Як надакучыў ужо гэты шум! Безліч машын, якія праязджаюць туды-сюды, не бачачы нікога. А ты ідзеш па вуліцы, дзе дамы такія шэрыя, масіўныя і пагрозлівыя, што хочацца схавацца. Гады ў рады з'явіцца перад вокам жывы твар, што ідзе насустрач і ўсміхаецца. А часцей — кожны бачыць толькі (няхай нават каляровую!) плітку пад нагамі і шоргае па ёй, як па згубленых у камені хвілінах. Кватэра (ці як казалі ў адным фільме «скрыня з дзіркамі») сустракае хоць і цяплом пасля вячэрняга марознага ветрыку, аднак усё роўна не радуе. Ты засынаеш не ад прыемнай стомленасці цела пасля бадзёра пражытага працоўнага дня, а ад таго, што табе не хапае паветра. Такая сонная страта прытомнасці. А прачынаешся...
А прачынаешся ў свежым ложку, уцягваеш ноздрамі халаднаватае, ажно казытлівае, паветра і, пазяхнуўшы ды пацягнуўшыся, глядзіш у акно. А там — вёска.
Думаеце, я навыдумляў тут немаведама чаго? Ды не. Гэта абсалютна верагодная сітуацыя. З развіццём аграсядзіб многія перажылі падобны сцэнарый. А камусьці нават так спадабалася, што яны вырашылі назаўжды пераехаць у вёску і таксама прымаць гасцей, таксама заняліся аграэкатурызмам. І, дарэчы, паспяхова. Хачу падзяліцца з вамі вопытам некаторых такіх людзей сваімі назіраннямі і высновамі.
А вы ведалі, што новая пчаліная матка забівае сваіх саперніц?
Я дык даведаўся аб гэтым у аграсядзібе «Свет пчол», якая знаходзіцца ў вёсцы Барок Валожынскага раёна. «Месца гэта так называецца, відаць, таму, што тут быў бор з вялікай колькасцю борцевых дрэў, гэта значыць, такіх, у якіх жылі пчолы», — распавядае Васіль Фралоў, гаспадар сядзібы.
Каб прыцягнуць увагу да сваёй аграсядзібы, сям'я доўга думала і раілася з калегамі праз грамадскі савет па развіцці сельскага турызму свайго раёна. Пасля вырашылі стварыць музей пчол. І справа пайшла ўгару. І дзеткі, і дарослыя з задавальненнем прыязджаюць сюды, ядуць блінцы з мёдам і даведваюцца шмат цікавых фактаў з жыцця самых працавітых насякомых.
Акрамя гэтага, гаспадары ладзяць шматлікія імпрэзы і народныя святкаванні — на Масленіцу, Купалле і гэтак далей. «Масленіца сёлета працягвалася ледзь не да красавіка, — смяецца Васіль Фралоў. — Бо мы для кожнай групы робім асобную імпрэзу, каб усе змаглі паўдзельнічаць у гульнях і танцах». Тым больш, што тут часта бываюць замежнікі, для якіх нашы традыцыі — нешта недасягальнае. «Здарыўся аднойчы цікавы выпадак, звязаны з менталітэтам. Была ў нас група афганскіх жанчын. Пачаў распавядаць пра тое, што труцень гіне падчас спарвання. Вы б бачылі іх твары: я думаў, што яны самі загінулі... Сядзяць і не варушацца. Для іх было шокам тое, што мужчына гіне», — кажа гаспадар сядзібы.
Як знайсці наведвальнікаў?
«Мы шмат працуем з турыстычнымі фірмамі. Акрамя таго, пачаўся «вяртальны турызм», калі тыя, хто быў тут, прыязджаюць ізноў самі ды яшчэ сяброў з сабою бяруць. Гэта нават больш цяпер працуе», — дзеліцца вопытам Васіль Фралоў. Таксама ён расказаў, што хутка ў іх з'явяцца спальныя месцы для турыстаў: «Узялі крэдыт і будзем надбудоўваць мансардны паверх. Чалавек дванаццаць мы пасля зможам прыняць».
Як пачынаўся «бізнес»?
«Мы гэтае месца доўга шукалі. Гады два ездзілі вакол Мінска, пакуль не знайшлі патрэбнае. Купілі зямлю і пачалі працаваць. Але на ўладкаванне пайшло два гады, — прызнаецца гаспадар. — Цяпер ужо ёсць акупляльнасць. Да 6-7 тысяч турыстаў за год прыязджае». Але бізнесам сваю справу Васіль Фралоў назваць не можа: «Гэта для душы ўсё робіцца. І значна пашыраць тут усё не вельмі хочацца. Гэта ўжо будзе прадпрыемства, знікне ўтульнасць і зачараванне. Я лічу, што будучыня менавіта за невялікімі гаспадаркамі, а не за вялікімі комплексамі тыпу «Дудутак».
