Міністр зносін Літвы Рымантас Сінкевічус адказвае на пытанні ўласнага карэспандэнта «Звязды» ў Літве Вітаўтаса Жэймантаса.
— Паважаны міністр, думаю, што Міністэрства зносін, якім вы кіруеце, у суседняй Беларусі мае шмат розных інтарэсаў. Ці ёсць у вас паразуменне з Міністэрствам транспарту і камунікацый Беларусі? Як адбываецца ўзаемасувязь?
— З кожным годам паляпшаецца літоўска-беларускае эканамічнае супрацоўніцтва. Павялічваюцца аб'ёмы гандлю, растуць наш экспарт і інвестыцыі ў суседняй краіне. Усё гэта вельмі станоўча ўплывае і на эканамічны рост Літвы. Радуе, што ўклад транспартнага сектара ў рост канструктыўных эканамічных адносін сапраўды высокі. Аб'ём беларускіх транзітных грузаў праз Клайпедскі порт летась склаў каля 11 мільёнаў тон. Беларускі транзіт складае 30,5% ад агульнага абароту порта. Насамрэч гэта вялікія лічбы. Такая інтэнсіўная праца немагчымая без цесных сувязяў з калегамі з Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі.
Хацелася б вылучыць некалькі фактараў двухбаковага супрацоўніцтва, якія аказваюць вельмі станоўчы ўплыў на транспартны сектар. Гэта выгаднае геаграфічнае становішча, эканамічныя выгады ад паслуг, вялікі вопыт працы і добрыя суседскія адносіны.
Сёння ў праектах літоўска-беларускага супрацоўніцтва — не толькі павелічэнне перавозак грузаў, але і высакахуткасныя пасажырскія перавозкі паміж Мінскам і Вільнюсам, электрыфікацыя чыгуначных маршрутаў, пашырэнне памежнай інфраструктуры і развіццё рэгіянальных адносін.
— Так, дзейнасць шматгранная. Пажадана яе канкрэтызаваць. Можа, пачнем з чыгункі? Як літоўскія чыгуначнікі супрацоўнічаюць з беларускімі калегамі? Якія тут перспектывы росту супрацоўніцтва?
— Паміж літоўскімі і беларускімі чыгуначнікамі існуюць старыя і вельмі цесныя сувязі, і яны заўсёды былі вельмі плённымі. Цяпер Беларуская чыгунка з'яўляецца бліжэйшым і найбуйнейшым партнёрам Літоўскіх чыгунак. Асабліва ў перавозцы грузаў. Амаль 80 працэнтаў грузавых перавозак чыгуначнікі Літвы транспартуюць праз Беларусь.
Чыгункі генерыруюць значную долю ВУП. Яны ўваходзяць у лік найбуйнейшых кампаній у Літве і Беларусі. Без чыгункі немагчыма развіваць актыўнае супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі дзвюх краін. Таму мы спадзяёмся і ў будучыні на добрасуседскія адносіны.
У апошнія гады АТ «Літоўскія чыгункі» вялікую ўвагу надае інтэрмадальным перавозкам. Ствараюцца грамадскія цэнтры лагістыкі ў Вільнюсе, Каўнасе і Клайпедзе. Магутнасці Клайпедскага марскога порта арыентуюцца і на беларускія грузы. Пастаянна павялічваюцца інвестыцыі ў чыгуначную інфраструктуру.
Цудоўныя прыклады цеснага супрацоўніцтва — інтэрмадальныя кантэйнерныя цягнікі «Вікінг», «Сонца», «Меркурый». Тут мы таксама бачым перспектывы росту больш актыўнай і зладжанай каманднай працы, павелічэння грузапатокаў.
— Вы згадалі пра чаўночны цягнік «Вікінг», які злучае парты Украіны з Клайпедай, і «Сонца», што злучае Кітай з Літвой. Абодва гэтыя цягнікі праходзяць праз Беларусь. Якія тут бачыце перспектывы?
— Праект інтэрмадальнага цягніка «Вікінг» ажыццяўляецца з 2003 года. Гэта сумесны праект чыгунак Літвы, Беларусі і Украіны, якія злучаюць парты Клайпеда і Адэса (Ільічэўск). «Вікінг» — правераны часам, адзначаны міжнароднымі ўзнагародамі і прызнаны на еўрапейскім узроўні праект. Да яго далучаецца ўсё больш дзяржаў, пашыраецца яго геаграфія. «Вікінгам» зацікавіліся Скандынавія, Каўказ, краіны Чарнаморскага рэгіёна (Турцыя). Думаю, што гэты праект унёс вялікі ўклад ва ўмацаванне літоўска-беларускага супрацоўніцтва.
