Арэнднае жыллё павінна давацца на справядлівых падствах і па разумнай цане
Пра гэта заявіў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам аб парадку прадастаўлення жылых памяшканняў камерцыйнага выкарыстання ў жылым комплексе «Магістр» віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна, міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Андрэя Шорца і старшыню Мінгарвыканкама Мікалая Ладуцьку, паведамляе БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рашэнне аб будаўніцтве адпаведнага жылога комплексу было прынята для забеспячэння жыллём прадстаўнікоў навуковай і творчай інтэлігенцыі, асабліва моладзі. «Мы дамовіліся, што гэта будзе арэнднае жыллё. Яно не будзе танным для наймальніка, але яно і не будзе мець завоблачную цану, якую сёння плацяць маладыя сем'і, здымаючы прыватную кватэру. Арэнднае жыллё павінна быць значна таннейшым», — адзначыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што ў пытанні фарміравання кошту на арэнднае жыллё нельга памыліцца, каб у далейшым не пераглядаць яе ў той ці іншы бок. Ён адзначыў, што канкрэтны кошт павінен быць канчаткова вызначаны на ўзроўні ўрада і Мінгарвыканкама.
Яшчэ адно прынцыповае пытанне, на якім засяродзіў увагу Прэзідэнт, — нязменнае прытрымліванне прынцыпу сумленнасці і справядлівасці пры размеркаванні і фарміраванні чаргі на арэндныя кватэры. «Гэта пытанне нумар адзін. Не дай Бог да мяне пойдуць скаргі, што недзе нехта сваім сваякам, яшчэ камусьці, уладкаваўшы іх папярэдне на нейкую пасаду, пачне з-пад крыса выдзяляць гэтыя кватэры, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта вельмі актыўная частка насельніцтва — творчая і навуковая інтэлігенцыя, і маўчаць яны не будуць. Яны мяне імгненна праінфармуюць аб тым, што недзе нешта несправядліва вырашана. Таму прынцып прыстойнасці і справядлівасці, калі мы фарміруем чаргу, павінен быць пакладзены ў аснову гэтага працэсу».
Паводле слоў Прэзідэнта, безумоўна, павінна быць забяспечана і якасць арэнднага жылля, якое прадастаўляецца.
«Сваё слова я сказаў. Прэзідэнт прыняў рашэнне — арэнднаму жыллю быць. Пачалі новае будаўніцтва, пайшло па краіне гэта новаўвядзенне. Давайце ў Прэзідэнта абмяркуем некаторыя прынцыпы аплаты, фарміравання чэргаў, выдзялення жылля і гэтак далей. І то вы павінны мяне проста праінфармаваць. А далей, калі ласка, дзяліце і нясіце адказнасць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/gazeta
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] https://zviazda.by/be/zhyllyo
[4] https://zviazda.by/be/ekanomika-0
[5] https://zviazda.by/be/tags/arendnae-zhyllyo
[6] https://zviazda.by/be/tags/mikalay-laducka-1
[7] https://zviazda.by/be/tags/anatol-kalinin-1