Крэдыт — гэта страшна?
«Узяць крэдыт не цяжка. І мясцовыя ўлады ў гэтым пытанні ідуць насустрач. І хаця першы наш крэдыт быў няўдалы, мы не спыніліся і потым узялі яшчэ адзін, які выкарысталі больш эфектыўна. Тым больш, для аграсядзіб грошы даюць на 7 гадоў толькі пад 5% гадавых. Лічыце, задарма». Галоўнае — рабіць усё цікава, прыдумляць што-небудзь новае, прыцягваць іншых да сваёй справы. Напрыклад, Васіль Фралоў дапамагае мясцовым майстрам прадаваць свае вырабы ў якасці сувеніраў — агульная выгада. Ды і проста больш дастойна: «А то што ж гэта? Па ўсім свеце сувеніры кітайскія. Жах! Мы прадаём толькі тое, што робяць мясцовыя жыхары», — падкрэслівае гаспадар.
Эх, дарогі...
Як ні смешна, але гэта насамрэч самая вялікая праблема для аграсядзіб. Добрых дарог да гэтых мясцін няма. А тут жа ходзяць вялікія аўтобусы з турыстамі. Зімою ці восенню бывае так, што і выехаць немагчыма. «У мяне яшчэ добра, што сусед на бульдозеры працуе. Дык ён сабе расчысціць — і я езджу». Анатоль Ганец, гаспадар аграсядзібы «Ганка», таксама кажа, што дарогі — гэта вялікая праблема: «Мы, дарэчы, узялі крэдыт і насыпалі дарогу самі — 526 метраў. Трэба сказаць, што выканкам дапамагае з дарожнымі службамі дамаўляцца. Ніколі не адмовяць да нас заехаць, калі чысцяць асноўную дарогу». Не хапае і добрых указальнікаў на дарогах. Па словах гаспадара, з-за адсутнасці знакаў сядзібы цяжка адшукаць.
Цешча як рухавік прагрэсу
«Купілі дамок на хутары. Самі для сябе, каб можна было прыязджаць і адпачываць у выхадныя. А потым аднойчы прыехала цешча да нас з Каўказа. Прыехала, паглядзела, сказала, што тут, у Беларусі, выдатная прырода. А чаму б не прымаць гасцей, як гэта робяць на Каўказе ў курортных гарадах? Так і пачалі», — распавядае Анатоль Ганец, старшыня грамадскага савета па развіцці сельскага турызму Валожынскага раёна. «Ганка» — гэта адна з найбольш «прасунутых» сядзіб: «Мы адышлі ад таго, што аграсядзіба — гэта месца, куды можна прыехаць у лазні папарыцца, гарэлкі папіць — і ўсё. Гэта ўжо ўчарашні дзень. Людзі сталі іншыя, у іх іншыя прыярытэты і інтарэсы. Мы стварылі грамадскі савет і праз паўтара года пасля гэтага зрабілі першую ў Беларусі кластарную сістэму развіцця аграэкатурызму. Кожны стаў займацца нечым сваім. Калі ў мяне няма месца, то я цяпер магу і да калегі адправіць людзей. Ці мы, напрыклад, проста пытаемся ў нашых турыстаў, куды яны хочуць, і прапануем некалькі варыянтаў на выбар».
«Каб «прасоўваць» рэгіён, мы стварылі інфацэнтр. Калі нам тэлефануюць і хочуць правесці нейкае мерапрыемства, то мы прапануем адно, другое. Транспарт трэба? Калі ласка. І транспарт з нашага раёна. Навошта з Мінска браць? Тут трэба ўсё развіваць. У ганчароў была раней праца толькі на «Дудуткі», а сёння мы стаім у чарзе па іх прадукцыю», — з захапленнем кажа Анатоль Ганец.
Нямецкае вяселле ў беларускім стылі
Сёлета гаспадарам «Ганкі» давялося ладзіць беларускае вяселле для немцаў, бо нявеста паходзіла з Беларусі і жадала ажаніцца на радзіме. Госці былі ў зачараванні ад вянчання ў Ракаве, ад абрадавых песень падчас святкавання ў сядзібе. Усе проста плакалі ад замілавання. Ад немцаў паступіла заяўка і на наступны год на падобнае вяселле — так ім спадабалася ўсім. Вось вам і праца на імідж краіны.
