Месяц таму давялося сутыкнуцца з сітуацыяй, калі кашалёк нечакана апусцеў за некалькі дзён да зарплаты. Тое, што ўжо паслязаўтра на картку пералічаць доўгачаканы заробак, справу не выратоўвала. Першая ідэя, якая прыйшла ў галаву, — абзваніць сяброў і паспрабаваць пазычыць крыху грошай. Аднак задума правалілася з трэскам. Хто сам быў «на мелі», а хто раіў запытацца праз некалькі дзён…
Зірнуўшы ў акно, убачыў на доме насупраць шыльду «Ламбард». Прыпомніўшы сёе-тое з твораў класічнай літаратуры, згадаў, што ва ўстановы такога кшталту людзі звярталіся яшчэ паўтара стагоддзя таму, калі іх фінансы таксама спявалі рамансы. «Што ж, калі нічога іншага не застаецца…» — з такой думкай пачаў аглядаць свой няхітры скарб у пошуках рэчы, якую можна было б аддаць пад працэнты на некалькі дзён. У якасці закладу абраў трохгадовы ноўтбук.
«А колькі б вы хацелі?»
У больш-менш крокавай даступнасці ад дома знайшоў ажно тры ламбарды. На першы погляд здаецца, што гэта даволі шмат. Але законаў рынкавай эканомікі ніхто не адмяняў. Адзін з законаў якраз і гаворыць, што колькасць якіхсьці кропак абслугоўвання залежыць ад іх запатрабаванасці ў грамадстве. Вынікам гэтага з'яўляецца канкурэнцыя за кліента.
Тым не менш, у першым ламбардзе чаргі не было ўвогуле.
— Добры дзень! Што хочаце здаць?
— Ці не прымеце ноўтбук?
— Уключыце…
Некалькі хвілін стаяла маўчанне.
— Як шмат вы за яго дасце?
— А колькі б вы хацелі?
— Мільёна паўтара, напрыклад.
— Ну не, гэта вы перагнулі крыху. Ноўтбук жа «слабенькі» па мерках сучаснай тэхнікі. Зараз такія не ў кожнай краме і сустрэнеш. А вось тысяч дзевяцьсот я вам дам.
«Дзевяцьсот тысяч — гэта каля сотні долараў. Тры гады таму ён абышоўся ў сем разоў даражэй», — з гэтай думкай я пакрочыў у два іншыя ламбарды. Але і там чакала расчараванне. У адным пагадзіліся даць мільён сто, а ў другім ноўтбук ацанілі ў восемсот тысяч. Нягуста.
Ламбард — гэта своеасаблівая разнавіднасць банка?
Крэдыты пад залог маёмасці ўзніклі шэсцьсот гадоў таму ў французскай правінцыі Ламбардыя (адсюль паходзіць і назва такіх устаноў). На беларускую зямлю ламбарды прыйшлі толькі праз чатыры з паловай стагоддзі. Першая такая ўстанова адчыніла дзверы 112 гадоў таму ў Мінску ў доме гарадскога ўпраўлення. Але праіснавала яна нядоўга. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі дзейнасць ламбардаў на былой тэрыторыі Расійскай імперыі была забаронена. Тым не менш ужо ў 1923 годзе ўлады пайшлі на кампраміс: усё-такі людзі мелі патрэбу ў спажывецкіх крэдытах, а маладой дзяржаве не хапала грашовых сродкаў. Так ламбарды з'явіліся зноў, але колькасць іх прыкметна знізілася. Сапраўдны росквіт устаноў, дзе выдаюць грашовыя крэдыты пад рэчы, пачаўся толькі на пачатку 1990 х.
— Пераважна кліентурай ламбардаў з'яўляюцца людзі ва ўзросце ад 25 да 35 гадоў. Нясуць на заклад амаль усё. А прычына адна — недахоп грошай. Трэба плаціць за кватэру, камунальныя паслугі… Здараецца і так, што камусьці няма за што элементарна дабрацца дадому. А хтосьці толькі-толькі стварае свой бізнес, — разважае загадчык аднаго з мінскіх ламбардаў Дзяніс Гулякевіч. — Браць крэдыт у банку пад вялікія працэнты на доўгі тэрмін многія не асмельваюцца, ды і атрымае яго далёка не кожны чалавек. Самі ведаеце, банку патрэбныя паручыцелі. А ламбард на гэтым фоне куды прывабней у плане хуткіх грошай. Працэнтная стаўка за захоўванне рэчы ў сярэднім адзін працэнт за дзень. Таму не рэдкасць людзі, якія наведваюцца ў ламбард ледзь не штодня, пачаргова здаючы і забіраючы сваю ўласнасць.
