моцнай фіксацыі. Гэта не прадухіліць завяданне, але дапаможа захаваць кветкі ў прыгожым выглядзе.
- Ружы абароніць ад гніення вугаль або гліцэрына, якія дадаюцца ў вазу з вадой.
- Сцёблы цюльпанаў кожную раніцу караціце на 1 см і апускайце ў ледзяную ваду.
- Зрэзы гербер і калаў апрацуйце соллю, а сцёблы гваздзікоў апусціце ў спірт на 5-10 секундаў.