У Маладзечанскiм аддзяленнi "Беллесавiя" на вялiкай карце Мiншчыны — напрамак маршруту самалёта-назiральнiка ў час аблёту лясных угоддзяў. Рэдка калi гэты маршрут бывае не парушаны. Лясныя ўзгараннi i пажары з'яўляюцца прычынаю змяняць курс i накiроўваць паветранае судна да небяспекi, якую толькi з паветра i можна дакладна вызначыць, а часам — i справiцца з ёй. У мiнулыя выхадныя днi, нягледзячы на лакальныя дажджы, лесапатруль маладзечанскага авiяаддзялення выявiў пяць узгаранняў у самых розных лясных куточках Мiншчыны i суседнiм з ёю Смаргонскiм раёне. Дзякуючы зладжанай прафесiянальнай працы лётчыкаў-назiральнiкаў гэтага падраздзялення "Беллесавiя" Уладзiмiра Ганчарова i Юрыя Клокава (на фота), iх хуткаму рэагаванню i своечасоваму паведамленню наземным службам МНС, вялiкiх лясных пажараў на падкантрольнай тэрыторыi не адбылося.
Не захапіла полымя ў свой страшэнны вынішчальны палон лес на беразе ракі Віліі каля Смаргоні, не нанесена шкода лесу ваеннага лясгаса ў Крупскім раёне, не здарылася экалагічная катастрофа ў лесе на поўдзень ад Барысава. Менавіта там і ў іншых месцах і былі выяўлены гэтыя ўзгаранні. Да гонару лесапатрулёў, усе ўзгаранні былі зафіксаваны менавіта імі. На жаль, авіятары не здольны ўстанавіць дакладную крыніцу пажараў, якой найчасцей бывае безадказны і неабачлівы чалавек.
— Найбольшая верагоднасць гэтых узгаранняў — менавіта чалавечы фактар, — кажа начальнік аддзялення Уладзімір Ганчароў (на фота)
. — Пачынаецца ягадны сезон, пайшлі першыя грыбы, і ў лесе з'явілася шмат ахвотных назапасіць дары прыроды. Многія людзі забываюць патушыць кінутую цыгарэту, якой бывае дастаткова, каб нанесці прыродзе непапраўную шкоду. Многія проста ігнаруюць правілы паводзін у лесе ў летні час.
620 кіламетраў складае зялёны ахоўны маршрут маладзечанскіх паветраных шукальнікаў небяспекі. Калі праляцець яго на самалёце АН-2 без адхіленняў, спатрэбіцца больш за чатыры гадзіны. А калі неабходна змяніць напрамак і імчацца да слупа дыму над лесам (а гэта, вядома, сведчыць пра небяспеку), тады маршрут павялічваецца. У спёку такая праца не нагадвае лёгкую паветраную вандроўку. Але менавіта ў спёку пілотам даводзіцца больш часу працаваць у паветры.
Пра вынікі працы ўсіх авіяаддзяленняў у мінулыя выхадныя паведаміў кіраўнік "Беллесавія" Анатоль Кротаў. На тэрыторыі Беларусі было выяўлена 13 лясных і балотных узгаранняў. З іх два ліквідаваны сіламі пажарных-дэсантнікаў. Большая частка ўзгаранняў па-ранейшаму прыходзіцца на паўднёва-ўсходнія і ўсходнія рэгіёны краіны.
Анатоль Кляшчук.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/bellesaviya
[5] https://zviazda.by/be/tags/minshchyna
[6] https://zviazda.by/be/tags/yuryy-klokau
[7] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-gancharou
[8] https://zviazda.by/be/tags/mns
[9] https://zviazda.by/be/tags/anatol-krotau
[10] https://zviazda.by/be/tags/smargonski-rayon