Самай распаўсюджанай назвай цэнтральнай вуліцы горада ці вёскі ў Савецкім Саюзе была, вядома, назва вуліца Леніна, на другім месцы — вуліцы Рэвалюцыі і якой-небудзь гадавіны Кастрычніка.
Самай доўгай вуліцай у свеце з'яўляецца Янг-стрыт у канадскім Таронта. Яе працягласць — 1896 кіламетраў. Вуліца пачынаецца ад набярэжнай возера Антарыё і заканчваецца на мяжы з ЗША.
Самая вузкая вуліца ў свеце знаходзіцца ў нямецкім мястэчку Ройтлінген — Шпрэйерхофштрасэ. Яе шырыня вагаецца ад 50 да 31 сантыметра. Вуліца такой стала пасля рэканструкцыі горада ў XVІІІ стагоддзі.
Самая старая вуліца ў свеце знаходзіцца ў Егіпце: гэта дарога ў Гізу — 12-кіламетровая брукаванка. Яе ўзрост — больш за 4600 гадоў. Гэтая дарога, як лічыцца, выкарыстоўвалася для транспартавання каменных блокаў для будаўніцтва пірамід.
Самая крутая вуліца ў свеце — Балдуін-стрыт — знаходзіцца ў горадзе Д'юндзін у Новай Зеландыі. Вугал яе ўхілу складае 35 градусаў! Верхняя частка вуліцы зроблена з каменю, інакш у гарачае надвор'е частка пакрыцця, размешчаная зверху, проста сцякала або з'язджала б уніз.
Самая кароткая вуліца ў свеце — Эбензейр Плейс, яе даўжыня — 206 сантыметраў. Аднак на ёй ёсць будынак, а менавіта — дом па адрасе Эбензер Плейс, 1, пабудаваны ў 1883 годзе.
Самая доўгая вясковая вуліца ў свеце мае даўжыню 13 км. Гэта Камуністычная вуліца ў вёсцы Бічура ў Рэспубліцы Бурація.
Самая шырокая вуліца ў свеце — Вуліца 9 Ліпеня ў Аргенціне, названая так у гонар дня незалежнасці краіны. Яна мае па шэсць палос руху ў абодвух напрамках і займае па шырыні цэлы квартал.
Пятая авеню Нью-Ёрка каторы год застаецца самай дарагой вуліцай у свеце — амаль $21 000 за квадратны метр.
Самае складанае ў свеце скрыжаванне было пабудавана ў англійскім Свіндане ў 1972 годзе. Акрамя асноўнага кальцавога развароту яно ўключае ў сябе яшчэ 5 дадатковых. Пры гэтым па цэнтральным кольцы можна разварочвацца толькі супраць гадзіннікавай стрэлкі, а на дадатковых — наадварот.
Ва ўсёй Вялікабрытаніі існуе адзіная вуліца, Савой, дзе можна рухацца па правым баку, у адрозненне ад астатняй краіны, дзе рух, як вядома, левабаковы. Так адбылося гістарычна, і гэта звязана з тым, што конным павозкам лягчэй было высаджваць пасажыраў менавіта на правы бок. Дазвол на правабаковы рух на гэтай вуліцы замацаваны спецыяльным законам.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kaleydaskop
[2] https://zviazda.by/be/teletydzen
[3] https://zviazda.by/be/tags/vulica
[4] https://zviazda.by/be/tags/gorad
[5] https://zviazda.by/be/tags/vyadomasc
[6] https://zviazda.by/be/tags/dauzhynya
[7] https://zviazda.by/be/tags/novaya-zelandyya
[8] https://zviazda.by/be/tags/argencina
[9] https://zviazda.by/be/tags/kraina