Антон Піліпчык жыве ў г. Бярозаўка Лідскага раёна. Расказваючы пра сябе ў лісце, дасланым у рэдакцыю «Звязды» разам з апавяданнем, ён прызнаўся: «Яшчэ дашкольнікам, не ўмеючы як належыць пісаць, вусна складаў смешныя вершыкі на камічныя вясковыя падзеі. Напрыканцы вучобы ў сярэдняй школе з падачы настаўніцы беларускай мовы і літаратуры паважанай Марыі Сіланцьеўны Шаўчонак (зараз даволі вядомая ў пісьменніцкім асяроддзі нашай краіны паэтка, жыве ў Гродне) мае першыя вершы былі змешчаны ў школьнай літгазеце, а потым надрукаваны ў шчучынскай раёнцы. Пазней ужо я і сам адважыўся дасылаць свае сачыненні ў газеты».
Аднак, калі прыйшоў час думаць пра будучую прафесію, Антон Сямёнавіч выбраў журналістыку і ў выніку амаль усё сваё жыццё прысвяціў працы ў раённых газетах. Праўда, пра вершы пры гэтым не забываўся. А пазней у друку пачалі з'яўляцца і яго апавяданні. Сёння Антон Піліпчык на заслужаным адпачынку, але ў тых, хто адчувае ў сабе прагу да літаратурнай творчасці, «заслужаных адпачынкаў», як вядома, не бывае.
Алесь Бадак
Снегу тою зімой нападала багата. Доўга лютавалі маразы. У адзін з такіх золкіх дзён з рамонтнай майстэрні сельгаскааператыва дамоў Міхась Карэнка сігаў, што называецца, без духу — да наступлення цемнаты хацеў сам ухадзіцца па хатняй гаспадарцы, бо жонка гэта заўсёды рабіла абы з рук. Ёй, бачыш, трэба паглядзець тэлесерыялы, палялякаць па тэлефоне з дачкой, нявесткай, з сяброўкамі. Але, як ён ні паскорваў хаду, сваю Зіну ўсё-такі засціг ужо ў хлеўчуку з ахапкам сена ў руках.
— Пачакай даваць яго карове, пачакай... — перапыніў з парога жонку. — Выдатны лугавы корм у нас і ў стажку ляжыць — парэж, смятанкай аблі, то і сам папоўніцы станеш жэрці...
Сядзіба Карэнкаў месцілася ўскрай вёскі. За нейкую паўсотню метраў ад яе распачынаўся рэдзенькі лес-маладнячок, а далей ішоў густы стары, з векавымі гонкімі соснамі і разлапістымі елкамі, выгібістымі, у губках, бярозамі, асінамі і іншымі дрэвамі, даволі ладны лясны масіў. Адна, даўно ўжо не падлетак, хвойка кучаравілася і на Карэнкавым пазагуменні. За крокаў пяць да яе ладным, бы пастаўленым на пятку, яйкам і ўзвышаўся сянны стажок. Дабраўшыся цераз пульхны сумёт да гэтага медунічна-пахкага фуражу, Міхась аслупянеў.
— А якой жа гарончыкі?!.. Зінуля, — паклікаў ён жонку, — давай да мяне!.. — Калі па тоўстым белым пуховым покрыве жанчына нарэшце прыпхнулася, незадаволена спытаў: — Ты нічога тут апошнім часам не прыкмячала? Глядзі: слядоў ланцуг, і сена ці то пааскубанае, ці то павыяданае...
— Ну але!
— Нуале, нуале!.. — перакрывіў жонку і непрыязна загадаў: — Ідзі ты ў хату! Не карчаней. Акрым тэлевізара і кіно, нічога табе больш не ў галаве. Засерыялілася...
Зіна, за што і любіў яе Карэнка, аніколі, нават калі без дай прычыны напускаўся на яе, не станавілася ў позу, не строіла з сябе пакрыўджаную, не агрызалася, а моўчкі адступалася далей, усё роўна як ад кіпячай каструлі, каб бурбалкі кіпеню незнарок не апяклі...
