У першай палове тыдня на тэрыторыі Беларусі чакаецца даволі цёплае, але вільготнае і ветранае надвор'е, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Дзмітрый Рабаў.
Увогуле, сёлета люты больш нагадвае надвор'е другой паловы сакавіка. Пачнецца з цёплага надвор'я. У першыя дні месяца актыўныя цыклоны працягнуць пастаўляць у нашу краіну сагрэтае Гальфстрымам акіянічнае паветра. Менавіта таму ў Беларусі і надалей будзе анамальна цёпла, калі сярэдняя тэмпература чакаецца на 9-10 градусаў вышэй за норму. А норма ў першай дэкадзе лютага складае ад мінус 4 да мінус 8,5 градуса.
Але такая цеплыня ў лютым, гэта не заўсёды камфортна, лічыць Дзмітрый Рабаў. У першую палову тыдня чакаецца даволі ветранае надвор'е, а спецыялістамі аб'яўлена штармавое папярэджанне. У аўторак часам пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. На асобных участках дарог захаваецца галалёдзіца. На большай частцы тэрыторыі чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ўдзень будзе 3—8 цяпла, а па паўднёвым захадзе — да плюс 10 градусаў.
Мокры снег і дождж чакаецца амаль паўсюдна і ў сераду. Уначы на дарогах захаваецца галалёдзіца. Тады ўвогуле стане штарміць, бо чакаецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—22 м/с. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе плюс 1—6 градусаў, а ўдзень па паўднёвым усходзе — да 8 цяпла.
Прыкладна з чацвярга чакаецца ўжо больш спакойнае надвор'е. Так, 4 лютага часам пройдуць невялікія ападкі, у асноўным мокры снег. Уначы і раніцай у некаторых раёнах чакаецца слабы галалёд, на дарогах — галалёдзіца. Прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 3 да плюс 3 градусаў, а ўдзень будзе ад нуля да 5 цяпла.
Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у пятніцу таксама чакаюцца невялікі дождж і мокры снег. Месцамі прагназуецца туман, на дарогах захаваецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 да плюс 2 градусаў, а ўдзень будзе ад мінус 1 градуса да 4 цяпла. Даволі цёплае надвор'е прагназуецца і на выхадныя.
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/syargey-kurkach
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] mailto:kurkасh@zvіаzdа.bу
[4] https://zviazda.by/be/tags/temperatura-pavetra
[5] https://zviazda.by/be/tags/pacyaplenne
[6] https://zviazda.by/be/tags/dzmitryy-rabau-0