У Магілёве ўпершыню адбудзецца свята ў гонар любімай ва ўсім свеце стравы
Восеньскіх прыгожых фестываляў шмат, але такога, дзе можна было б аддаць даніну павагі ўсенародна любімай страве беларусаў і не толькі, няма...
«Чаму?» — спыталі адзін у аднаго самыя неабыякавыя магіляўчане з Цэнтра гарадскіх ініцыятыў і вырашылі наладзіць свята «Дранік-fest».
— Гэта прыклад, калі без адзінага рубля можна зрабіць вельмі карысную справу, — адзначыў адзін з такіх ініцыятыўных людзей, прафесар кафедры гуманітарных дысцыплін Магілёўскага дзяржуніверсітэта харчавання Юрый Бубноў. — Напрыклад, сям'я Арцёменкаў з быхаўскай вёскі Абідавічы нават выдзеліла 5 мяшкоў бульбы.Так што прыходзьце, дранікаў хопіць на ўсіх.
Смачнае мерапрыемства пройдзе на тэрыторыі этнаграфічнага комплексу «Зялёны гай» ужо ў гэтую суботу. У фэсце прымаюць удзел знаўцы сваёй справы. Толькі ад універсітэта харчавання ў конкурсе на самы лепшы і смачны дранік за перамогу пазмагаюцца 3 каманды. Прычым адна з іх, з кафедры гуманітарных дысцыплін, выключна навуковая: у склад яе ўвойдуць дацэнты і нават доктар навук. Дарэчы, ацэньваць стравы будуць таксама прафесіяналы.
Акрамя дэгустацый, наведвальнікаў чакае вясёлая забаўляльная праграма. А яшчэ — магчымасць больш даведацца аб традыцыях народнай культуры і набыць на памяць сувенір у горадзе майстроў.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/gramadstva-0
[4] https://zviazda.by/be/tags/magilyou
[5] https://zviazda.by/be/tags/nacyyanalnaya-kuhnya
[6] https://zviazda.by/be/tags/draniki