Незвычайны фестываль у Глыбокім
Памятаеце гісторыю, дзе барон Мюнхгаўзен стрэліў вішнёвай костачкай у аленя, а праз год у жывёліны замест рагоў на галаве вырасла сапраўднае вішнёвае дрэва? Дык вось, некаторыя глыбачане і зараз гатовы, не сумняваючыся, пацвердзіць гэты факт. Верыць у незвычайнае заўсёды хочацца. Менавіта таму "мюнхгаўзенскія" гісторыі маюць вялікую папулярнасць. Адчуць сябе бесклапотным і акунуцца ў атмасферу свята ў гэты дзень мог кожны. Карэспандэнт "Звязды" пабываў на першым у Беларусі "Вішнёвым фестывалі" ў Глыбокім, які 21 ліпеня адчыніў свае дзверы для ўсіх аматараў смачнай ягады. Чырвоны плод сапраўды стаў знакам горада Глыбокае. Яго сімвал панаваў у гэты дзень паўсюль. Нават прывакзальная кавярня сустрэла мяне вішнёвымі пірожнымі. На цэнтральнай плошчы з апоўдня пачаўся святочны канцэрт.
Паўсюль быў вішнёвы настрой — пачынаючы ад спецыяльна падабранай музыкі і заканчваючы тэматычна размаляванымі каналізацыйнымі люкамі і аўтобуснымі прыпынкамі. Некаторыя дзяўчаты таксама адзначалі сваю прыналежнасць да свята, апрануўшыся ў тон колеру гэтай ягады, другія проста ўпрыгожылі сябе вішнямі-значкамі ці вішнямі-завушніцамі.
Трэба адзначыць, што ідэя свята запоўніла ўвесь горад. Вішнёвыя атрыбуты пануюць не толькі ў цэнтры. Нават у крамах можна набыць нататнік і магніты з эмблемай фестывалю. Яшчэ адным новым вядомым брэндам новаспечанай вішнёвай сталіцы стала манументальна-дэкаратыўная скульптура "Вішанька", урачыстае адкрыццё якой таксама адбылося ў першы дзень фестывалю. Павіншаваўшы ўсіх з новым сімвалам горада, світа на чале з сапраўднай вішнёвай каралевай і кіраўніцтвам Глыбоцкага раёна накіравалася да галоўнай пляцоўкі. Свята прадоўжылася словамі падзякі жыхарам і гасцям горада, якія выразіў ідэйны кіраўнік "Вішнёвага фестывалю", старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Морхат: "Жадаю вам, паважаныя землякі і госці, цікавых сустрэч, карысных дыялогаў, творчага ўзлёту і душэўнай радасці, шчырых пачуццяў ад яшчэ адной значнай падзеі ў жыцці нашага горада, магчымасць стаць сведкамі якой нам дазволіў час. Шырокую дарогу — Вішнёваму фестывалю!".
Нагадаем, што "Вішнёвы фестываль" у Глыбокім працягнецца да 27 ліпеня. Так што ўсе ахвотныя яшчэ маюць шанц пабываць на свяце.
Надзея Бужан, фота аўтара.
Глыбокае.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/reparcer