[2]Дзяржзаказ дазволiць iльготнiкам атрымлiваць ужо гатовае жыллё
Для грамадзян з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў, якiя маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, у 2014 годзе плануецца пабудаваць 2,5 млн кв. метраў жылля. Менавiта ў наступным годзе пачне рэальна дзейнiчаць сiстэма дзяржзаказу, калi па гэтай лiнii плануецца пабудаваць не менш як 1 млн кв. метраў жылля. Як на практыцы будзе дзейнiчаць механiзм дзяржзаказу i якiя плюсы ён мае? На гэтае i iншыя пытаннi жыллёвага будаўнiцтва карэспандэнту "Звязды" адказвае першы намеснiк мiнiстра архiтэктуры i будаўнiцтва Беларусi Iрына АРХІПАВА.
— Наколькi вядома, сiстэма дзяржаўнага заказу выключае ўдзел грамадзян у iнвестыцыйным этапе будаўнiцтва жылля...
— Так. Згодна з нормамi адпаведнага ўказа кiраўнiка дзяржавы, цяпер унiтарныя камунальныя арганiзацыi бяруць крэдыт пад будаўнiцтва жылых дамоў на льготных умовах у Беларусбанку. Ужо ўзгоднены пералiк жылых дамоў, уключаных у гэты дзяржзаказ. Будаўнiцтва дамоў ажыццяўляецца ў нарматыўны тэрмiн з наступным пераафармленнем кватэр, пасля ўвядзення iх у эксплуатацыю, на грамадзян, якiя маюць права на атрыманне дзяржаўнай падтрымкi паводле ўказа № 13.
— Атрымлiваецца, што цяпер "чаргавiк" будзе звяртацца ў мясцовы выканкам не для атрымання прапановы на будаўнiцтва нейкага дома, а "па ключы" ўжо гатовай кватэры?
— Будзе прыкладна так.
— Звычайна кааператыў забудоўшчыкаў, яшчэ на стадыi будаўнiцтва дома, арганiзоўваў на агульным сходзе выбар паверха будучай кватэры кожнага члена ЖБСК. Як з гэтым момантам будзе цяпер?
— Гарадскiя ўлады разам з УКБ раёнаў арганiзуюць справядлiвае размеркаванне кватэр па паверхах i канкрэтнай дакладнай плошчы жылых памяшканняў. Верагодна, што там будзе ўлiчвацца i прынцып сацыяльнай справядлiвасцi (маецца на ўвазе дата пастаноўкi на жыллёвы ўлiк, сацыяльны статус сям'i i iншыя нюансы).
— Пад гатовае жыллё людзям будуць выдаваць iльготныя крэдыты на iснуючых цяпер умовах?
— Так. Умовы льготнага крэдытавання акрэслены ўказам № 13 кiраўнiка дзяржавы. Тут нiчога не змянiлася. Аднак... Раней у пачатку будаўнiцтва клiент не ведаў, колькi грошай яго жыллё будзе каштаваць на фiнiшы i цi не трэба яму яшчэ дакрэдытоўвацца. Вельмi актуальнай гэтая праблема была ў час моцнай iнфляцыi, калi назiралася сур'ёзнае падаражанне будматэрыялаў i энерганосьбiтаў.
Цяпер, пры атрыманнi кватэры, чалавек будзе дакладна ведаць, колькi яго жыллё каштуе.
— Сапраўды, гэта спросцiць людзям механiзм фiнансавання атрыманага жылля. Тут вiдавочны плюс. Аднак цi не павялiчыцца агульны кошт жылля ў структуры дзяржзаказу — у параўнаннi са старым механiзмам iльготнага крэдытавання будаўнiцтва?
— Кошт жылля не залежыць ад спосабу будаўнiцтва, але... Па сiстэме дзяржзаказу жылыя дамы будуць уведзены ў эксплуатацыю дакладна па графiку нарматыўных тэрмiнаў будаўнiцтва. Тэрмiны будаўнiцтва жылых аб'ектаў, з вызначанага пералiку тых эканамiчных дамоў, якiя рэкамендавана ўзводзiць па дзяржзаказе, звычайна здаюцца ў эксплуатацыю ў тэрмiн да года.
— Праблема даўгабудаў сёння самая актуальная ў галiне...
— Так. Сёння ў жыллёва-будаўнiчых кааператывах, якiя сталi праблемнымi па тэрмiнах будаўнiцтва, ад 40 да 80 працэнтаў сем'яў з'яўляюцца чаргавiкамi з iльготным крэдытаваннем. Астатнiя члены ЖБК з'яўляюцца асобамi з патрэбай у паляпшэннi жыллёвых умоў, але без права атрымлiваць дзяржпадтрымку. Менавiта ў гэтай катэгорыi людзей у апошнiя складаныя часы ўзнiкалi праблемы з фiнансаваннем будаўнiцтва. Падрадчыкi жылога аб'екта ў гэтых выпадках не маюць магчымасцi рытмiчна будаваць такi жылы дом, бо ён у агульным аб'ёме фiнансуецца дрэнна. У такiх сiтуацыях будаўнiчыя арганiзацыi не вiнаваты ў стварэннi праблемных дамоў.
На наш погляд, стварэнне сiстэмы дзяржзаказу засцеражэ i будаўнiчыя арганiзацыi ад нерытмiчнага фiнансавання, i чаргавiкоў — ад розных праблем у будаўнiцтве цi ад змяненняў умоў (кошту) будаўнiцтва на розных этапах узвядзення дамоў.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/09/6-28.jpg
[3] https://zviazda.by/be/tags/zvyazda-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/iryna-arhipava-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhzakaz