Гартаючы свой сямейны альбом, ветэран педагагічнай працы Валянціна Шапарава з вёскі Старая Беліца Гомельскага раёна нібыта наноў перажывае мінулае і пайменна ўзгадвае ўсю сваю немаленькую сям'ю. Вырашыла яна падзяліцца гэтымі ўспамінамі і з любімай газетай — усё ж разам са «Звяздой», прызнаецца, ці не больш за 50 гадоў!
З тых далёкіх, пасляваенных часоў і пачала Валянціна Іванаўна свой аповед. «Вельмі цяжкае было жыццё тады, але выручала зямля-матухна, — узгадвае наша чытачка. — Тата ўвесь час казаў нам: «Дзеці, шануйце зямельку. Яна накорміць, напоіць і адзене вас». Цяпер так зямлю не шануюць — шмат гаспадароў маладых, здаровых, а ўчасткі зарастаюць пустазеллем...».
Бацькі Веры Іванаўны пажаніліся ў 1925 годзе: ён — удавец з 4 дзецьмі (2 сыны і 2 дачкі) і яна — таксама ўдава, з сынам. Нарадзіліся ў сям'і яшчэ 11 дзяцей, але двое немаўлят былі зусім слабенькімі і пражылі ўсяго некалькі дзён... У 1936 годзе ў Маскве мама Дуня атрымала статус маці-гераіні і адпаведны ордэн — залатую зорку, якую ўручаў сам Максім Горкі. Здавалася б, аднавяскоўцам — а сям'я жыла ў невялічкім пасёлку на 16 двароў — толькі радавацца за суседку. «Але знайшоўся чалавек — аднаасобнік, які напісаў у Маскву, што няправільна далі маме ўзнагароду, што ў яе чацвёра чужых дзяцей, — распавядае Валянціна Іванаўна. — Прыехалі правяральшчыкі і сталі пытацца ў дзяцей, хто ім мама. Усе адказалі, што мама Дуня... А калі мама памерла, памятаю, прыехаў пасынак, і я сказала, які ён малайчына, што прыехаў пахаваць мачаху. А ён мне: «Сястра, не кажы так. Для мамы мы ўсе былі роднымі, а яна нам усім была мамай». Потым мае браты і сёстры выбралі кожны свой шлях у жыцці: Вера стала фельчарам, Ніна і я — настаўніцамі малодшых класаў, Люба была і бухгалтарам, і шэф-кухарам, Надзя — начальнікам пошты, Аляксей — прарабам; Пеця на 7 гадоў пайшоў служыць у марфлот, потым працаваў токарам; Яша стаў брыгадзірам, старшынёй сельскага Савета; Тоня — фельчар-акушэрка ад Бога, Аня — цырульніца, Зоя — прадавачка, Шура — трактарыст, Іван — слесар. Яшчэ быў Ягор, даслужыўся да лейтэнанта, загінуў на фінскай вайне...».
На першым здымку, датаваным 1954 годам, — адны дзяўчаты вакол мамы, няма толькі старэйшай сястры. Злева направа стаяць Тоня, Вера, Валя, Зоя, Ніна, сядзяць Надзя і Люба. На фота 1998 года, з Правадной нядзелі, сясцёр толькі шэсць: у чырвонай сукенцы Ніна, у цэнтры, над галавой хлопчыка, Надзя (памерла ў 1999 г.), за ёю Люба, на першым плане ў каляровай спадніцы і блузцы ў кветкі сама Валянціна Іванаўна, пад руку яе трымае Тоня (памерла ў 2007 г.), а паміж сёстрамі Вера (цяпер жыве ў Латвіі), астатнія — пляменнікі ды пляменніцы, такія розныя і такія родныя...
Валянціна Іванаўна прызнаецца, што пасля перанесенага інсульту і некалькіх аперацый весці гаспадарку ёй цяжка, бо хадзіць трэба з двума кіёчкамі. Але ўсё адно ад зямлі-карміцелькі яна не адмаўляецца — трымае казу і курэй, засявае 5 сотак, балазе, дапамагаюць сын і дачка, дый два ўнукі і дзве ўнучкі падрастаюць. «А хіба гэта — не галоўнае шчасце ў жыцці? — рэзюмуе яна. — Так і ўсім звяздоўцам зычу здароў, шчасця, дабрабыту і ладу ва ўсім».
* * *
Шаноўныя чытачы! Давайце пагартаем сямейныя альбомы разам! Фотаздымкі з гісторыяй (не больш за тры здымкі) дасылайце на рэдакцыйную пошту альбо электронную скрыню іnfо@zvуаzdа.mіnsk.bу. Аўтар найлепшага фота з гісторыяй будзе адзначаны каштоўным прызам.
Увага! Да ўдзелу ў конкурсе НЕ ПРЫМАЮЦЦА вясельныя фотасесіі, леташнія здымкі з курорта і сучасныя фота дзяцей. Арыгіналы дасланых фотаздымкаў абавязкова вяртаюцца аўтарам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gistoryya-i-etnagrafiya
[2] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/20-12.jpg
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/02/20-13.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/syameynaya-gazeta
[5] https://zviazda.by/be/tags/valyancina-shaparava
[6] https://zviazda.by/be/tags/vyoska-staraya-belica
[7] https://zviazda.by/be/tags/gomelski-rayon