У Беларусі ўпершыню пройдзе злёт самаробных самалётаў, дэльтапланаў, парапланаў, параматораў з мэтаю паказаць і аб'яднаць пілотаў-аматараў. Адбудзецца пасяджэнне тэхнічнай камісіі, на якім пройдзе агляд лятальных апаратаў і выдача сертыфікатаў, якія пацвярджаюць бяспеку апарата і яго здольнасць да палёту.
Рыхтуецца да гэтай доўгачаканай падзеі і жыхар Смалявіч Дзмітрый Палевіч.
Ён скончыў курсы лётчыкаў звышлёгкай авіяцыі, прайшоў медыцынскую камісію і даводзіць свой мотадэльтаплан да палётнай гатоўнасці.
— Я спадзяюся, што нарэшце пазнаёмлюся з большасцю беларускіх дэльтапланерыстаў. Нам будзе пра што пагаварыць, павучыцца адно ў аднаго майстэрству палётаў, падзяліцца досведам па ўдасканаленні канструкцый крыла, рухавіка і кабіны пілота, — кажа Дзмітрый, на хвіліну адрываючыся ад шліфоўкі дэталяў рухавіка. — Па сутнасці, дэльтаплан — той жа матацыкл, толькі ў паветры.
Па адукацыі Дзмітрый тэхнік-механік, але цяпер працуе прарабам на будоўлі. Жаданне лятаць у яго з'явілася яшчэ ў пачатку дзевяностых гадоў. А паднімацца ў неба навучыў больш спрактыкаваны сябра. Але толькі праз 15 гадоў набыў свой уласны дэльтаплан, удасканаліў яго і пачаў трэніровачныя палёты.
Гэты своеасаблівы авіясалон пройдзе з 27 па 30 верасня каля аграгарадка Калачы Лагойскага раёна. Адбудуцца паказальныя палёты, узнагароджанне лепшых пілотаў дыпломамі.
— Важна, што паветраных «байкераў» нарэшце афіцыйна прызнаюць і нам будзе дазволена здзяйсняць палёты ў розных рэгіёнах краіны, — кажа Дзмітрый Палевіч.
На фотаздымку: Дзмітрый ПАЛЕВІЧ і яго 4-гадовы сын Цімафей у час падрыхтоўкі дэльтаплана ў двары свайго дома ў Смалявічах.
Анатоль КЛЯШЧУК. Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/anatol-klyashchuk
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/zlyot-samarobnyh-samalyotau
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-palevich