«Пад адзіным небам праз стагоддзі» — такую назву, верагодна, атрымае пастаянная экспазіцыя, якую ствараюць у Іўі — у адзіным у краіне музеі нацыянальных культур. Прычым, ужо зараз там нямала цікавінак, вартых увагі аматараў вандровак па Беларусі і турыстычных фірмаў, якія займаюцца іх арганізацыяй. У гэтым нядаўна на свае вочы пераканаўся карэспандэнт «Звязды». Вось толькі некаторыя з музейных «фішак».
Мы розныя, але мы разам!
Гэтыя словы як найлепш падыходзяць да Іўеўшчыны, якая на працягу стагоддзяў служыць прыкладам талерантнасці ў дачыненні да традыцый людзей розных нацыянальнасцяў і канфесій — праваслаўных, каталікоў, мусульман, іўдзеяў. Як жа паказаць гэтую багатую «палітру» музейнымі сродкамі?
Іўеўскі музей нацыянальных культур — пэўна, адзін з самых маладых у краіне, сёлета яму споўніцца толькі 7 гадоў. Але збор у яго значны: музейны фонд ужо перавышае 3,5 тысячы адзінак.
— Гэта дакладная копія нашай знакамітай мячэці, якая не спыняла сваю дзейнасць з 1884 года. Яе вырабіў Ігар Гарбуноў з Віцебска. А вось — падсвечнікі, акенца і мінарэт, якія былі ў Іўеўскай мячэці ў 1920-я гады, — расказвае дырэктар музея Ірына ХАЛЯВА.
Альбо ведаеце, напрыклад, што такое таджвід? Гэта правілы чытання Карана. А дакумент «Лягі» (1892 г.) з'яўляецца пасведчаннем аб заканчэнні школы пры мячэці.
— Такое ўражанне, што ў нашых іўеўскіх татараў усюды ёсць сваякі, яны як адна сям'я. Таму ў музеі бываюць татары не толькі з іншых рэгіёнаў Гродзеншчыны, але і з Мінска і нават з горада-пабраціма Іўе — Азнакаева, што ў Татарстане, — кажа Ірына Халява.
Гістарычнае падарожжа па іўеўскіх вуліцах
Зрэшты, у сучаснай музейнай справе недастаткова проста сабраць экспанаты і чакаць наведвальнікаў.
Вырашыўшы, што людзей збліжае ў тым ліку і нацыянальная кухня, у музеі наладзілі «смачную» імпрэзу «Дзелімся рэцэптамі нацыянальных страў!» Калі ж наведвальнікі пажадаюць, то ім пакажуць батлеечны тэатр, правядуць майстар-клас. Нядаўна састаў «акцёраў»-лялек папоўніўся і з'явіліся новыя прадстаўленні — для дзецей і дарослых. Тут жа, у музеі гасцям прапануюць шырокі асартымент сувеніраў, якія вырабляюць рамеснікі, а частку — самі музейныя работнікі. Сярод лялек ёсць, напрыклад, і беларусачка, і татарачка.
Агледзеўшы экспазіцыю «Беларускія яўрэі» (у прыватнасці, там ёсць яўрэйскія рукапісы 1940 года, Тора на пергаменце і нават кавалак сцяны старых яўрэйскіх могілак у Іўі), можна ў суправаджэнні музейнага спецыяліста накіравацца ў экскурсію па горадзе, дзе да сёння захавалася архітэктура яўрэйскага квартала. Музейшчыкі раскажуць, якая сям'я жыла ў тым ці іншым доме, што гэта былі за людзі.
Дарэчы, арганізатар і каардынатар мемарыяльна-турыстычнага праекта «Карані» Міжнароднага цэнтра культурных сувязяў «Ізраіль — Беларусь» Тамара БАРАДАЧ — ураджэнка Іўя. Яна, быццам своеасаблівая сувязная часоў і пакаленняў, прывезла ўжо тысячы людзей з Ізраіля і іншых краін на зямлю продкаў. Дзякуючы Тамары Майсееўне папоўнілася і музейная экспазіцыя.
Актыўна супрацоўнічаюць з музеем і кіраўнік мясцовай татарскай абшчыны Іван ШВАЙБОВІЧ, старшыня рэгіянальнага мемарыяльна-культурнага яўрэйскага аб'яднання горада Ліда, калекцыянер Андрэй ФІШБАЙН (зараз рыхтуюць яго выставу «Традыцыйны яўрэйскі дом»).
Як варажыць з дапамогай... сякеры?
Якая сувязь гэтага пытання з музейнай справай? Ды самая непасрэдная. У музеі імкнуцца зацікавіць гасцей сваімі выставамі і, аказваецца, сярод захапленняў мясцовых жыхароў ёсць такое, як калекцыяніраванне... сякер. Нядаўна Іван КУЛЕШ і Іван БУЙКО прадставілі выставу са сваіх прыватных калекцый, дзе паказваюць каля 100 розных сякер, у тым ліку канадскага лесаруба, цыганскія. Выстава распавядае аб гісторыі сякеры, яе відах, тут можна даведацца, як правільна выбраць гэты галоўны інструмент цесляра і нават азнаёміцца са спосабамі варажбы з яго дапамогай.
А лідчанін Андрэй ЧЫСЦЯКОЎ паказаў сваю калекцыю... старажытнай цэглы. На многіх цаглінах — кляймо вытворцы, ініцыялы ўладальнікаў заводаў.
З такімі незвычайнымі экспанатамі, пэўна, лепш за ўсё пазнаёмяць самі калекцыянеры, што цалкам рэальна. Не выключана, што сярод гідаў будуць і іўеўскія мясцовыя школьнікі з музейнага аматарскага аб'яднання «Юны экскурсавод». Мажліва, лепшаму з іх пашанцуе на «бонус» у выглядзе музейнага пасведчання. З гэтым дакументам можна будзе бясплатна, як і любому музейнаму работніку, наведваць музеі вобласці, а можа, і ўсёй краіны. Галоўнае, што дзякуючы знаёмству з архіўнымі дакументамі, гістарычнымі прадметамі з музейнага фонду моладзь паглыбіць свае веды аб мінуўшчыне роднага краю.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/barys-prakopchyk
[2] https://zviazda.by/be/kultura
[3] https://zviazda.by/be/tags/muzey
[4] https://zviazda.by/be/tags/ekspazicyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/muzey-nacyyanalnyh-kultur