...Яшчэ колькі гадоў таму гарачыя галовы прадказвалі, што са з'яўленнем інтэрнэту, электроннай пошты патрэба ў звычайнай адпадзе. Аднак усё аказалася не так проста. Паштовыя аддзяленні, як і раней, ніколі не пустуюць, а часам нават збіраюць "аншлагі". У любым выпадку, адсутнасць іх у мікрараёне становіцца для жыхароў сапраўднай праблемай. На шчасце — вырашальнай. У Мінску на вуліцы Іосіфа Жыновіча, 21 адкрылася аддзяленне сувязі з прыгожым нумарам 55.
Раніца аўторка вітала дажджом а то і залевай. Нягледзячы на гэта, мясцовыя жыхары ўсё ж-такі завіталі ў аддзяленне. Кожнага кліента паштавікі адразу ж, што называецца, бралі "ў абарот": паказвалі новае аддзяленне, расказвалі пра навацыі і дапамагалі атрымаць патрэбную паслугу. Здзіўленыя такой увагай, наведнікі пачыналі ўсміхацца і з радасцю заставаліся для ўдзелу ва ўрачыстых мерапрыемствах.
З-за дажджу вулічная, так бы мовіць, іх частка была зведзена да мінімуму: пасля кароткай прамовы пад апладысменты супрацоўнікаў чырвоную стужку разрэзалі намеснік генеральнага дырэктара РУП "Белпошта" па камерцыйных пытаннях Таццяна ГВОЗДЗЕВА
і начальнік вытворчасці "Мінская пошта" Віктар БУТРЫМ. У сваім вітальным слове Таццяна Мікалаеўна зазначыла, што за некалькі гадоў новы мікрараён Дамброўка моцна разросся, і патрэба ў сваім аддзяленні сувязі стала надзвычай актуальнай. "Добра, што ў прадпрыемства з'явілася фінансавая магчымасць, каб пайсці кліентам насустрач, — сказала яна. — Спадзяюся, што нашы паслугі для жыхароў мікрараёна зараз стануць не толькі даступнымі, але і камфортнымі. Хочацца таксама пажадаць поспехаў супрацоўнікам: сёння дождж, а гэта, кажуць, да фінансавага дабрабыту!".
Віктар Бутрым у сваім звароце да прысутных у асноўным аперыраваў лічбамі. Па яго словах, аддзяленне сувязі на вуліцы Жыновіча стала 20-м у Фрунзенскім раёне і 114-м у Мінску. Абслугоўваць яно будзе каля 19 тысяч чалавек. Акрамя таго, ён зазначыў, што ў бліжэйшы час запрацуюць пошты на вуліцах Адзінцова і Панчанкі.
Пасля ўрачыстага адкрыцця для гасцей мерапрыемства правялі невялікую экскурсію па аддзяленні. Тут працуе сістэма электроннай чаргі, а таму кліентам не прыйдзецца шукаць патрэбную касу і стаяць ля яе ў чаканні. Дарэчы, такі парадак павышае і ўзровень бяспекі, бо менавіта традыцыйныя жывыя чэргі з'яўляюцца ўлюбёным месцам "працы" кішэннікаў. Для хуткіх плацяжоў у памяшканні ўсталяваны інфакіёск.
Асобны стэнд для філатэлістаў знаходзіцца збоку ад кас — цяпер аматарам паштовых марак не прыйдзецца "прабівацца" да акенца, каб проста выбраць патрэбнае. Нельга забывацца і на стандартны спектр паслуг: у аддзяленні можна падпісацца на любімыя выданні, набыць канверты, адправіць пасылкі ці грашовыя пераводы і многае іншае.
Асобнае памяшканне — для аб'ёмных адпраўленняў. А гэта значыць, каб забраць вялікую бандэроль, кліенту не трэба будзе падымаць і перастаўляць яе ў агульнай зале. І наогул, аддзяленне зроблена так, каб зручна было і яго наведнікам, і персаналу: ёсць, напрыклад, сваё невялікае памяшканне для адпачынку — з лядоўняй, мікрахвалёўкай, чайнікам.
І наогул, у апошнія гады беларуская пошта зрабіла вялікі крок наперад у скарачэнні сярэдняга часу абслугоўвання кліента, хоць аператары і зазначаюць, што многія пенсіянеры прыходзяць на пошту не толькі па паслугі. Ім хочацца... пагаварыць, і, калі гэта не замінае іншым кліентам, паштавікі заўжды гатовыя выслухаць.
— Пошта ні ў якім разе не страчвае сваёй запатрабаванасці, — адказвае на наша пытанне Віктар Францавіч Бутрым. — Інтэрнэт не перашкаджае, а нават наадварот: зараз людзі робяць вельмі шмат пакупак з яго дапамогай, у тым ліку з-за мяжы. Набытыя тавары дастаўляем мы. Ды і звычайныя лісты, віншаванні, пераводы, пасылкі не страчваюць сваёй актуальнасці, многія людзі падтрымліваюць сувязь менавіта такім чынам. Вялікі працэнт займае дзелавая перапіска. Дарэчы, ужо сёлета мы ўвядзём у эксплуатацыю новы аўтаматызаваны комплекс на вуліцы Вакзальнай. Сартаванне будзе праходзіць без удзелу чалавека і значна скароціць час апрацоўкі лістоў. Аб'яўлены тэндар на закупку мультысартавальнай машыны для размеркавання нестандартных адпраўленняў і пасылак. Таму беларуская пошта запрацуе яшчэ лепш.
...Між тым, у аддзяленне сувязі пачынаюць падцягвацца ўсё новыя і новыя кліенты. Сваімі ўражаннямі дзеліцца Аксана, адна з жыхарак Дамброўкі:
— Гэта вельмі добра, што ў нас нарэшце з'явілася свая пошта. Ужо паўтара года тут жывём. Даводзілася ездзіць на вуліцу Прытыцкага: тры прыпынкі на аўтобусе, потым пешшу... А цяпер усё "пад бокам", вельмі зручна. Тым больш што паслугамі пошты наша сям'я карыстаецца вельмі актыўна: акрамя звычайных плацяжоў, мы часта атрымліваем пасылкі, выпісваем дзецям часопісы.
Застаецца спадзявацца, што са з'яўленнем новага аддзялення сувязі жыццё многіх мінчан сапраўды стане больш простым. Галоўнае, каб было каму хадзіць. Бо не адной электроннай поштай жыве чалавек.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/reparcer