Водар — справа сур'ёзная. Ён можа дадаць шарму і давесці вобраз да дасканаласці, а можа няўмольна яго разбурыць.
Загадкавым чынам уздзейнічаюць пахі на нашу падсвядомасць, выклікаюць альбо імгненнае прыцягненне, альбо, наадварот, адштурхваюць. Мужчына значна лепш і даўжэй памятае водар, чым тое, у што вы былі апрануты. Спецыялісты сцвярджаюць, што парфуму мы выбіраем інтуітыўна. І выбар паху выдае амаль усё пра нас: як мы сябе ўспрымаем, якой хочам здавацца і нават які ў нас настрой.
Падабраць духі няпроста — гэта цэлае майстэрства. Адзіны верны дарадчык у такой тонкай справе — ваш… нос. Даверцеся яму. Парфумеры перакананы: калі вы не «ўлюбіліся» ў духі з першай секунды, то купляць іх не варта. Пры гэтым існуюць яшчэ розныя фактары, якія павінны ўплываць на ваш выбар.
1. Пара года. Пахі, якія будуць радаваць вас ранняй вясной або спякотным летам, могуць зусім не адпавядаць зімовым халадам. Летнімі водарамі лічацца свежыя, кветкавыя, фруктовыя, цытрусавыя і травяныя пахі. У гэты час лепш адмовіцца ад канцэнтраваных духоў і выкарыстоўваць туалетную ваду, тым больш што вытворцы амаль заўсёды выпускаюць духі, туалетную ваду, дэзадарант і нават парфумерны крэм адной лініі.
2. Час сутак.
Выбіраючы духі, падумайце: у які час сутак вы маеце намер карыстацца імі. Калі ў вашы планы ўваходзіць «надзяваць» гэты водар раніцай, збіраючыся на працу, то пах павінен быць лёгкім, далікатным.
Удалы пачатак працоўнага дня вам гарантуюць цытрусавыя водары, якія падбадзёрваюць. Для раніцы падыходзяць і свежыя марскія пахі з паветраным азонавым адценнем. А вось водары, у якіх пераважаюць мускусна-амбравыя або рэзкія ноты, лепш выкарыстоўваць у вячэрні час.
3. Ваш настрой. Мяняецеся вы або надвор'е за акном — мяняюцца перавагі. (Дарэчы, пахі і самі па сабе — незалежна ад чалавека — могуць быць загадкавымі, забіяцкімі, энергічнымі і г. д.) Таму на туалетным століку сярэднестатыстычнай жанчыны ў ідэале павінны стаяць некалькі розных флакончыкаў — так званы «парфумерны гардэроб». Карацей, зусім не абавязкова быць тут адналюбкай. Хоць многія лічаць, што свой водар трэба выбіраць калі не назаўжды, дык надоўга, каб ён «прырос» да вас і навакольныя лічылі яго «вашым» пахам.
Вы заўсёды павінны памятаць, што скура кожнага чалавека пахне па-асабліваму, з‑за хімічнага і мікрабіялагічнага складу яе паверхні. Тлустая, вострая ежа надае скуры больш інтэнсіўны пах. Яшчэ больш на ўласцівасці вашай скуры могуць паўплываць лекавыя прэпараты, вітаміны і іншыя фармакалагічныя прэпараты, якія вы ўжываеце. Таму адзіны чалавек, які адчуе, што водар вам «пасуе», — вы самі.
Цяпер, калі выбар зроблены, самы час даведацца, як правільна карыстацца духамі.
ü Наносьце парфуму 2–3 кроплямі на тыя часткі цела, дзе лёгка прамацаць пульс. Чаму? Біццё пульсу дазваляе водару хутчэй і лепш выпарацца. Гэта запясці і локцевыя згібы, плечы, а таксама лагчынка на шыі, скроні. Яшчэ адна кропка — за мочкамі вушэй, ля каранёў валасоў: там даўжэй за ўсё захоўваецца пах. І не забывайце, што, развіваючыся, водар падымаецца ўверх — таму ёсць сэнс папырскаць ім шчыкалаткі і калені.
