На спецыялізаваных выставах бацькі змогуць набыць усё неабходнае да новага навучальнага года.
У сталіцы з 11 па 21 жніўня ў Палацы мастацтваў (на вуліцы Казлова, 3) будзе адкрыта тэматычная выстава «Школьны базар ад «А» да «Я». 20-21 жніўня закупіць школьную форму і канцтавары мінчане змогуць на пляцоўцы каля Палаца спорту — там чакаецца агульнагарадскі кірмаш «Час у школу!». Міжнародныя спецыялізаваныя выставы будуць арганізаваны і ў цэнтры «БелЭкспа», з 24 па 31 жніўня.
Школьныя кірмашы запланаваны ў гэтым месяцы таксама ў Мінскай вобласці. 13 жніўня тэматычныя базары пройдуць у Барысаве і Жодзіне, 20-га — у Барысаве, Вілейцы, Любані, Маладзечне, Салігорску, Слуцку, 21-га — у Нясвіжы, 27-га — у Жодзіне і Вілейцы.
У Гродне спецыялізаваны кірмаш «Добры дзень, школа!» працуе да 4 верасня без выхадных. Свае тавары там прадстаўляюць 48 прадпрыемстваў.
Да 4 верасня дзейнічаюць пастаянныя кірмашы ў Гомелі: побач з цэнтральным рынкам і каля гандлёвага дома «Рэчыцкі». Кожныя выхадныя жніўня і 3-4 верасня гарадскія школьныя базары будуць арганізаваны таксама на плошчы Паўстання.
У Брэсце школьныя базары працуюць па вуліцы Гогаля кожныя выхадныя жніўня.
Магілёўскі спецыялізаваны кірмаш (знаходзіцца на пляцоўцы гандлёвага комплексу «Парк-Сіці») адкрыты штодзень да канца жніўня.
Базары для школьнікаў Віцебска запланаваны на 20 і 27 жніўня па вуліцы Леніна.
Усяго да навучальнага года плануецца правесці больш за дзве тысячы выстаў-продажаў для вучняў. Мерапрыемствы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі і будуць суправаджацца забаўляльнымі праграмамі, конкурсамі для дзяцей, рэкламнымі акцыямі.
Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/natallya-lubneuskaya
[2] https://zviazda.by/be/gramadstva
[3] https://zviazda.by/be/adukacyya
[4] mailto:lubneuskaya@zvіazda.by
[5] https://zviazda.by/be/tags/shkolny-kirmash
[6] https://zviazda.by/be/tags/shkolnaya-forma