Роўна год таму адзін са шматлікіх ваўкавыскіх грамадскіх сайтаў паведаміў, што інтарэсы выбаршчыкаў Ваўкавышчыны ў вышэйшым прадстаўнічым і заканадаўчым органе краіны цяпер будзе прадстаўляць Аляксандр Іванавіч Сягоднік. «Як жа ён будзе прадстаўляць інтарэсы зямлі ваўкавыскай?» — задаваўся пытаннем аўтар паведамлення, нагадваючы перадвыбарны лозунг новага дэпутата «Праз дабрабыт кожнага да дабрабыту ўсіх» і яго пасаду начальніка ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама. І пералічваў якасці, неабходныя для заваявання даверу электарату: прафесіяналізм, годнасць і смеласць.
Прафесіяналізм
— Калі падчас перадвыбарнай праграмы чуў скептычнае: маўляў, зноў «не свой» чалавек балатуецца ў парламент, а прадстаўнік вертыкалі — сам сабе ўсміхаўся. Бо разумеў, што як чалавек, які добра ведае ўсе ўладныя калідоры знутры, змагу прынесці рэальную карысць раёну і гораду. Магу асабіста звярнуцца да губернатара, у добрых адносінах з начальнікамі ўпраўленняў аблвыканкама, а падчас перадвыбарнай кампаніі сустрэўся практычна са 130 калектывамі Ваўкавышчыны — ад пошты да сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, каб дасканала вывучыць праблемы сваёй акругі, — кажа намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Аляксандр СЯГОДНІК.
Мы сустрэліся ў Ваўкавыску. Тры гадзіны шляху на аўтамабілі з Мінска, празрысты восеньскі дзень, сучасны райцэнтр...
У Цэнтры творчасці ўжо сабраліся старшакласнікі гарадскіх і сельскіх школ — Ваўкавыскі моладзевы парламент. Першы працоўны дзень пасля адпачынку Аляксандр Сягоднік вырашыў пачаць менавіта з сустрэчы са сваімі юнымі калегамі.
— Сёлета мы плануем набраць 127 гурткоў, дзе будуць займацца больш за паўтары тысячы дзяцей як у самім Цэнтры, так і на базе школ і іншых арганізацый, — расказвае дырэктар Яўгенія ВАЛЫНЕЦ. — У асноўным гэта дэкаратыўна-прыкладная і мастацкая творчасць. Асаблівы прадмет гонару — тэатр моды «Спадчына», які ўжо двойчы пацвердзіў званне ўзорнага калектыву.
Аляксандр Сягоднік, зазірнуўшы ў майстэрню «Спадчыны», нагадаў пра папраўкі ў закон аб народнай творчасці, народных промыслах (рамёствах), якія былі прыняты парламентам сёлета. Цяпер на дзяржаўную падтрымку могуць разлічваць і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія выкарыстоўваюць традыцыйныя мастацка-тэхнічныя прыёмы па апрацоўцы натуральных матэрыялаў. Гэта значыць, што дзеці, якія ў гэтых сценах навучаюцца традыцыйным беларускім тэхнікам, маюць добры «зачын» для заўтрашняга дня: яны гарантавана змогуць сябе забяспечыць пры любой сітуацыі на рынку працы.
— Калекцыі ваўкавыскага тэатра моды «Спадчына» беспамылкова пазнаю на любых мерапрыемствах рэспубліканскага маштабу, — з гонарам заўважыў дэпутат.
Аляксандр Сягоднік, між іншым, курыраваў законапраект аб народных рамёствах у Палаце прадстаўнікоў, але на гэты раз галоўная мэта яго візіту ў Цэнтр творчасці — Моладзевы парламент.
Годнасць
Моладзевы парламенцкі рух — з'ява ў Беларусі адносна новая. Першыя выбары ў Моладзевы парламент пры Ваўкавыскім раённым Савеце дэпутатаў адбыліся ў маі 2012 года. Былі абраны 24 амбіцыйныя старшакласнікі, якія вырашылі зрабіць нешта карыснае для сваёй акругі і ўсяго Ваўкавыскага раёна.
— Напрыклад, я ў сваёй перадвыбарнай праграме пісаў пра ўкараненне інфармацыйных тэхналогій у школах і пабудову Лядовага палаца ў горадзе, — расказаў старшыня Ваўкавыскага моладзевага парламента Артур СІТКО. — Калі шчыра, мы спачатку не разумелі, якім чынам зможам на гэта паўплываць. Але нам цікава паспрабаваць.
Аляксандр Сягоднік расказаў маладым людзям пра тое, што самому ўдалося і што не ўдалося зрабіць для акругі за першы год дэпутацтва.
— На жаль, пабудаваць у Ваўкавыску Лядовы палац у бліжэйшы час не атрымаецца, — канстатаваў старэйшы калега. — А вось наконт таго, каб давесці да ладу ўсе гарадскія стадыёны, удалося дамовіцца, і гэта ўжо запланавана на наступны год. Разам з райвыканкамам мы распрацавалі праграму прывядзення ў парадак дарог і дваравых тэрыторый. Каля 126 км дарог патрабуюць значных фінансавых укладанняў. Але ўжо адрамантаваны праспект Ракасоўскага, падводзяцца камунікацыі ў пасёлак сядзібнай забудовы, які прымыкае да горада. Нарэшце, завяршылі «бясконцы» рамонт гарадскога кінатэатра «Юнацтва». І цяпер ваша задача — прапанаваць цікавае для моладзі выкарыстанне гэтай пляцоўкі.