З хлеўчука ў хату неўзабаве прыцёўпаў і сам Міхась, і толькі паспеў паздзіраць з сябе апранак — жонка далікатна, як мужавай нездаволенасці ёю і не было, да яго са здагадкай:
— Ведаеш, што я табе скажу?.. Учора ў краму па хлеб хадзіла...
— Ну і што?!
— А тое «нуішто»... Вясковыя бабы, чула, гаварылі: днямі адзін чалавечак на легкавушцы пёрся дарогаю па той бок лесу... Дык дарогу яму перагарадзіў лось.
— Лось?! Не чуў я пра такое.
— Ну, лось! Але звер, казалі, усяго пахістаўся, быццам п'яны, пабрыкаўся — і яго толькі бачылі, а машыну да горада пацягнулі добра-такі пашкоджаную...
— А ты, Зінулька, малайцом!.. Шэрлак Холмс у паркалёвай сукенцы... З дэдукцыяй і індукцыяй у цябе, як відаць, усё ў норме, — Міхась паволі агойтваўся ад атрыманага ля сяннога стажка стрэсу, выпускаў цяпер рэшткі пары: — Бач, дзе атайбаваўся сталавацца, лясная ненаедная скацінка!.. Дзе ж, такі марозішча пячэ, з-пад снегу нават і на зуб нічога не накапаеш... Ну, я... Я яму такога дэлікатэсу ўмармую!..
Пад «такога дэлікатэсу ўмармую» Карэнка меў на ўвазе тое, што ўжо складала змест імгненна выспелага ў галаве плана: дастаць са спрату колішнюю бацькаву, царства яму нябеснае, паляўнічую двухстволачку і ўпільнаваць няпрошанага госця ды над ягоным вухам дуплетам...
Калі сваёй задумай Міхась падзяліўся з жонкай, тая перасцерагла:
— Толькі ж не ўмыслі застрэліць, за краты трапіш... Лепей, можа, па якой блясе пабарабань, га?
— Вось дык галава і два вухі! — зайшоўся ад смеху Карэнка. Ён чакаў адабрэння свайго радыкальнага намеру, а тут...
На раніцу прага як мага хутчэй блізкім стрэлам раз і назаўжды адпудзіць ласуна-нахабніка ад медунічна-пахкага сена падняла Міхася з цёплага запечнага бярлогу яшчэ да пеўняў. Па паднастылай за ноч хаце засноўдаўся, не ўключаючы святла. А ледзь праз аконныя шыбы праступіла шэрасць сцюдзёнага досвітку, хутка экіпіраваўся як мае быць і ціхенька-ціхенька высунуўся на падворак.
Нахабнік-лось, як і вымеркаваў Карэнка, прыджгаў да стажка, калі толькі-толькі бралася днець. Гладкі, круглабокі звер, як ні лысы, прыняўся зубамі-разакамі выцягваць косму за космай, апетытна перажоўваць і глытаць сена, аж рогі, што, як у каровы, спіцамі, калышуцца. «Такі звер, бачыш, небяспечны: саперніка гэткімі коп'ямі лёгка прашывае. Не цырымоніцца б мне з ім, а смальнуць у лабаціну...» — разважыў Карэнка так сабе і асцярожна паўзвёў куркі. «Ну, зараз пабачым, ласёк, якія ў цябе рогі нягнуткія і капыты хуткія...» — прашаптаў сам сабе для храбрасці. І, нібы падхоплены ветрам, з настаўленай угору стрэльбай — шмыг да стажка. У гэты ж самы міг лось рэзка выгнуў шыю дугою і, як звар'яцелы, з усіх ног, — міма самага Карэнкі, цудам яго не пырнуўшы, а далей — па-за забудовай чу-чух, чу-чух, толькі снег з-пад яго ляціць...