У сярэднім паслугамі ламбарда за суткі карыстаюцца каля 15—20 чалавек. Аднак яшчэ больш проста хочуць даведацца, у якую суму ацэняць яго рэч.
Як кажуць, тэатр пачынаецца з вешалкі, а ламбард — з ацэншчыка. Заходзіць у такую ўстанову можна толькі па адным — гэта закон. Патрабаванні да кліента простыя. Ён павінен быць паўналетнім, у адэкватным стане і мець пашпарт. Падпісваючы дагавор, чалавек гарантуе, што рэч належыць яму. Бо калі высветліцца, што тавар быў украдзены, то ламбард абавязкова падае супраць злодзея судовы іск з за страчанага прыбытку. Пры найгоршым раскладзе справа можа дайсці і да рэальнага тэрміну зняволення за махлярства.
Тое, што ацэншчык прапаноўвае суму, меншую за кошт такога ж тавару ў краме, тлумачыцца вельмі проста. Ламбард зыходзіць з таго, што рэч не будзе выкуплена своечасова. Пятнаццаць дзён яна будзе захоўвацца ў любым ламбардзе. Дзе-нідзе ідуць насустрач кліенту, і тэрмін падаўжаецца яшчэ на трыццаць дзён. Але і максімальная пераплата тады складзе 45 працэнтаў. Усё гэта пазначана ў залогавым білеце, які кліент атрымлівае ўзамен.
— Калі ж уласнік рэч не выкупляе і праз гэты тэрмін, то лёс яе прадвызначаны — продаж на электронным аўкцыёне. З «малатка» другіх гаспадароў хутчэй за ўсё знаходзяць планшэты, ноўтбукі і мабільныя тэлефоны. Радзей удаецца прадаць тэлевізары і персанальныя камп'ютары, — працягвае Дзяніс Гулякевіч. — А вось пры спробе здаць пад заклад фотаапарат-«мыльніцу» ці лічбавы дыктафон шанц пачуць адмову ўзрастае ў разы. Прычына гэтага крыецца ў нізкай ліквіднасці такіх тавараў на другасным рынку. А на склад ламбард, вядома, працаваць не стане. Менавіта таму ацэншчыкі бяруцца толькі за тыя прадметы, якія можна будзе пасля хутка збыць. Між іншым, колькасць такіх «забытых» рэчаў можа дасягаць амаль 50% ад усіх здадзеных.
«Прапаноўвалі здаць нават авіяцыйную турбіну»
Пальма першынства па прапанове рэчаў належыць разнастайнай бытавой тэхніцы — мабільным тэлефонам, планшэтам, тэлевізарам, ноўтбукам, люстэркавым фотаапаратам… Аднак трэба ведаць, што не кожны ламбард рызыкне ўзяць бытавую тэхніку, старэйшую за два гады. Прагрэс на месцы не стаіць — рэгулярна на рынку з'яўляюцца новыя, больш магутныя мадэлі. Ранейшая тэхніка аўтаматычна становіцца састарэлай і пачынае таннець — вытворцу ж трэба разгрузіць склады…
Методыка ацэнкі апаратаў залежыць ад іх камплектацыі. Напрыклад, за ноўтбук з зараднай прыладай і батарэяй дадуць куды больш грошай, чым без іх. Ацэншчык высвятляе канфігурацыю ўстройства і правярае, які цэннік вісіць на падобнай мадэлі ў інтэрнэт-крамах. Аднак на суму, большую за палову кошту ад апарата на другасным рынку, разлічваць не варта ў любым выпадку.
