У нашай краіне да наступнага лета будуць вызначаць, як мужчыны і жанчыны выкарыстоўваюць сутачны фонд часу. Праект рэалізуе Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Фонду ААН у галіне народанасельніцтва (ЮНФПА) і Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).
Апошнія такія даследаванні праводзіліся ў 1990 і 2004 гадах. Яны даволі важныя для ацэнкі якасці жыцця насельніцтва, таго, наколькі жанчына ўцягнутая не толькі ў аплатную працу, але і ў хатні клопат — работу, за якую атрымлівае толькі маральнае ўзнагароджанне.
— Атрыманыя вынікі дазволяць ацаніць прагрэс у забеспячэнні роўных магчымасцяў для мужчын і жанчын, а таксама будуць выкарыстаны для вызначэння асноўных напрамкаў гендарнай і сямейнай палітыкі ў краіне, — кажа в. а. каардынатара праграм ЮНФПА Таццяна ПРАНЬКО.
Структура і праграма абследавання бюджэту часу распрацавана паводле міжнародных стандартаў, што дазволіць у будучыні супаставіць атрыманыя звесткі з іншымі краінамі.
Абследаванне працягнецца 12 месяцаў. Кожнаму члену хатняй гаспадаркі (гэта 6 тысяч спецыяльна выбраных гаспадарак) ва ўзросце пасля 10 гадоў давядзецца зрабіць поўны хранаметраж двух сутак (працоўнага і выхаднога дня). Дарослыя рэспандэнты — ад 15 гадоў і старэйшыя — будуць весці спецыяльныя дзённікі, дзе будуць пазначаць працоўны час, час на навучанне, вядзенне хатняй гаспадаркі, догляд дзяцей і г. д. Гэта дазволіць у выніку атрымаць інфармацыю аб суадносінах працоўнага і свабоднага часу ў розных групах насельніцтва, асноўных відах адпачынку, наяўнасці часу і магчымасцяў для адукацыі і развіцця.
Удзельнікі абследавання ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў будуць пазначаць у спецыяльным дзённіку час, затрачаны на навучанне ў школе, выкананне хатніх заданняў, стасункі з сябрамі, выкарыстанне інтэрнэту, а таксама пазначаць час, які ім удзяляюць дарослыя члены сям'і.
Яшчэ да таго, як стартавала паўнамаштабнае рэспубліканскае даследаванне, некалькі журналістаў розных СМІ трапілі ў фокус-групу, каб адказаць на больш за сотню пытанняў (разам са сваімі партнёрамі па шлюбе). У спецыяльных дзённіках — за будны і выхадны дні — мне і майму мужу давялося пазначаць, што называецца, кожны наш крок. Асноўны від дзейнасці, паралельны від дзейнасці, месца знаходжання або спосаб перасоўвання, з кім менавіта даводзілася быць падчас таго ці іншага занятку. Даволі цікава. Асабліва калі прыходзіш да высновы, што працуеш (аказваецца!) круглыя суткі і без выхаднога!
Наогул вынікі даследаванняў, у тым ліку замежных, паказваюць, што ў жанчын занадта шмат «працоўнага часу», што адбіваецца на іх адпачынку і дабрабыце. Міні-даследаванне журналісцкай групы паказала, што ў будны дзень жанчыны трацяць на хатнюю гаспадарку 3 гадзіны 38 хвілін. У выхадны дзень — 5 гадзін 28 хвілін. Словам, у сярэднім жанчыны дадаткова працуюць на «хатняй ніве» 4 гадзіны 10 хвілін штодня!
Святлана БАРЫСЕНКА.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-barysenka
[2] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/06/21-3.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/yunfpa
[5] https://zviazda.by/be/tags/yunisef
[6] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-pranko