Удзел найвышэйшага палітычнага кіраўніцтва Беларусі ў нядаўніх самітах буйных міжнародных арганізацый ШАС і БРІКС ва Уфе досыць красамоўна сведчыць, што шматпалярны свет пакрысе афармляецца на нашых вачах. Удзел Беларусі ў гэтым саміце, а таксама набыццё нашай краінай статусу назіральніка ў ШАС — гэта не выпадковасць, а рэалізацыя канцэпцыі «інтэграцыі інтэграцый».
Беларусь выбрала ў якасці арыенціру, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, развіццё шматвектарнага раўнапраўнага супрацоўніцтва з усімі краінамі на ўмовах узаемнай павагі і ўзгаднення інтарэсаў. Інтэграцыя інтэграцый — гэта не проста прыгожая формула, але цалкам прагматычны праект. Статус назіральніка ў ШАС дае Беларусі магчымасць удзельнічаць у абмеркаваннях планаў і буйных праектаў у межах гэтай арганізацыі. Наш просты інтарэс — рэалізоўваць патэнцыял аб'яднання з дапамогай беларускіх геапалітычных, эканамічных, транспартных магчымасцей.
Падчас свайго выступлення ва Уфе кіраўнік нашай дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь фактычна будзе адзінай краінай, звязанай з Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, якая геаграфічна цалкам знаходзіцца ў Еўропе. Больш за тое, займае ў рэгіёне Усходняй Еўропы вельмі выгаднае становішча, што ўжо стала адным з фактараў пачатку маштабнага супрацоўніцтва з Кітаем у рамках праектаў эканамічнага пояса «Шаўковы шлях» і кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень».
Па сутнасці, Беларусь, далучаючыся да працы ШАС у якасці еўрапейскай краіны з улікам ужо запушчаных супольных эканамічных драйвераў развіцця, мае намер выканаць сваю канструктыўную ролю ў больш шчыльным «звязванні» Еўразіі, пераадоленні існуючых бар'ераў і пачатку новай эпохі ў міжнародным супрацоўніцтве.
На саміце ішла гаворка і пра спалучэнне, узгодненасць ШАС, кітайскіх ініцыятыў і інтэграцыйнага аб'яднання (адным з заснавальнікаў якога разам з партнёрамі стала Беларусь) — Еўразійскага эканамічнага саюза. Зацікаўленасць у гэтым ёсць ва ўсіх бакоў. Праблемным пакуль выглядае супрацоўніцтва з Еўрапейскім саюзам, які палітычна і эканамічна рухаецца ў фарватары інтарэсаў ЗША. Для апошніх стварэнне моцных інтэграцыйных блокаў у Еўразіі з'яўляецца досыць сур'ёзным выклікам. Тым не менш, кіраўніцтва Беларусі заўсёды заяўляла, што яно адкрыта да ўзаемавыгадных адносін і з ЕС. Стварэнне ЕАЭС, рост уплыву ШАС — дадатковыя стымулы для еўрапейскіх эліт звярнуць увагу не толькі на трансатлантычнае партнёрства.
Урэшце, уласная пазіцыя Беларусі і факт яе ўдзелу ў новых перспектыўных інтэграцыйных ініцыятывах — прыклад таго, што еўрапейская краіна, Еўропа зусім не абмяжоўваецца толькі адной формай, хай сабе і такой значнай, як ЕС. Беларусь дэманструе свой інтэграцыйны выбар, але магчымасці да пашырэння, узгаднення розных інтэграцыйных праектаў пакідае адкрытымі.
Беларуская дэлегацыя таксама правяла шэраг двухбаковых перамоў з кіраўніцтвам некаторых краін БРІКС ды іншых. Гэта сведчыць пра тое, што мы імкнёмся браць актыўны ўдзел у фарміраванні альтэрнатыўных мадэляў глабальнага развіцця. Бразілія, Іран, Манголія, Афганістан — такія вектары беларускай замежнай палітыкі былі прадэманстраваны на ўфімскім саміце. Гэта так званая «далёкая дуга» знешняй палітыкі суверэннай Беларусі: там, а таксама ў іншых азіяцкіх, лацінаамерыканскіх, афрыканскіх краінах Беларусь будзе шукаць кропкі ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва.
Бадай што, такі знешнепалітычны вектар, хутчэй, натуральны, чым экзатычны. Беларусь — экспартаарыентаваная краіна з адкрытай эканомікай, і глядзець трэба ў той бок, дзе сапраўды ёсць запатрабаванасць у беларускай прадукцыі і дзе не выстаўляюць ніякіх надуманых палітычных прэтэнзій.
Саміт ва Уфе паказаў, што Беларусь становіцца рэальным суб'ектам міжнароднай палітыкі з удзелам вялікіх гульцоў. Вядома, трэба цвяроза ацэньваць свае магчымасці, але паслядоўнаму прасоўванню сваіх нацыянальных інтарэсаў, узгодненых з саюзнікамі, у сучасным свеце глабальнай канкурэнцыі проста няма альтэрнатывы.
Аляксей Дзермант
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/palityka
[2] https://zviazda.by/be/palityka-0
[3] https://zviazda.by/be/tags/alyaksey-dzermant