У Беларусі пачынае афіцыйную работу Пасольства Зімбабвэ. Пра гэта міністр замежных спраў Сяргей Алейнік заявіў журналістам паводле вынікаў перагавораў з міністрам замежных спраў і міжнароднага гандлю Зімбабвэ Фрэдэрыкам Шавай, паведамляе [2] БелТА.
«Відавочна, што дасягнутыя паміж прэзідэнтамі дзвюх краін прарыўныя дамоўленасці дазволяць вывесці наша супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень. Адной з такіх дамоўленасцяў было адкрыццё пасольства Рэспублікі Зімбабвэ ў Рэспубліцы Беларусь. Усе фармальнасці завершаныя, і сёння мы можам афіцыйна абвясціць аб пачатку яго працы», — сказаў Сяргей Алейнік.
Сяргей Алейнік распавёў, што падчас перагавораў з Фрэдэрыкам Шавай быў абмеркаваны практычна ўвесь спектр двухбаковых адносін. Бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях міжнароднага парадку дня, падпісалі па выніках перагавораў сумесную заяву.
«Мы задаволеныя дынамікай развіцця палітычнага дыялогу. У нас выбудаваная выразная і эфектыўная схема ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў і ведамстваў дзвюх краін. Мы падрабязна разгледзелі рэалізацыю дамоўленасцяў у гандлёва-эканамічнай сферы, у прыватнасці, ход выканання кантрактаў на пастаўку ў Зімбабвэ сельскагаспадарчай, пажарнай тэхнікі, будаўніцтва і мадэрнізацыю збожжасховішчаў», — адзначыў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.
Міністры таксама абмеркавалі супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, здабычы карысных выкапняў. У час перагавораў была закранута гуманітарная праблематыка, у прыватнасці, абмен вопытам у сферы аховы здароўя, аховы мацярынства і дзяцінства.
«Для нас важна, што Беларусь будзе працягваць уносіць свой уклад у дасягненне ўрадам Зімбабвэ мэтаў доўгатэрміновай стратэгіі развіцця краіны «Бачанне-2030», — заявіў Сяргей Алейнік.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gramadstva
[2] https://www.belta.by/politics/view/eto-otrazhaet-nash-uroven-druzhby-i-doverija-posolstvo-zimbabve-nachinaet-ofitsialnuju-rabotu-v-557600-2023/
[3] https://zviazda.by/be/tags/mzs
[4] https://zviazda.by/be/tags/zimbabve
[5] https://zviazda.by/be/tags/supracounictva