Інтэрмадальны цягнік «Саўле» («Сонца»), які злучае Літву з Кітаем, рухаецца праз Беларусь, Расію і Казахстан. Вядома, ён прыносіць карысць усім бакам. Гэты праект пачаўся параўнальна нядаўна, у канцы 2011 года, але яго патэнцыял, улічваючы вялізныя рынкі і сувязь паміж Кітаем і Заходняй Еўропай, сапраўды вялікі. Праект з'яўляецца новым, таму няма такіх уражвальных вынікаў, як у «Вікінга», але я не сумняваюся, што ў яго вялікая будучыня.
— Вы сказалі, што Клайпедскі марскі порт прымае шмат беларускіх тавараў. Ці ёсць тут нескарыстаныя рэзервы?
— Мы накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці Клайпедскага порта, а таксама на прыцягненне большай колькасці грузаў з Беларусі і іншых краін. Таму вырашана палепшыць параметры інфраструктуры порта. Ужо палепшаны стан пад'язных шляхоў. Вясной гэтага года з 13 да 14,5 метра паглыблены суднаходны канал. Паглыбляюцца і прычалы. Паглыбленне на 1,5 метра дазваляе павялічыць на 50—70 працэнтаў колькасць грузу, які змяшчаецца ў адзін сухагруз. Гэта прыводзіць да эканоміі значнай сумы грошай за кошт транспартавання па моры.
Павышэнне канкурэнтаздольнасці марскога порта павышае і канкурэнтаздольнасць калідора Беларусь — Клайпедскі порт, дае магчымасць расці таваразвароту. Дырэкцыя порта распрацавала доўгатэрміновую (да 2030 года) праграму развіцця Клайпедскага порта. Чакаецца, што ўжо праз пяць гадоў порт зможа апрацаваць амаль 50 мільёнаў тон грузаў. Цалкам верагодна, што каля 30—35 працэнтаў ад агульнага абароту зоймуць беларускія тавары, што экспартуюцца ў розныя краіны свету.
— Ці ёсць нейкія праблемы ў галіне аўтатранспарту, у перавозцы грузаў з Беларусі і ў Беларусь? Ці вычарпаны тут усе магчымасці? Не думаеце, што прыйшоў час пашыраць дарогу, якая злучае Вільнюс з Мінскам?
— Наколькі мне вядома, у перавозцы грузаў аўтамабільным транспартам у Беларусь і з Беларусі праблемы ўзнікаюць не таму, што недастатковая шырыня дарогі, а з-за доўгіх чэргаў на кантрольна-прапускных пунктах.
Інтэнсіўнасць руху на дарозе А3 Вільнюс—Мінск не настолькі высокая, каб там ствараць рух у чатыры паласы. Цяпер на гэтай дарозе вядзецца рэканструкцыя 11-кіламетровага ўчастка ад пункта перасячэння мяжы ў бок Вільнюса. Там будзе пабудавана дадатковая паласа, неабходная для спынення грузавога транспарту.
— Цяпер пагаворым пра пасажырскі транспарт. Аднойчы, калі я хацеў вярнуцца дадому з Мінска ў Вільнюс, я не змог купіць білет на цягнік. Усе яны былі прададзены. Маршрут Вільнюс—Мінск—Вільнюс становіцца вельмі папулярным. Што робіцца, каб усе тыя, хто хоча падарожнічаць на цягніку, былі б задаволены, каб гэта паездка была больш кароткай па часе, больш камфартабельнай?
— Сапраўды, паток пасажыраў з Мінска ў Вільнюс і назад у апошнія гады значна павялічыўся. Толькі за восем месяцаў перавезена 227 тысяч пасажыраў, што на 37,5 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Літоўскія чыгункі з 26 мая па маршруце Вільнюс—Мінск—Вільнюс пусцілі новыя дызельныя цягнікі. Была заменена і працэдура праверкі пасажыраў і багажу — яна цяпер ажыццяўляецца на Вільнюскім вакзале. Змяненне працэдуры праверкі скараціла падарожжа на цягніку паміж сталіцамі Літвы і Беларусі на паўгадзіны — да дзвюх з паловай гадзін. Усе гэтыя новаўвядзенні — ужо другі этап праекта «Хуткі пасажырскі транспарт па чыгунцы паміж Мінскам і Вільнюсам», які сумесна ажыццяўляюць літоўскія і беларускія чыгуначнікі.
На трэцім этапе гэтага праекта плануецца да 2015 года электрыфікаваць дарогу Новая Вільня — Маладзечна, замяніць дызельныя цягнікі электрацягнікамі, якія змогуць развіваць хуткасць да 160 км за гадзіну, што дазволіць яшчэ больш скараціць час у дарозе. З Вільнюса ў Мінск можна будзе прыехаць за 2 гадзіны.