Да агаломшанага Міхася не адразу дайшло, што стаіць-то ён ужо... абяззброеным! Калі крыху ацяміўся, пашукаў вачыма па снезе, стажку — ягоная двухстволачка як растварылася. Ен туды-сюды, памкнуўся за ласём і пачуў: «Шпок-шпок!» Паціснуў плячыма — і які гэта бэйда лупянуў? Міхась яшчэ больш змітрэнжыўся, калі раптам голасна, на ўвесь божы свет, выкінуўшыся з хаты паўгаляком, залямантавала жонка:
— Ты яго ўсё-ткі застрэліў!.. Упаў ён вунь, не ўстае... А я ж прасіла, не забівай... А-ёй-а-ёй, што цяпер будзе?
— Цыц! — вырвалася з Міхася грубае, злоснае. — Я не страляў!..
— Ён не страляў?!.. Хапай, бандзюга, сваю гэтую качаргу, каб яна згарэла, і хавай, пакуль не позна... У студню вунь кінь! Тут зараз будзе поўна міліцыі... А-ёй-а-ёй!..
— Не енч! Не я страляў, кажу табе!.. Не я! — і Міхась, увесь трасучыся, пабрыў туды, дзе ягоныя вочы ўжо выразна разгледзелі на снезе зусім нерухомага небараку-лася.
Наблізіўшыся да апруцянелай жывёліны, Карэнка ўбачыў і сваю стрэльбу. Падняў яе, абабіў снег, са ствалоў «палохаўкі» патыхала смаленым. Тут Міхась і зразумеў усё: там, ля стажка, з ягоных рук лось на рогі сабе і падчапіў дубальтоўку, а потым, вядома ж, спрабаваў скінуць, і куркі спрацавалі...
«Не, Зінка, не шый мне, калі ласка, крыміналу!» — з такімі павесялелымі думкамі, Карэнка памкнуўся ў дом сунімаць жонку, бо падумаў, што тая ўжо, мабыць, гром ведае да чаго дафантазіравалася — у страха вочы велькія...
— Ну няхай усё адбылося так, як ты і кажаш. Але, сам падумай, хто стане разбірацца?.. Лось жа мёртвы!.. Не траць попусту часу! Хавай стрэльбу! Казала як добраму, лепей па блясе пабарабань... — у Міхася і без таго рабро за рабро заходзіла, сэрца дрыжэла дрыжма, а жонка ўсё болей паддавала страху: — Во, будуць табе хаханькі ды хіханькі, як за краты запхнуць...
— Ды хопіць, Зіна! Вык-енк развяла. Прыкра слухаць! Здзеялася тое, што здзеялася... Стрэльбу ж я, канешне, схаваю. Мушу! Бо зарэгістравана ўсё яшчэ на бацьку...
— Во!.. Яшчэ і штрафу велькага ўваляць... А плаціць чым будзем? Мільку прадаваць павядзеш?.. Увесь свет абрагочацца... Нічога сабе!
— Нічога сабе!.. Не хвалюйся. Будзеш і з кароваю, і з усім сваім дабром, калі, праўда, сваім язычком-мянташкай бяды не наклічаш... Мне вось пра што падумалася. У вёсцы, калі і чулі стрэлы, то там наўрад ці што скумекалі... У ёй жа адны пенсіянеры. Глухаватыя, і спяць, пакуль сонца ў зубы не засвеціць... Дык паслухай вось мяне. Пайду я паўшага смерцю храбрых збольшага закідаю снегам. Паглядзіш, неўзабаве свежанінку счуюць сабакі, а магчыма, і ваўкі — дармавіну расцягнуць умомант. І ўсё будзе шыта-крыта...
Лапату для, так бы мовіць, заграбальнага дзела Міхась выцягнуў тую, што нядаўна спецыяльна змайстраваў для ачысткі падворка ад снегу. Узброіўшыся ёю, мінуў толькі веснічкі і зірнуў туды, дзе неспадзеўна знайшоў спачын лось, аслупянеў — звера няма...
