У сталіцы адбылася дзелавая сустрэча паміж прадстаўнікамі прадпрыемстваў Беларусі і Буркіна-Фасо. У ходзе мерапрыемства кіраўнікі шасці заходнеафрыканскіх і 24 беларускіх кампаній правялі перамовы аб магчымасцях развіцця супрацоўніцтва ў сферах вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі, электронікі і прымянення інфармацыйных тэхналогій у банкаўскім сектары.
Намеснік старшыні беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір Улаховіч адзначыў, што з Буркіна-Фасо ў нашай краіны яшчэ пачатковы этап супрацоўніцтва. У апошнія гады Беларусь больш актыўна працуе з рынкамі «далёкай дугі», асабліва з тымі краінамі, якія маюць у сваіх планах дзяржаўныя праграмы развіцця інфраструктуры, сельскай мясцовасці — усё тое, што можа быць выкарыстана для прасоўвання беларускага машынабудавання. Сярод асноўных кірункаў кааперацыі з Буркіна-Фасо таксама прадукты харчавання, нафтахімія і здабыча карысных выкапняў.
«З гэтай краінай у Беларусі пакуль досыць сціплы тавараабарот. Аднак у перспектыве чакаецца вялікі кантракт на пастаўку 500 беларускіх трактароў», — дадаў Уладзімір Улаховіч.
Член бюро гандлёва-прамысловай палаты Буркіна-Фасо Адам Траорэ адзначыў, што зараз у яго краіне актыўна наладжваюць сувязі з многімі дзяржавамі свету.
«Беларусь уяўляе для нас асаблівую цікавасць таму, што ваша краіна — перадавы вытворца сельскага машынабудавання, — сказаў Адам Траорэ. — Мы хочам бліжэй пазнаёміцца з вашымі прадпрыемствамі для знаходжання магчымасці кааперацыі. У складзе нашай дэлегацыі прыехалі прадстаўнікі кампаній харчовай прамысловасці, лагістыкі, машынабудавання, электроннай камерцыі, перапрацоўкі бавоўны».
Ілья КРЫЖЭВІЧ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/ilya-kryzhevich-0
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:kryzhevіch@zvіazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/uladzimir-ulahovich
[5] https://zviazda.by/be/tags/burkina-faso-0
[6] https://zviazda.by/be/tags/adam-traore