Трэба яшчэ падкрэсліць, што і цяпер цягнік Вільнюс—Мінск—Вільнюс з'яўляецца самым зручным і хуткім сродкам перамяшчэння для пасажыраў у абодвух кірунках.
— Гэтым летам у Друскінінкаі адбыўся Беларуска-Літоўскі форум рэгіянальнага супрацоўніцтва. З гэтай нагоды з Гродна ў Друскінінкай прыплыў пасажырскі карабель. Ён быў сустрэты апладысментамі. Ці няма ў міністэрстве планаў з новага летняга сезона адкрыць рэгулярны пасажырскі або турыстычны маршрут па Нёмане паміж Гроднам і Друскінінкаем, а можа нават Гродна—Каўнас?
— Урады Літвы і Беларусі падпісалі пагадненне аб суднаходстве на ўнутраных водных шляхах, а Міністэрства зносін Літвы і Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі падпісалі пагадненне аб развіцці суднаходства на ўнутраных водных шляхах. Гэтыя пагадненні прызначаліся для аднаўлення суднаходства на рацэ Нёман праз літоўска-беларускую мяжу.
Створана і агульная літоўска-беларуская камісія, якая разглядае магчымасці на Нёмане плаваць прагулачным суднам, развіваць водны турызм, а таксама — для перавозкі пасажыраў і грузаў суднамі паміж Гроднам і Друскінінкаем, і, магчыма, у Каўнас і далей — праз сістэмы каналаў у Польшчу і Германію.
Тым не менш у гэтым выпадку патрэбна некаторая карэкцыя. Каб стварыць спрыяльныя ўмовы для навігацыі на гэтым адрэзку Нёмана, трэба ўнесці папраўкі ў дагавор Літвы і Беларусі аб прававым рэжыме дзяржаўнай мяжы. Сёння пагадненне прадугледжвае, што лінія мяжы праходзіць на сярэдзіне ракі і лодкі абедзвюх краін могуць ісці толькі да гэтай лініі.
Міністэрства зносін Літвы ўжо ініцыявала папраўкі згаданага дагавора. У хуткім часе новы варыянт дакумента будзе прадстаўлены Міністэрству транспарту і камунікацый Беларусі.
Хацеў бы таксама адзначыць, што цяпер будуецца памежны пункт пропуску ў мястэчку Швендубры. Пасля змянення прававога рэжыму мяжы і заканчэння будаўніцтва ў Швендубры будуць створаны ўмовы, якія дазволяць ажыццявіць навігацыю па рацэ Нёман праз літоўска-беларускую мяжу.
— Гэтым летам на курорт у Палангу больш за ўсё прыбыло замежнікаў з Беларусі і Расіі. Рускія лятаюць рэйсамі Паланга—Масква—Паланга. Беларусы, на жаль, не могуць прыбыць на курорт паветраным транспартам. Яны прыязджаюць на аўтобусе, цягніку або асабістым аўтамабілі. Ці няма планаў наступным летам злучыць Палангу з Мінскам паветраным мостам? Думаю, гэта быў бы жыццяздольны праект.
— Гэта насамрэч добрая ідэя. Аэрапорт Палангі ўжо некалькі гадоў працуе ў гэтым кірунку. Прыкладаюцца намаганні ў летні сезон пачаць палёты Мінск—Паланга—Мінск. Ужо другі год вядуцца перамовы з авіякампаніяй «Белавія».
«Белавія», супрацоўнічаючы з турыстычнымі агенцтвамі, якія арганізуюць паездкі ў Літву, таксама вітае магчымасць лётаць у Палангу. Але, каб рэйсы былі рэнтабельнымі, патрабуецца дастатковая колькасць пасажыраў. Гэтаму маглі б спрыяць і тураператары, якія ў стане купіць або прадаць частку білетаў.
Турыстычны інфармацыйны цэнтр Палангі прымае актыўны ўдзел у розных турыстычных выставах у Беларусі і прадстаўляе прывабнасць прымор'я. Колькасць адпачывальнікаў з Беларусі ў Паланзе кожны год павялічваецца на 12—15 працэнтаў. Такім чынам, патэнцыял для паветранага моста Мінск—Паланга павялічваецца з кожным годам, і сумесныя намаганні ўсіх зацікаўленых бакоў могуць быць паспяхова рэалізаваны.
— Дзякуй за цікавае інтэрв'ю.
Фота аўтара.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/medyya
[2] https://zviazda.by/be/kampetentna
[3] https://zviazda.by/be/tags/litva
[4] https://zviazda.by/be/tags/vitautas-zheymantas
[5] https://zviazda.by/be/tags/rymantas-sinkevichus
[6] https://zviazda.by/be/tags/ministerstva-znosin