Маладая дзiцячая пiсьменнiца Наталля Iгнаценка не толькi пiша кнiжкi. Яна прыдумала i сама стварае адмысловыя iнсталяцыi, якiмi суправаджае кожную прэзентацыю новай казкi. I дзецi ад iх застаюцца ў захапленнi! Апошнiя 17 гадоў Наталля жыве ў Расii (7 — у Санкт-Пецярбургу i 10 — у Маскве), аднак паспяхова выдаецца i ў нашай краiне, якую па-ранейшаму лiчыць роднай. Карэспандэнт "Звязды" папрасiла Наталлю Iгнаценку раскрыць сакрэты яе iнсталяцый, расказаць, цi лёгка гадаваць уласных дзяцей, а таксама даведалася, што рабiць, калi яны занадта шмат "сядзяць" у сецiве...
— Наталля, цяпер вы жывяце ў Расii, аднак нарадзiлiся ў Беларусi. Што яднае вас з нашай краiнай?
— Гэта мая Радзiма, у мяне аж сэрца замiрае, калi згадваю пра яе. А беларускiя лясы, калi еду мiж iмi па дарозе, такiмi роднымi i чыстымi здаюцца. У мяне тут каранi i карэньчыкi. У Быхаве жыве мой родны дзядзька, у Магiлёве — усе сябры, як школьныя, так i ўнiверсiтэцкiя.
— Якiмi вам згадваюцца тыя часы, калi жылi ў Беларусi?
— Я была такой узорна-паказальнай пiянеркай, праўда, з камсамолам у мяне не вельмi складвалася. Тады ўсё было лагiчна: калi добра вучышся — паступаеш ва ўнiверсiтэт, паспяхова скончыў — атрымлiваеш нядрэнную працу. Хоць, зразумела, усюды была ўраўнiлаўка. Я сумую па тых часах — мне было лёгка. Хаця ў мяне такi характар, што мне пры любой палiтычнай сiстэме будзе добра. Бо я чалавек, якi заўсёды нешта робiць. Проста так не сяджу, нiколi не сумую. То пiшу, то малюнкi-iлюстрацыi ствараю, то з дзецьмi займаюся... Вядома ж, люблю чытаць. Таму я не прападу нi пры якiх абставiнах (смяецца).
— Раскажыце, як узнiкла iдэя iнсталяцый, якiя суправаджаюць вашы творы падчас iх чытання?
— Калi сталi выходзiць кнiжкi, з'явiлася патрэба выступаць перад дзецьмi. Уявiць сабе, што чалавек прыйдзе i будзе чытаць вершы перад малымi — гэта нудота. Таму я вырашыла выкарыстоўваць нагляднасць: iлюстрацыi — для кнiг, а для выступаў — нешта накшталт спектакля. Падчас шматлiкiх паездак я назбiрала шмат розных фiгурак. Атрымалася, што першыя iнсталяцыi з iх i зрабiла — мала што прыйшлося дакупляць, амаль усё я мела. "Дамавiчок"— iнсталяцыя па другой казцы — гэта ўжо больш сур'ёзная праца, бо вельмi шмат усяго даводзiлася рабiць рукамi — набыць прадметы было нерэальна. Аднак вынiк усё апраўдаў: пастаноўкi праходзяць "на ўра", як мiнi-спектаклi. Я заўважыла, што дзецi нават на мяне не звяртаюць увагi, а глядзяць у каробачкi. Ёсць iнтрыга, бо кожная з iх адкрываецца па чарзе — атрымлiваецца, я трымаю ўвагу да канца. Дзецi вельмi ўдзячныя, яны адчуваюць, што ўсё зроблена сваiмi рукамi да канкрэтнай казкi, а не куплена дзесьцi.
— Атрымлiваецца, у вас пад кожную казку маецца асобная iнсталяцыя?
— Так, калi я прэзентую новую кнiжку, я проста вяду гледача па сваiх так званых скрыначках, паступова паднiмаю iх накрыўкi — i ўся казка дзецям бачыцца праiлюстраванай аб'ёмна.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/litaratura
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2013/10/3-14.jpg