Валавы ўнутраны прадукт Ірландыі вырас летась на 26,3 працэнта, паведамляе Цэнтральнае ўпраўленне статыстыкі гэтай краіны. Па абноўленых звестках ведамства, у 2015-м аб'ём ВУП склаў 243,9 млрд супраць €193,1 млрд годам раней. Паводле папярэдніх звестак лічылася, што летась эканоміка Ірландыі вырасла толькі на 7,8 працэнта, што таксама было найлепшым паказчыкам сярод краін ЕС. Прырост ВУП краін еўразоны, напрыклад, склаў толькі 1,6 працэнта.
Прырост валавога ўнутранага прадукту Ірландыі аказаўся самым высокім з зафіксаваных у 2015 годзе ва ўсім свеце. Па інфармацыі Міжнароднага валютнага фонду, больш чым 10-працэнтны прырост эканомікі ў мінулым годзе паказала толькі Эфіопія (+ 10,2%), а ВУП Палау і Папуа Новай Гвінеі выраслі на 9,4% і 9% адпаведна. Пры гэтым валавы ўнутраны прадукт ЗША летась вырас на 2,4%, Германіі — на 1,5%, Вялікабрытаніі — на 2,2%, Японіі — на 0,5%, Кітая — на 6,9%. Як жа «кельцкаму тыгру» ўдалося абагнаць усіх?
Варыянт для Эйрэ
Cпачатку колькі ключавых фактаў з найноўшай гісторыі. У снежні 1921 года быў падпісаны мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Ірландыяй. «Ізумрудны востраў» атрымаў статус дамініёна (так званая Ірландская Свабодная дзяржава), праўда, за выключэннем шасці найбольш развітых у прамысловым плане паўночна-ўсходніх графстваў (Паўночная Ірландыя) пераважна пратэстанцкіх, якія заставаліся ў складзе Злучанага Каралеўства. Аднак Вялікабрытанія захоўвала на тэрыторыі Ірландыі ваенныя базы, права на атрыманне «выкупных» плацяжоў за колішнія ўладанні англійскіх лендлордаў. У 1937 годзе краіна прыняла афіцыйную назву «Эйрэ».
У 1949 годзе Ірландыя абвешчана незалежнай рэспублікай. Было заяўлена аб яе выхадзе з Брытанскай Садружнасці. На той час гэта была адна з найбяднейшых краін Старога Свету з насельніцтвам 2,8 мільёна чалавек. Прычым колькасць жыхароў заўважна змяншалася — адсюль з'язджалі людзі ў пошуках лепшай долі. Толькі ў 1960-х спынілася эміграцыя з Ірландыі і тут быў адзначаны прырост насельніцтва. У 1973 годзе краіна стала членам Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. У 1990-х гадах Ірландыя ўступіла ў перыяд хуткага эканамічнага росту, які доўжыўся да 2007-га. Для апісання эканомікі Ірландыі ўжываўся тэрмін «Кельцкі тыгр». З 1996 па 2007 год ВУП краіны павялічваўся ў сярэднім на 7,1% у год, што перавысіла не толькі сярэднія сусветныя паказчыкі (3,2%), але і дасягненні хуткарослых азіяцкіх краін (4,3%).
Аднак сітуацыя змянілася. Цяпер ужо ўсе неяк забыліся, што яшчэ некалькі гадоў таму Ірландыя разам з Грэцыяй і Партугаліяй лічылася «паршывай авечкай» Старога Свету. Да поўнамаштабнага крызісу на «Ізумрудным востраве» прывяла фінансавая «бурбалка», якая лопнула на рынку нерухомасці. З надыходам сусветнага фінансавага крызісу 2008 года эканоміка Ірландыі адчувала рэзкі спад, звязаны з памяншэннем экспарту, праблемамі ў будаўнічай галіне і банкаўскім сектары. Паводле звестах МВФ, у 2008 годзе эканоміка краіны ўпала на 3,5%, у 2009-м — на 7,6%, што стала максімальным «мінусам» за ўсю гісторыю краіны. Восенню 2010 года ад наступстваў сусветнага фінансавага крызісу моцна пацярпелі банкаўскі сектар, рынак нерухомасці і бюджэт краіны.
Урад быў вымушаны скараціць некалькі тысяч працоўных месцаў, знізіць зарплаты, увесці новыя падаткі, а таксама звярнуцца па дапамогу да Еўрасаюза і МВФ.
Пяць гадоў таму Ірландыя была адным з атрымальнікаў фінансавай дапамогі так званай «тройкі» крэдытораў, якая складаецца з ЕС, ЕЦБ (Еўрапейскага цэнтрабанка) і МВФ. Тады для выратавання буйных банкаў, большая частка якіх з-за крызісу збанкрутавала, спатрэбіліся больш за 64 млрд еўра. За паўдзесяцігоддзе ірландцам у адрозненне ад калег па няшчасці не толькі ўдалося вылечыцца, але зноў выйсці ў еўрапейскія і нават суветныя лідары па эканамічным росце.