— А гэта ж! Дзе ён?..
Падышоў бліжэй — убачыў толькі ямку, дзе ляжаў звер. І нідзе ні кропелькі крыві!..
Міхась раптам зарагатаў. З сябе, з Зіны, з перапалак з жонкай, а найбольш — з аплэвуха-лася: надарыўся ж слабанервны! Ад стрэлаў, бачыш, у шок упаў, нерухомым зрабіўся, а параліч прайшоў — і памінку не засталося...
Адчыняў Карэнка дзверы ў хату і ўсё яшчэ заходзіўся ад смеху.
— Звар'яцеў — ці якой гарончыкі? — зыркала на мужа Зіна. — Што гэта ты яшчэ ўчвэрыў?
— З такога, жоначка ты мая, зусім здохнуць можна... Усё! Трывозе трубім адбой!.. Несапраўдная была. Лось, бачыш... гэта проста з перапалоху адключыўся... Няма яго ўжо, у лес джыгануў...
Пакінуўшы прыбірацца ў хаце — чакаўся ж наплыў міліцыі, інспектараў розных — Зіна кінулася да акна: ці не маніць Міхась?
— Ты ж яго снегам абгарнуў, кпіш з мяне... — усё яшчэ не верыла.
— От дурылдзіха! Кажу табе...Так што з навядзення ў доме марафету пераключайся на прыгатаванне сняданку. Ды каб быў ён, чуеш, са ста грамамі! Стрэс зняць трэба ж...
— Я табе зараз устаграмую і здыму!.. — Зіна наўмысна пачала аббягаць вачыма пакой, што дзе такое ўхапіць у руку. — Развесялеў ужо...
— Ціха, ты, ціха... Я лепей пайду да Мількі... Усыплю карміліцы нашай камбікорму, сечкі, сена пакладу... Таго самага, якое не ўсё яшчэ ўлопаў лось... Стаіць недзе, бедная, і трасецца, што здаваць на бойню павядзём, каб штрафы заплаціць... — Карэнка, рагочучы, даўся з хаты.
Неўзабаве ўсеўшыся за стол на кухні есці прыгатаваныя жонкай пульхныя апетытныя аладкі ды яшчэ з засмажанай дамашняй каўбасой і ўсё-такі выцыганенымі, для зняцця стрэсу, ста грамамі, Міхась да жонкі прамовіў:
— Пойдзеш мо да магазіна? То ж глядзі, пра тое, як адпужваў лася, маўчы, — але, на момант задумаўшыся, перайначыў: — Гэта пра стрэльбу ты ні гу-гу!.. А пра ўсё астатняе можаш расказваць, на колькі не забракне фантазіі... Скажаш, што ў бляху як бабахнуў... Ха-ха-ха...
— Хе-хе-хе... — перадражніла мужа Зіна. — Гэта я павінна зараз заходзіцца ад смеху. Праганяў, называецца, лася... Ых!.. Еш жвавей, няўдалае пудзіла! — выпаліла, пастукваючы кулаком па рагу стала не зларадна, а наадварот, мякка-лагодна, з усмехам.
Твар жонкі паружавеў. Міхась на яе ніколькі не пакрыўдзіўся. У гуморы роднага чалавека адчуў добрыя перамены. Настрой і ў яго самога, вядома ж, і ад прагна ўлітай у страўнік чарачкі віна, паляпшаўся...
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/kultura
[2] https://zviazda.by/be/litaratura
[3] https://zviazda.by/be/tags/god-kultury
[4] https://zviazda.by/be/tags/na-konkurs-apavyadannyau
[5] https://zviazda.by/be/tags/litaratura
[6] https://zviazda.by/be/tags/pismennik
[7] https://zviazda.by/be/tags/ales-badak-1
[8] https://zviazda.by/be/tags/anton-pilipchyk