І зусім іншая справа — наступнае: «Тыдзень таму зусім выпадкова ўбачыў за восем кіламетраў ад Мінска знакі «Аграсядзіба». Паехаў па іх. І прыехаў да вялікага катэджа ў вёсцы. Там надпіс «VІР-саўна». Я зайшоў і спытаў, ці можна ў іх спыніцца. «Не, — кажуць, — тут толькі саўна. Нікога на ноч не пакідаем». Пытаюся, колькі каштуе. «200 долараў у гадзіну. А ў выхадныя — 250», — адказваюць. Неабходна гэта ўсё размяжоўваць — турызм і здачу ў наём саўны. Ёсць жа розніца: плаціць адну базавую велічыню ў год ці выплачваць усе падаткі», — незадаволена заўважае гаспадар аграсядзібы.
Трэба выкарыстоўваць усе магчымасці
Развіццё нават адной аграсядзібы можа паспрыяць развіццю многіх іншых сфер дзейнасці ў раёне. Напрыклад, гаспадарам «Ганкі» няма калі займацца вырошчваннем свайго ўраджаю, а карміць жа людзей трэба. «Летась я прыехаў да аднаго мясцовага фермера і сказаў, што мы хочам купіць бульбу. Умоўна кажучы, яна для ўсіх каштавала 1300 за кілаграм, а мы прапанавалі за 750-800 рублёў даць нам адразу 22 тоны. І фермер пагадзіўся, бо для яго гэта больш выгадна. Цяпер ён ужо сам тэлефануе і пытаецца, колькі будзем браць», — адкрывае сакрэты Анатоль Ганец.
Галоўнае — знайсці сябе
«Крэдыты на развіццё аграсядзібы даюць практычна ўсім, хто жадае. Галоўнае — даказаць працоўнай групе, якая прымае рашэнне, што ідэя акупіцца. Для гэтага трэба добра распрацаваць бізнес-план, — тлумачыць Пётр Бібік, намеснік старшыні Валожынскага райвыканкама. — Адмаўляем вельмі рэдка ў атрыманні крэдыту. Бывае і такое, што крэдыт атрымаюць, пабудуюць штосьці, а пасля не едуць да іх людзі — і ўсё. Значыць, не знайшлі сябе, дрэнна прадумалі сваю ідэю. У раёне зарэгістраваны 24 аграсядзібы. З іх паспяхова функцыянуе толькі 12, астатнія — у стадыі развіцця». Нагадаем, што Белаграпрамбанк, які вызначаны для падтрымкі аграэкатурызму Указам Прэзідэнта №372, дае крэдыты ў суме да 2000 базавых велічынь на тэрмін да сямі гадоў з працэнтнай стаўкай 5% гадавых.
Не ўсё тое аграсядзіба, што на прыродзе
Гэтая думка ў мяне з'явілася пасля візіту ў яшчэ адно месца. Аздараўленчы комплекс «Сасновая», які належыць ЧУП «Азярэцкі-Агра», безумоўна, знаходзіцца ў жывапісным ляску. Але ж высокі жалезны плот, выкладзеныя пліткай вуліцы з бардзюрамі сведчаць аб тым, што гэта не аграсядзіба. Нават выдатныя драўляныя дамы не змогуць мяне пераканаць у адваротным.
«Тут вельмі прыгожыя, утульныя гасцінічныя нумары. Асноўны кірунак — сямейны адпачынак. Часта прыязджаюць да нас на выхадныя. Хацелі зрабіць гаспадарчы двор, але ж ад яго быў бы непрыемны пах», — расказвае дырэктар «Азярэцкі-Агра» Ніна Жалязнова. Пастаянная наша чытачка, якая вельмі любіць беларускую мову і добра на ёй размаўляе, імкнулася мне давесці, што гэты комплекс таксама адносіцца да агратурызму. Аднак я застаўся пры сваім меркаванні. Падумайце самі: калі сярод прыроды з'яўляюцца залішнія выгоды цывілізацыі, калі нельга прайсціся па зямлі, а толькі па плітцы, не будзе адчування далучанасці да сельскага духу. Мне здаецца, што трэба яшчэ размяжоўваць падобныя комплексы, якія таксама выконваюць сваю функцыю, і сапраўдныя аграсядзібы. Таму, калі вы захочаце распачаць сваю «аграсядзібную» справу, добра ўсё прадумайце. Знайдзіце «фішку» і не імкніцеся да чагосьці вельмі вялікага: лепш утульнасць і натуральнасць.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ, фота аўтара.
Валожынскі, Смалявіцкі раёны.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/uladzislau-kulecki
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/biznes
[5] https://zviazda.by/be/tags/agrasyadziba-svet-pchol
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-barok-valozhynskaga-rayona
[7] https://zviazda.by/be/tags/vasil-fralou
[8] https://zviazda.by/be/tags/anatol-ganec
[9] https://zviazda.by/be/tags/pyotr-bibik
[10] https://zviazda.by/be/tags/ukaz-prezidenta-no372
[11] https://zviazda.by/be/tags/azdaraulenchy-kompleks-sasnovaya
[12] https://zviazda.by/be/tags/nina-zhalyaznova