Цудадзейныя актывы
Найбольш істотны ўклад у рэкордны рост ВУП — за прамысловасцю і будаўнічай сферай. Аб'ём іх вытворчасці вырас на 87,3% — €46,5 млрд да €87,1 млрд. Астатнія галіны таксама дэманстравалі рост. Паводле звестак упраўлення статыстыкі, ён вагаўся ад 5,7 да 10,4%.
«Мы вельмі маленькая эканоміка, і вось што здараецца, калі атрымліваем вялікае павелічэнне актываў», — растлумачыў Bloomberg прадстаўнік ЦУС Майкл Коналі. У паведамленні ірландскага Мінфіна адзначаецца, што новыя звесткі аб росце ВУП палепшаць і іншыя макраэканамічныя паказчыкі Ірландыі. У прыватнасці, дэфіцыт бюджэту скароціцца да 1,9% ВУП, а ўзровень дзярждоўгу — да 79% ВУП.
Эксперты звязваюць рэзкі рост ВУП Ірландыі з пераносам у гэтую краіну штаб-кватэр буйных міжнародных карпарацый, прыцягнутых нізкімі стаўкамі падатку на прыбытак.
Калі штаб-кватэра буйной групы кампаній атрымлівае статус рэзідэнта, увесь прыбытак такой групы ўключаецца ў валавы нацыянальны даход. Эканаміст Джым Паўэр заявіў ірландскаму выданню The Іrіsh Іndependent, што гэта «бессэнсоўныя паказчыкі», бо рэзкі рост абумоўлены ростам «разавых фактараў», на яго думку, пакуль складана казаць аб рэальным росце, варта лепш разабрацца ў бягучай сітуацыі. «Нам трэба глядзець на беспрацоўе, падатковыя паступленні, узровень спажывання і спажывецкай упэўненасці», — адзначае Паўэр.
Міністр фінансаў Ірландыі Майкл Нунэн упэўнены, што ірландская эканоміка працягвае расці. Паводле яго слоў, дзякуючы росту ВУП Ірландыя цяпер атрымала доступ да танных крэдытаў і ёй зараз не трэба даказваць уласную фінансавую стабільнасць. Нунэн, у прыватнасці, адзначае, што знешні доўг Ірландыі цяпер складае 80% ВУП супраць 88% у папярэднім прагнозе.
Ірландыю часта называюць падатковым раем, хоць улады краіны сцвярджаюць, што гэта не так. Tут прагрэсіўная падатковая шкала, аднак верхняя планка карпаратыўнага падатку складае толькі 12,5%, у той жа час у ЗША кампаніі плацяць значна больш — 35%. Прывабныя ўмовы для развіцця бізнесу сталі прычынай таго, што амерыканскія кампаніі пачалі паступова сыходзіць у Ірландыю. Напрыклад, амерыканская фармацэўтычная кампанія Pfіzer абвясціла аб зліцці з ірландскай Allergan, пазначыўшы свае планы перанесці штаб-кватэру ў Ірландыю, адзначае выданне Los Angeles Tіmes. Гэта дапаможа Pfіzer пазбегнуць выплаты падаткаў на суму $148 млрд, паводле звестак арганізацыі Amerіcans for Tax Faіrness. Яшчэ адна амерыканская карпарацыя, звязаная з Ірландыяй, — гэта Apple, якая зарэгістравала звыш $180 млрд афшорнага прыбытку праз свае міжнародныя філіялы, што дапамагло кампаніі пазбегнуць выплаты падаткаў у ЗША на суму $59,2 млрд паводле справаздачы арганізацыі Cіtіzens for Tax Justіce. І яны не адны: больш за чвэрць кампаній са спіса Fortune-500 маюць філіялы ў Ірландыі.
ІТ плюс сельская гаспадарка
Да пачатку XXІ стагоддзя ключавымі галінамі эканомікі Ірландыі сталі фармацэўтыка, вытворчасць медыцынскага абсталявання, інфармацыйныя і мультымедыйныя тэхналогіі, машынабудаванне, харчовая прамысловасць. Электронная прамысловасць у Ірландыі надзвычай развітая. Яна складаецца з наступных сектараў — камплектуючыя, камп'ютары, паўправаднікі, распрацоўка і вытворчасць праграмнага забеспячэння, тэлекамунікацыі і інфармацыйныя камунікацыі. Па агульным аб'ёме вытворчасці ў гэтых сектарах Ірландыя ў топ-20 у свеце.