— Многія кліенты не разумеюць, чаму яны набылі ноўтбук за 8 мільёнаў, а мы гатовы даць за яго паўтара-два, — разважаедырэктар аднаго з мінскіх ламбардаў Дзяніс Райкевіч. — Па-першае, у звычайных крамах электроніка, як правіла, крыху даражэйшая, чым у інтэрнэце. А пры разліку залогавай сумы мы кіруемся менавіта мінімальным коштам. З гэтага вынікае другая прычына: калі рэч, якая была ў карыстанні, пойдзе на аўкцыённыя таргі, то яе элементарна не набудуць па кошце, вышэйшым за магазінны.
А вось цана на каштоўныя металы фіксаваная. Яе ўстанаўлівае спецыяльным дакументам Міністэрства фінансаў. Часцей за ўсё ў ламбард людзі прыходзяць з ланцужкамі ды пярсцёнкамі з золата 585 й ці 583 й пробы. У такім выпадку кліент атрымае за кожны грам каштоўнага металу 186 тысяч 550 рублёў — як і ў звычайнай скупцы золата. Але, у адрозненне ад скупкі, ён можа забраць упрыгажэнне, заплаціўшы працэнты.
Аднак на паліцы ламбарда можа адправіцца не толькі тэхніка ці дарагія ўпрыгажэнні альбо музычны інструмент. Дзяніс Райкевіч згадвае, што аднойчы ім па тэлефоне прапанавалі… авіяцыйную турбіну.
— Цяжка сказаць, быў гэта жарт ці не. Калі паглядзіш крымінальную хроніку па тэлевізары, дык, здаецца, чаго толькі ў нашых людзей не знаходзяць.
А ўначы ў ламбард заглядваюць візіцёры пераважна з мінскіх начных клубаў. Шмат хто здае дарагія залатыя ўпрыгажэнні, бранзалеты, ланцужкі, пярсцёнкі, новыя мабільныя тэлефоны, дарагія планшэты. Аднак, як правіла, здадзеная ўначы рэч доўга на паліцах не залежваецца — ужо раніцай яе выкупае назад уласнік.
На часовае захоўванне можна здаць нават і аўтамабіль. Але не кожны. Калі ўлічыць, што сярэдні ўзрост аўтапарку на Беларусі складае прыкладна каля дзесяці гадоў, то значная частка машын «дрэс-код» у ламбардзе не пройдзе.
— Працэдура ацэнкі аўтамабіля простая, — тлумачыць Дзяніс Райкевіч. — Мы робім яго агляд, высвятляем усе падрабязнасці аб амартызацыі, правяраем асноўныя вузлы і агрэгаты. Кваліфікаваны майстар робіць гэта вельмі аператыўна, ніякіх таямніц для ўласніка аўто мы штучна не ствараем. Аб рынкавым кошце патрыманага аўтамабіля мы даведваемся з дапамогай буйнейшых інтэрнэт-аўтабарахолак краіны. Сума, якую кліент атрымае на рукі, будзе меншай прыкладна на трыццаць працэнтаў. Закласці можна не кожны аўтамабіль. Ён павінен сысці з канвеера не раней за 2000 год. Аўто расійскай вытворчасці мы таксама не прымаем — зноў жа, гэтую ўмову нам дыктуе рынак, дзе пакупнікі больш прыхільна ставяцца да машын замежнага паходжання. Але, як ні дзіўна, мы яшчэ не сутыкаліся з тым, каб аўтамабілі трэба было прадаваць праз аўкцыён. Усё-такі чалавек жадае хутчэй вярнуць сабе маёмасць, якая каштуе не адну тысячу долараў.
Закладваць свой ноўтбук за мільён мне ўсё ж не давялося. Жаданыя 200 тысяч рублёў нечакана знайшліся — банкнота правалілася ў куртцы за падкладку ва ўнутранай кішэні. Але вандроўка па мінскіх ламбардах мне падалася цікавай. Здаецца, што відавочных плюсоў у такіх установах куды больш, чым мінусаў. Хаця б у тым, што ад фінансавых праблем не застрахаваны ніводны чалавек… І тады яму ёсць куды падацца па дапамогу.
Валяр'ян ШКЛЕННІК
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/valyaryan-shklennik
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/tags/poglyad
[4] https://zviazda.by/be/tags/lambard
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyanis-raykevich