ü Памятайце: больш гарманічна водар праяўляецца на натуральных тканінах. У шарсцяных і футравых рэчах пахі захоўваюцца гадамі. На светлых тканінах духі могуць пакідаць плямы, а шэрсць і мех могуць страціць колер, таму «душыць» адзенне трэба з унутранага боку.
ü Усё добра ў меру: нават самыя вытанчаныя і дарагія духі стануць невыноснымі для навакольных, калі іх будзе занадта шмат.
Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ.
На што «вядуцца» мужчыны?
Зразумела, універсальнага адказу на пытанне: «Якія водары больш за ўсё падабаюцца мужчынам?» — быць не можа. Аднак апошнія даследаванні па гэтым пытанні дазваляюць зрабіць наступныя высновы: не менш за самую вытанчаную парфуму нашым мужчынам падабаюцца натуральныя пахі, якія выклікаюць у іх адчуванне цеплыні і ўтульнасці.
Як вы думаеце, пад які пах любяць прачынацца раніцай мужчыны? Вядома ж, гэта духмяны, натхняльны пах кавы! У большасці мужчын гэты водар асацыюецца з сонечнай раніцай, энергіяй «патрэбнага» настрою, які дапамагае ім прачнуцца і ўзбадзёрыцца. А што прыцягвае мужчын, якія прывыклі да ўтульнасці роднага дома? Гэта пах свежай выпечкі. У большасці з нас ён выклікае ўспаміны аб далёкім, бесклапотным дзяцінстве, мае непарыўную сувязь з адчуваннем спакойнай, прыязнай атмасферы ў доме, надзейным хатнім тылам… У большасці прадстаўнікоў моцнага полу хатняя ўтульнасць асацыюецца і з пахам ванілі. Але з гэтым водарам трэба старацца не перабаршчыць, каб не атрымалася ўсё прыкра-салодкім — дастаткова тонкага, ледзь улоўнага паху.
Такім чынам, нам, жанчынам, цалкам па сілах напоўніць свой дом прыемнымі сэрцу мужчыны водарамі, якія будуць нябачна прыцягваць яго.
І ўсё ж — што менавіта іх «заводзіць»?
- Няма больш прывабнага для мужчыны паху, чым пах чыстага жаночага цела.
- Цікава, што амаль кожны чацвёрты прадстаўнік моцнай паловы чалавецтва проста-такі вар'яцее ад задавальнення, калі часам жанчына наносіць на сябе яго ўласны любімы водар. «Пазначаючы» сябе ЯГО водарам, жанчына дае зразумець, каму яна належыць.
- Водары мускусу, амбры, язміну, падобныя да натуральнага паху жанчыны, хаваюць у сабе незвычайную здольнасць абуджаць сексуальнае жаданне ў мужчыны.
- Усходнія пачуццёвыя водары з ноткамі карыцы, сандалу, пачулі, лілеі, архідэі здольныя распаліць агонь нават у самым халодным сэрцы. Яны бударажаць фантазію прадстаўнікоў моцнага полу, разнявольваюць, ствараюць эратычны настрой.
- А вось водары «ўнісекс» (прызначаны для маладых, актыўных прадстаўнікоў абодвух полаў) можна смела назваць абсалютнымі аўтсайдарамі. Гэтыя пахі не выклікаюць у мужчын ніякіх эмоцый.
ДАРЭЧЫ
Французскія парфумеры рэкамендуюць выбіраць духі наступным чынам: спачатку пакласці абрэзак тканіны ў бюстгальтар і панасіць яго там некалькі дзён. Затым, наведаўшы магазін, папырскаць на тканіну ўпадабанымі духамі, а пасля пакласці яе назад. Вызначыцеся, ці камфортна вы адчуваеце сябе «ў новым водары».
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] https://zviazda.by/be/tags/volga-cybulskaya
[4] https://zviazda.by/be/tags/vodar
[5] https://zviazda.by/be/adam-i-eva