Як заўважаюць спецыялісты, краіна мае перавагу перад сваімі еўрапейскімі суседзямі дзякуючы значным інвестыцыям з ЗША, нізкім выдаткам вытворчай і гандлёвай дзейнасці, вялікай гнуткасці рабочай сілы, высокаму ўзроўню прадукцыйнасці і існаванню цесных сувязяў паміж навучальнымі ўстановамі і прамысловымі прадпрыемствамі. У Ірландыі знаходзяцца даччыныя прадпрыемствы шасці найбуйнейшых сусветных вытворцаў у ІТ-сферы — ІBM, Іntel, Hewlett Packard, Dell, Oracle, Mіcrosoft , а таксама яшчэ каля 300 буйных мясцовых кампаній, якія разам даюць каля трэці ўсяго экспарту краіны. Таксама ў Ірландыі размешчана мноства буйных вытворцаў фармацэўтычнай прадукцыі — Lіptor, Zocor, Weyth, Scherіng-Plough, Merck & Co., Pfіzer, Novartіs, Allergan, GlaxoSmіthKlіne. А таксама некалькі кампаній па вырабе медыцынскага абсталявання — Boston Scіentіfіc, Becton Dіckіnson, Bausch & Lomb, Abbott, Johnson & Johnson і Strіker. Большая частка фармацэўтычных заводаў знаходзіцца ў паўднёвай частцы Ірландыі. Прыкладна трэць са 150 кампаній, якія выпускаюць фармпрадукцыю, — невялікія мясцовыя фірмы. Яны вырабляюць, у асноўным, джынерыкі, вітаміны і біялагічна актыўныя дабаўкі, а таксама выконваюць заказы замежных вытворцаў.
У сферы машынабудавання найбольш развіта галіна па вытворчасці сельскагаспадарчага абсталявання. Некалькі ірландскіх кампаній з'яўляюцца сусветнымі лідарамі ў гэтым сектары, іх прадукцыя выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, малочнай прамысловасці, раслінаводстве. Лёгкая прамысловасць у Ірландыі прадстаўлена ў асноўным малым і сярэднім бізнесам, а экспарт індустрыі ў цэлым складае 1 млрд еўра ў год. Традыцыйна на высокім узроўні развіццё сельскай гаспадаркі.
Турызм у Ірландыі з'яўляецца адным з важных сектараў эканомікі, бо краіну штогод наведвае больш чым 6,2 млн чалавек, што прыкладна ў 1,4 раза больш, чым колькасць уласнага насельніцтва Ірландыі.
У турыстычнай галіне краіны занята больш за 200 тысяч чалавек, а штогадовы прыбытак ад турызму складае каля €5 млрд. У 2011 годзе чытачы Lonely Planet прызналі Ірландыю «лепшым месцам для адпачынку ў свеце», горад Корк — адным з дзесяці найлепшых гарадоў свету, а ірландскі сайт DіscoverІreland.com быў названы найлепшым турыстычным сайтам у свеце. Большасць турыстаў, якія наведваюць Ірландыю, прыязджаюць з Вялікабрытаніі, ЗША, Германіі і Францыі.
На думку аналітыкаў, сярод фактараў, якія забяспечылі «кельцкі эканамічны цуд» — уступленне ў Еўрапейскі саюз, інвеставанне ў інфармацыйныя тэхналогіі, тэлекамунікацыі, ахову здароўя і фармацэўтыку, міжнародныя і фінансавыя паслугі, вытворчасць праграмных прадуктаў, электронная камерцыя, інвестыцыі ў адукацыю, рэформа рынку працы і падатковай сістэмы, інвестыцыі з ЗША (у тым ліку ад амерыканцаў ірландскага паходжання), нізкія ўваходныя бар'еры, уключаючы моўны.
Вядома, цяперашнія тэмпы эканамічнага росту ў Ірландыі астатняй Еўропе не сняцца нават у самых ружовых снах. Зрэшты, асцярожныя галовы перасцерагаюць Дублін ад празмернага аптымізму. У падобных выпадках часта існуе небяспека «перагрэву» эканомікі. Ёсць яна, вядома, і ў выпадку з Ірландыяй. Праўда, адзначаюць эканамісты, рызыка перагрэву невялікая. Цэны на нерухомасць, крызіс на рынку якой і стаў галоўнай прычынай наймацнейшага крызісу ў 2008 годзе, зараз хутка растуць, асабліва ў вялікіх гарадах і сталіцы, але яны ўсё роўна яшчэ на 30% ніжэйшыя за тыя, што былі ў 2007 годзе, напярэдадні крызісу.
Ірландскія ўлады з аптымізмам глядзяць у будучыню. Падставы для гэтага маюцца. Беспрацоўе, перавысіўшы ў пачатку 2012 года 15%, знізілася да адзнакі 8,9%, а тэмпы эканамічнага росту дэманструюць рэкорды. Многія цяпер жартам кажуць, што «кельцкага тыгра» варта перайменаваць у «кельцкага фенікса» з-за ўмення Ірландыі з гонарам выкарасквацца з самых складаных эканамічных сітуацый.
Захар БУРАК
burak@zvіazda.by [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burak@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/irlandyya
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/vup