Аляксандр Сягоднік прыйшоў на сустрэчу са старшакласнікамі разам з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Ваўкавыскага раёна Мікалаем Ярмолікам і намеснікам дырэктара Парка высокіх тэхналогій Аляксандрам Марцінкевічам. Першы адказваў на пытанні пра будучую ўступную кампанію, а другі прапанаваў Моладзеваму парламенту распрацаваць і ўкараніць у сваёй працы сістэму электроннага ўрада. Дарэчы, наш карэспандэнт таксама прапанавала маладым парламентарыям ідэю — ажыццявіць інфармацыйнае асвятленне праблемы знакамітых мелавых кар'ераў пад Ваўкавыскам.
Пасля Цэнтра творчасці Аляксандр Сягоднік наведаў ваўкавыскую гімназію №2, якая прафілюецца на інфарматыцы і замежных мовах. Тут ёсць кабінеты, якім можа пазайздросціць любая сталічная школа. Летась Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы не без пасрэдніцтва дэпутата падарыў гімназіі мабільны камп'ютарны клас. Аляксандр Сягоднік наведаў урок гісторыі, на якім дзеці і настаўніца замест падручнікаў карысталіся ноўтбукамі. Не менш цікавым аказаўся і кабінет біялогіі з інтэрактыўнай дошкай і зімовым садам-музеем.
Зазірнуў Аляксандр Іванавіч і ў пачатковы клас, каб спытаць дзяцей, што яны думаюць пра новы прадмет школьнага інтэр'еру — парту-канторку, прадпісаную санітарна-эпідэміялагічнай службай у мэтах прафілактыкі скаліёзу і для камфорту гіперактыўных малых. Дзеці ў адзін голас заявілі дэпутату, што гэта... парта для тых, хто дрэнна сябе паводзіць. Сумніўна, што пры такім разуменні прызначэння «канторкі» выдаткі бюджэту на выкананне новага прадпісання санітарных службаў будуць апраўданы. Магчыма, распрацоўшчыкам варта было б паклапаціцца і пра псіхалагічнае ўспрыняцце новаўвядзення.
Смеласць
Было відавочна, што ў навучальных установах Аляксандр Сягоднік адчувае сябе ў сваёй стыхіі. Яго шануюць як былога свайго начальніка і дарадцу. Асабліва гэта было прыкметна ў дзіцячым доме, куды дэпутат завітаў з традыцыйнымі падарункамі — на гэты раз кнігамі. І педагогі, і дзеці сустракалі свайго апекуна са шчырымі ўсмешкамі і словамі падзякі.
Аднак ёсць у Ваўкавыску аб'ект, да якога парламентарый асабліва неабыякавы. І гэта не школа, а Цэнтральная раённая бальніца. Пяць разоў мясцовыя ўлады прыступалі да будаўніцтва новага бальнічнага корпуса, у якім жыхары раёна маюць вострую патрэбу. Справа ў тым, што сёння раённая бальніца размешчана ў асобных невялікіх будынках, пераважна аднапавярховых, якія, магчыма, былі пабудаваны больш за 100 гадоў таму — у колішніх казармах, канюшнях і псярнях.
— Мала таго, што яны аджылі сваё... Але яшчэ і ўявіце сабе, наколькі складана чалавека пасля, скажам, аперацыі, якая праходзіла ў адным будынку, перавозіць праз вуліцу ў палату, якая знаходзіцца ў іншым, — расказаў дэпутат. — Таму яшчэ падчас перадвыбарнай кампаніі я абмяркоўваў з губернатарам магчымасці вылучэння сродкаў на гэты праект. Каб прыступіць да яго, патрэбна была смеласць, бо праект каштуе каля 167 млрд рублёў. На гэты год было вылучана каля 30 млрд, і да канца года корпус на 260 ложкаў павінен быць пад дахам. Да канца 2014-га новую бальніцу плануецца ўвесці ў эксплуатацыю. Падрадчык — «Гроднапрамбуд» — будуе з апераджэннем графіка. Зараз вяду перамовы з міністэрствам аб вылучэнні сродкаў на абсталяванне.
Поспех работы дэпутата ў акрузе ў многім залежыць ад якасці дыялогу з мясцовай уладай, лічыць Аляксандр Сягоднік. Калі такі дыялог удаецца наладзіць, то і складаныя пытанні вырашаць лягчэй. Важнае значэнне мае і пазіцыя дэпутата. Актыўны парламентарый карысны і для выбаршчыкаў, і для мясцовых кіраўнікоў, бо дзякуючы яму імя рэгіёна часцей гучыць і ў высокіх кабінетах, і ў прэсе, і ў Авальнай зале парламента, куды прыходзяць для справаздачы і адказу на пытанні члены ўрада.
— Разумею, што многія праблемы наскокам не вырашыць, — кажа прадстаўнік Ваўкавышчыны ў вышэйшым заканадаўчым органе краіны. — Для мяне важна прынцыпова дамовіцца з уладай пра тое, у якім кірунку рухацца. У мяне і ў мясцовага начальства могуць быць розныя меркаванні, яны могуць быць розныя і сярод саміх дэпутатаў, аднак важна прыходзіць да паразумення. Думаю, канфлікт тут прынясе менш карысці, чым жаданне разам знайсці выйсце».
Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Ваўкавыск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/volga-myadzvedzeva
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/tags/belarus
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/vaukavysk
[6] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-ivanavich-syagodnik
[7] https://zviazda.by/be/tags/artur-sitko