На Віцебшчыне толькі ў некалькіх сельсаветах дзейнічаюць камунальныя ўнітарныя прадпрыемствы па аказанні паслуг насельніцтву. У Лепельскім раёне першай «ластаўкай» яшчэ ў 1990‑х стаў КУП пры Каменскім сельвыканкаме. А ў Лёзненскім раёне аналагічнае прадпрыемства запрацавала сёлета. Знакавыя «100 дзён» ужо мінулі. Гэта і стала нагодай, каб пацікавіцца «плюсамі» і «мінусамі» новай структуры.
—Стварэнню КУП «Канашкава» паспрыяў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Аляксандр Папкоў. Аляксандр Андрэевіч часта бывае ў нашым раёне, — пры яго дапамозе Белаграпрамбанк даў нам 300 мільёнаў рублёў. І не ў крэдыт, а ў якасці мецэнацкай дапамогі. Купілі на гэтыя грошы трактар з навясным абсталяваннем, у тым ліку касілкай, прычэп. Безумоўна, аб такой падтрымцы мараць многія, а пашанцавала нам. Каб людзі даведаліся пра КУП, мы размясцілі адпаведнае паведамленне ў раённай газеце, праінфармавалі старэйшын вёсак… Ды і сама па некалькі разоў на месяц стараюся бываць у кожнай вёсцы, з людзьмі сустракаюся, — расказвае старшыня Лёзненскага сельскага Савета Святлана Пукава.
Узначальвае КУП яе муж Сяргей Пукаў, але гэта ніяк не перашкаджае справе. Дарэчы, у Святланы Уладзіміраўны і Сяргея Васільевіча ёсць уласны досвед працы на зямлі. Да таго, як Святлана Пукава стала старшынёй, сям'я мела фермерскую гаспадарку, а іх бульба расходзілася, як гарачыя піражкі. Між іншым, Святлана Уладзіміраў-
на сама можа працаваць на трактары. Па адукацыі яна аграном (вучылася ў сельскагаспадарчым тэхнікуме), цяпер рыхтуецца да абароны дыплома ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі — па той жа спецыяльнасці.
—Наша прадпрыемства — КУП «Канашкава» — пачало дзейнічаць у ліпені, якраз у Дзень Незалежнасці аказалі першую паслугу, бо быў час касьбы. Раней людзям дапамогу ў гэтым аказвалі гаспадаркі, яны ж і аралі таксама. Але, вядома, кіраўнікі ў першую чаргу накіроўвалі тэхніку на дзяржаўныя палі. Людзі або чакалі тыднямі, пакуль да іх даедуць, або наймалі прыватнікаў, — расказвае Сяргей Пукаў, дырэктар «Канашкава».
Паводле яго слоў, расцэнкі ў КУПе самыя танныя. Напрыклад, тая ж касьба: усяго 5 тысяч рублёў за «сотку» бяруць. А за перавозку сена, дроў, брыкету і іншага — крыху больш за 13 тысяч рублёў. Калі параўнаць расцэнкі з аналагічнымі ад «прыватнікаў», у КУП яны меншыя, а па многіх пазіцыях і на чвэрць. Зразумела, гэты фактар не спрыяе вялікім прыбыткам.
—Але ж у першую чаргу КУП ствараўся дзеля сацыяльнай падтрымкі тых, хто пражывае ў вёсках. Ды і дачнікам паслугі аказваюцца. Усяго на тэрыторыі 6 сельсаветаў раёна пражывае каля 9 тысяч чалавек, плюс дачнікі, — падлічвае Святлана Пукава.
Паводле яе слоў, вельмі рэнтабельна збіраць малако. Але гэтым паспяхова займаюцца чатыры індывідуальныя прадпрымальнікі. Асаблівых нараканняў у іх бок ад насельніцтва няма. Але не выключаецца, што калі «з'явіцца ніша», то ў КУПа
будзе «малочны кірунак». У планах — купля бульбасаджалкі і бульбакапалкі…
Дзякуючы свайму ўнітарнаму прадпрыемству, жыхары далёкіх вёсак цяпер не чакаюць тыднямі, пакуль ім акажуць паслугу. Ды і заказчыкі, якія не жывуць на тэрыторыі Лёзненскага сельсавета, не пакрыўджаны. Напрыклад, шэсць бабуль, жыхарак суседняга сельсавета, заказалі трактар для апрацоўкі зямельных участкаў. Каб аказаць ім паслугу, на трактары трэба было праехаць у абодва канцы 60 кіламетраў. Пры гэтым за дзень на аказанні паслугі было зароблена 420 тысяч рублёў…
КУП «Канашкава» некаторыя тутэйшыя называюць «аграрнай хуткай дапамогай». У суседніх раёнах вяскоўцы звычайна чакаюць дапамогі ад гаспадарак. А «Канашкава» само можа гаспадаркам дапамагаць. У прыватнасці, у час, калі насельніцтву не патрэбны паслугі, звязаныя з эксплуатацыяй трактара. А дарожнікі і камунальнікі могуць разлічваць на ўдзел «аграрнай хуткай» у расчыстцы дарог ад снегу.
Вяскоўцы маюць рацыю, калі патрабуюць своечасовай дапамогі для апрацоўкі прыватнай зямлі і г. д. Менавіта «аграрныя хуткія» здольныя задаволіць такі попыт. Другая справа, ці зацікаўлены сельвыканкамы займацца арганізацыяй такой працы? У Лёзненскім раёне першыя напрацоўкі атрымаліся даволі ўдалымі. Ці захочуць іншыя пераняць гэты вопыт?..
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
Лёзненскі раён — Віцебск.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/alyaksandr-pukshanski
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] http://zviazda.by/wp-content/uploads/2014/10/22-4.jpg
[4] https://zviazda.by/be/tags/myascovae-samakiravanne
[5] https://zviazda.by/be/tags/lyoznenski-rayon
[6] https://zviazda.by/be/tags/syargey-pukau
[7] https://zviazda.by/be/tags/svyatlana-pukava