Цікава, колькі фотаздымкаў за год робіць сучасны чалавек? Гэта складана падлічыць нават брытанскім вучоным, з улікам таго, што фатаграфія з хітрай навукі зрабілася заняткам будзённым і даступным ці не для кожнага. Мы здымаем на фотакамеры і мабільныя тэлефоны, на планшэты і веб-камеры... Ды што казаць, з'явіліся нават «разумныя» халадзільнікі, спалучаныя з лічбавымі фотарамкамі!
Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму стаўленне да працэсу фатаграфавання было зусім іншым. Памятаеце — паход у фотаатэлье ператвараўся ў цэлы рытуал: жанчыны падбіралі ўбор і прычоску, дзецям куплялі новыя боцікі, бацьку — гальштук, і выходзілі з дома такія прыгожыя і важныя... Потым атрыманы адрэтушаваны фотаздымак акуратна ўкладвалі ў альбом ці вешалі ў рамцы на сцяну. Здымкі сябрам і родным падпісвалі: «На доўгую памяць». А што цяпер? Усё менш людзей друкуюць фота на паперы, захоўваючы іх у лічбавым фармаце, а фотасалон наведваюць, хіба што калі трэба тэрмінова зрабіць картку на пашпарт...
Выбраць са стоса старых фотаздымкаў найбольш дарагія для памяці, згадаць звязаную з імі гісторыю (а можа, і не адну) — гэта мы і прапануем зрабіць вам, шаноўныя чытачы. Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры здымкі) дасылайце на рэдакцыйную пошту альбо электронную скрыню іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны каштоўным прызам.
Увага! Да ўдзелу ў конкурсе НЕ ПРЫМАЮЦЦА вясельныя фотасесіі, леташнія здымкі з курорта і сучасныя фота дзяцей.
Вось якія здымкі і звязаныя з імі ўспаміны даслала наша пастаянная чытачка Соф'я Кусянкова з вёскі Лучын Рагачоўскага раёна.
«...Пасляваенныя здымкі вызначаюцца па фоне — такая была манера. Часцей за ўсё фонам служыла саматканая посцілка. Можна паглядзець, якім ты быў у дзяцінстве, і адначасова ўбачыць манеру ткацтва ў пэўным рэгіёне... Вось мы з Лёнчыкам (фота 1956 года) на фоне посцілкі ў 16 нітоў (дарэчы, у 16 нітоў магла выткаць толькі добрая ткачыха, далёка не кожная). Лёнчык — гэта брат Аляксей. Я яго так звала, бо трэба было падлізвацца, каб узяў з сабой «на рыбу». Выконвала ўсё, што казаў: падносіла «чарв'якоў», з кручкамі запаснымі напагатоў стаяла, калі абрываліся, пільнавала злоўленую рыбу... Дарэчы, і цяпер сярод блізкай радні брата ўсе завуць Лёнчыкам. Хоць яму ўжо 64 і ён вялізны дзядзька...
Пра што яшчэ згадваю, гартаючы старыя здымкі? Пра ткацкія прылады. Бацька быў добры сталяр. Усё рабіў сам — і кросны, і навоі, і прасніцу, і панажы — акрамя хіба што бёрда. А зроблена было ўсё з клёна, ды так добра, што нашы кросны для работы бралі і іншыя жанчыны.
Вось фота маёй мамы, Марфы Калінічны (1983). Не скажу, што здымак тэхнічна якасны. Але ж яна — прыгажуня. Помню, яна шкадавала, што ў яе фотаздымкаў бацькоўскіх не было, заўсёды казала: «Во, каб пабачыць маму — хоць бы ў дзірачку...». Ды ці мала што яшчэ яна казала, што мы не заўсёды чулі. Мы думалі, што мы разумнейшыя. А на самай справе бацькі былі нашмат мудрэйшыя, чым мы лічылі. Колькі я даведалася ад іх гістарычных звестак і таямніц!
Цяпер я — пры не зусім апошнім лічбавым фотаапараце. І не трэба палка, каб выгнаць здымаць у мілыя сэрцу мясціны. Многа здымаю, тым больш мясціны ў нас сапраўды прыгожыя. Але ж нават краявіды з часам мяняюцца, таму здымкі нават 5-10-гадовай даўніны паўтарыць ужо нельга. Адным словам, трэба здымаць: каб захаваць памяць, імгненне. Бо ўсё мяняецца. А фота застаецца і робіцца гісторыяй».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta