Сярод прадстаўнікоў іншых этнічных меншасцяў, якія жывуць у Беларусі, азербайджанцы займаюць сваю, досыць немалую прастору. Карэспандэнт «Звязды» сустрэўся з кіраўніком культурна-асветніцкага грамадскага аб'яднання «Габустан» Бахшы Ганбаравым. Ён узначальвае суполку азербайджанцаў у Беларусі больш за восем гадоў. А таварыства «Габустан», між іншым, было створана ў Мінску яшчэ ў часы СССР, напрыканцы 1989 года.
— Бахшы, скажыце, каго аб'ядноўвае ваша грамадскае таварыства?
— Дзверы нашай арганізацыі адчынены для ўсіх азербайджанцаў Беларусі. Дарэчы, у рэспубліцы жыве недзе каля 20 тысяч азербайджанцаў. Перш-наперш — у Мінску. А яшчэ — у буйных гарадах, у абласных цэнтрах. Але ёсць і тыя, хто звязаў свой лёс з беларускай вёскай. Жывуць нашы суродзічы і ў аграгарадках, займаюцца сельскай гаспадаркай. Сярод пенсіянераў-азербайджанцаў — былыя старшыні беларускіх калгасаў. Хтосьці і зараз працуе фермерам...
— А ўвогуле як усё пачыналася?
— Ініцыятыву паяднання азербайджанцаў у Беларусі ў кастрычніку 1989 года праявілі азербайджанскія студэнты, якія сабраліся ў інтэрнаце політэхнічнага інстытута. Хацелася сябраваць, быць разам, успамінаць пра родны дом. Тады яшчэ ніхто з маладых людзей не ведаў, як складзецца яго лёс, дзе знойдзе ён свой сталы прытулак. Мы ж былі пад уплывам савецкага мыслення. Лёгка было вандраваць па бязмежнай прасторы вялікай краіны. Адукацыю можна было атрымаць у Беларусі, пасля ніхто не выключаў магчымасці апынуцца па размеркаванні на Поўначы альбо ў сябе на радзіме, у Азербайджане.
Студэнцкую супольнасць заўважылі старэйшыя. А ў Беларусі нашы землякі працавалі выкладчыкамі ў інстытутах, інжынерамі на заводах, прарабамі і начальнікамі ўчасткаў на будаўніцтве, урачамі ў бальніцах. Тады і праявілі сваю актыўнасць, арганізатарскія здольнасці Фікрэт Эйкулаеў, Закір Мамедаў, Іхцібар Мамедаў, Кахін Абілаў, Рэйман Ісмаіл-задэ, Каміль Камал.
— Камала добра ведаюць беларускія аматары выяўленчага мастацтва...
— Мы ганарымся, што азербайджанцаў у Беларусі прадстаўляе такі легендарны мастак, як Каміль Камал. Неаднойчы ў Мінску ладзіліся яго персанальныя выстаўкі. Карціны нашага земляка ўпрыгожваюць музеі і галерэі розных краін свету.
А колькі сярод яркіх, знакамітых спартсменаў Беларусі азербайджанцаў! Адзін з іх — Камандар Маджыдаў — узначальваў «Габустан» у 1994—1998 гг. Камандар — чэмпіён Алімпійскіх гульняў, двухкратны чэмпіён свету, трохкратны чэмпіён Еўропы па грэка-рымскай барацьбе. Каля сямі гадоў на чале «Габустана» быў заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь Націк Багіраў. Ён з'яўляўся капітанам зборных Беларусі па дзюдо і самба. Націк Багіраў — чатырохкратны чэмпіён свету, пяцікратны чэмпіён Еўропы, уладальнік многіх іншых спартыўных узнагарод. Высокіх спартыўных вышынь дасягнулі Забіт Самедаў, Аслан Агаеў, Эльман Вердзіеў, Гюлон Салаеў і іншыя.
Не магу не згадаць выкладчыка БНТУ кандыдата тэхнічных навук Алескера Явар-аглу Ісмаілава. Добра вядомы ў будаўнічай галіне Беларусі Гармаз Мурадзін Садыеў, які доўгі час ўзначальваў буйныя будаўнічыя арганізацыі ў Гомелі і Брэсце. Эканамічныя ўзаемаадносіны нашых краін вывучае кандыдат эканамічных навук Фарман Юсубаў. Суддзя міжнароднага арбітражнага суда Гюль-ага Салаеў — кандыдат юрыдычных навук, вядомы ў Мінску адвакат. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Рауф Садыхаў з'яўляецца загадчыкам кафедры ў БДУІР.
— Бахшы, а як вы патрапілі ў Беларусь, як даўно ваш лёс звязаны з нашай краінай?
— Я ў Беларусі з 1984 года. Адсюль і на службу ў войска патрапіў. Пасля закончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. У 1991 годзе паступіў на юрыдычны факультэт Белдзяржуніверсітэта. Затым яшчэ закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Займаюся рэстаранным бізнесам. Як адзнака маёй работы — прызнанне лепшым прадпрымальнікам і ў Мінску, і ў Беларусі.
— Усё ж такі ў грамадстве існуе меркаванне, што азербайджанцы ў асноўным гандлююць на рынку...
— Выказванні часам здараюцца і больш вострыя... Але давайце паразважаем. І тыя азербайджанцы, што гандлююць на рынку, — працадаўцы, яны арганізоўваюць рабочыя месцы. А яшчэ плацяць арэнду, даюць заробак як мінімум 3 і болей чалавекам. Што ў гэтым дрэннага? Між іншым, такі вось факт. У Мінску і Мінскай вобласці — каля 7 тысяч азербайджанцаў. З іх не больш за 700 працуе на рынку. І гэта ў асноўным — тыя людзі, якія атрымалі від на жыхарства. Мае землякі вязуць актыўна сваю гародніну, садавіну. Нават бульбу вязуць, як ні дзіўна. Справа ў тым, што ў нас бульба выспявае ўжо ў канцы красавіка. І ў канцы красавіка—маі можна гандляваць. А ў Беларусі яшчэ толькі ідуць пасадкі. А гранаты, сокі, кампоты, джэмы — здаецца, што самыя лепшыя менавіта з Азербайджана. Але ж гандлёвым буферам з'яўляецца Расія. Каля 60 працэнтаў таго, што вывозіцца, застаецца на перавалачных базах у Дагестане. Прывоз у Беларусь патрабуе, зразумела, дадатковых затрат. Таму мы і плануем зараз адкрыць гандлёвы дом Азербайджана ў Беларусі. Спадзяюся, што гэта пашырыць гандлёвыя зносіны паміж нашымі краінамі.
Яшчэ і такая статыстыка: больш за палову маіх суайчыннікаў, якія займаюцца гандлем, утрымліваюць гандлёвыя пункты, прадпрыемствы са штатным раскладам работнікаў у 40 і болей чалавек. Каля дваццаці азербайджанцаў — гаспадары рэстаранаў, кавярняў. Дарэчы, у гэтай справе мы вельмі ўважлівыя да развіцця нацыянальнай азербайджанскай кухні. І мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, лічу, што мінчанам, беларусам гэта падабаецца. А развіваць нацыянальную кухню іншай краіны — клопат не з лёгкіх. Таму прыцягваем да гэтай справы выключна азербайджанцаў, кагосьці адпраўляем на вучобу ў Баку. Каб гатаваць сапраўды азербайджанскія стравы, трэба нарадзіцца ў Азербайджане. Патрэбна ведаць асаблівую нацыянальную філасофію. Той жа плоў, напрыклад... У ім усё залежыць ад многіх кампанентаў, ведання ўсіх вартасцяў інгрэдыентаў, разуменне прапорцый... Хіба што ёсць адно выключэнне — беларус Сяргей Брусочкін, які ўсё ж авалодаў майстэрствам азербайджанскай кулінарыі.
— Калі ўжо размова зайшла пра ўдзел азербайджанцаў у прадпрымальніцтве, то, відавочна, ёсць і больш выразныя прыклады, а не толькі ўдзел вашых суайчыннікаў у гандлі, сферы паслуг?
— Каля дваццаці структур заявілі аб сабе ў галіне лагістыкі, у будаўніцтве гандлёвых цэнтраў. Азербайджанцы будуюць таксама і жыллё. Гэтаму спрыяе і тое, што шмат хто з маіх землякоў атрымаў будаўнічую адукацыю ў розныя гады менавіта ў політэхнічным інстытуце. Удзельнічаем і ў падрыхтоўцы гасцінічнага комплексу да чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску.
Але вось што, на мой погляд, вельмі важны характар мае. Сярод азербайджанцаў, хто сёння працуе на беларускай зямлі, у асноўным людзі актыўнага ўзросту: недзе каля 75 працэнтаў маіх землякоў — у гадах ад 18 да 50... Пагадзіцеся, гэта вельмі важна для краіны, дзе хапае пенсіянераў, перад якой стаяць няпростыя дэмаграфічныя задачы. Яшчэ адна статыстычная дэталь. Са 100 азербайджанцаў 50 і болей — людзі з вышэйшай адукацыяй.
— Ведаю, што цяпер шмат хто з Азербайджана прыязджае на вучобу ў беларускія ВНУ...
— Больш за 300 студэнтаў з Азербайджана вучацца сёння ў Беларусі. Толькі ў інстытуце МНС — каля 200 нашых землякоў.
— Грамадская арганізацыя — гэта паяднанне землякоў, фестывалі культур, жаданне далучыць да ведання пра Азербайджан, яго гісторыю як мага больш шырокую грамаду...
— І гэта з'яўляецца нашым перакананнем. Па-першае, мы вельмі ўважлівыя да азербайджанска-беларускіх гістарычных, культурных, літаратурных стасункаў. Невыпадковым з'яўляецца той факт, што актывіст «Габустана» Балдагаш Ганбараў абараніў дысертацыю на званне кандыдата гістарычных навук. А тэма — рэтраспектыва стасункаў паміж нашымі народамі. Вось цяпер рыхтуемся да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а затым — і да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Дарэчы, намаганнямі азербайджанскай грамадскасці ў Вілейцы быў усталяваны помнік двойчы Герою Савецкага Саюза, генерал-маёру танкавых войск Азі Асланаву. Аўтарам помніка з'яўляецца Каміль Камал. У Магілёве ўсталяваны і бюст вызваліцелю горада герою Савецкага Саюза Аслану Вязіраву. Многія азербайджанцы змагаліся з нямецкімі фашыстамі ў партызанскіх атрадах Беларусі. Мы імкнёмся, каб азербайджанцы разам адзначалі рэлігійныя і нацыянальныя святы. Сумесна з пасольствам ініцыіруем сустрэчы дзеячаў культуры і мастацтва Азербайджана з беларускімі гледачамі і слухачамі. Гэта датычыцца розных відаў мастацтва. Ведаеце, калі ўжо лёс склаўся так, што мы жывём у Беларусі, то і іначай наша жыццё, як прыналежным Беларусі і Азербайджану, і ўявіць нельга.
Гутарыў Кастусь Ладуцька.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/kastus-laducka
[2] https://zviazda.by/be/palityka
[3] https://zviazda.by/be/idei-i-lyudzi
[4] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/01/11-46.jpg
[5] https://zviazda.by/be/tags/kulturna-asvetnickae-gramadskae-abyadnanne-gabustan
[6] https://zviazda.by/be/tags/bahsha-ganbarau
[7] https://zviazda.by/be/tags/belarus-i-azerbaydzhan