Каманда студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, адзіная з Беларусі, здолела прабіцца ў фінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў. Трэцякурснік Аляксандр Некрашэвіч і студэнты чацвёртага курса Яўген Грыцкевіч і Аляксей Колесаў паспяхова выступілі ў паўфінале прэстыжных спаборніцтваў, якія праходзілі 1 снежня адначасова ў Санкт-Пецярбургу, Барнауле, Тбілісі і Ташкенце.
Беларусь у Санкт-Пецярбуругу прадстаўлялі 9 каманд: ад БДУ — чатыры, ад БДУІР — дзве і па адной — ад Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Усяго ў паўфінале чэмпіянату свету, які праводзіўся сярод студэнтаў ВНУ паўднёва-ўсходняга Еўрапейскага рэгіёна, спаборнічалі 224 каманды з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Украіны, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Кыргызстана і Узбекістана.
Фінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў адбудзецца ў чэрвені 2014 года. Удзельнікамі гэтага паядынку стануць 120 лепшых камандаў са 100 краін свету, у тым ліку студэнты Санкт-Пецярбургскага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта інфармацыйных тэхналогій, механікі і оптыкі, якія ўжо неаднойчы перамагалі ў фінале, а таксама студэнты Маскоўскага дзяржаўнага і Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэтаў. Санкт-Пецярбург неафіцыйна лічыцца сусветнай сталіцай праграмавання. Такім чынам барацьба ў фінале для праграмістаў з Белдзяржуніверсітэта лёгкай не будзе.
Надзея НІКАЛАЕВА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/nadzeya-nikalaeva
[2] https://zviazda.by/be/adukacyya
[3] https://zviazda.by/be/tags/bdu
[4] https://zviazda.by/be/tags/pragramisty
[5] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-nekrashevich
[6] https://zviazda.by/be/tags/yaugen-gryckevich
[7] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-kolesau