30 сакавіка 2023 года на 71-м годзе жыцця пайшла ў іншы свет сціплы і не чужы для Беларусі чалавек — кітаянка, якую ведалі многія беларускія пісьменнікі, журналісты, перакладчыкі... Сун Сяолань — дачка кітайскага перакладчыка, пісьменніка, вучонага, мастака, русіста і беларусіста Гаа Мана (1926 — 2017).
Будучы чалавекам самадастатковым, здольным на ўласныя здзяйсненні, Сун Сяолань доўгія гады жыцця прысвяціла догляду за хворымі бацькамі. Мне давялося сустракацца з ёю ў пекінскай кватэры Гаа Мана тройчы — у 2015 — 2016 гады. Яе ведалі беларускія пісьменнікі, журналісты, літаратуразнаўцы Навум Гальпяровіч, Мікалай Літвінаў, Вераніка Карлюкевіч, Дар’я Нечыпарук, шмат хто яшчэ. Яна ўражвала сціпласцю, гатоўнасцю дапамагчы ў вырашэнні любога пытання. Заўсёды цікавілася клопатамі гасцей Гаа Мана, спрыяла іх доўгім перамовам з вялікім кітайскім перакладчыкам, дапамагала знаходзіць той ці іншы артэфакт, тую ці іншую кнігу ў іх кватэры, якая ўяўялялася багатай бібліятэкай, багатым архівам, сапраўдным музеем сяброўства Кітая і Расіі і Беларусі.
Гаа Ман не валодаў камп’ютарам і Сун Сяолань дапамагала весці яму ліставанне з Беларуссю і ўсім светам. Дзякуючы ёй і ў сталым узросце вялікі кітайскі сябра Беларусі, які яшчэ ў 1958 годзе выдаў у Кітаі ў сваіх і Гэ Баоцюаня перакладах кнігу выбранай паэзіі Максіма Танка, прымаў у Пекіне беларускіх літаратараў, дзякуючы свайму багатаму архіву адказваў на ўсемагчымыя пытанні.
Пасля смерці Гаа Мана яго дачка рупліва займалася архівам свайго вялікага бацькі, разумеючы, што зробленае ім належыць кітайскай і сусветнай культуры. Літаральна незадоўга перад яе смерцю пабачыла свет вялікая, грунтоўная кніга пра Гаа Мана, у якой Сун Сяолань прыняла самы чынны ўдзел.
Светлая памяць пра добрага сябра Беларусі і беларускай культуры Сун Сяолань застанецца ў нашых сэрцах, нашай памяці.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/ales-karlyukevich
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/pekin
[5] https://zviazda.by/be/tags/gaa-man
[6] https://zviazda.by/be/tags/maksim-tank
[7] https://zviazda.by/be/tags/ge-baocyuan
[8] https://zviazda.by/be/tags/ales-karlyukevich
[9] https://zviazda.by/be/tags/navum-galpyarovich
[10] https://zviazda.by/be/tags/belarusist
[11] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya