Параалімпіяда ў Рыа-дэ-Жанэйра прынесла бабруйчаніну Ігару Бокаму неверагодны поспех. Ён сем разоў уздымаўся на пераможны п'едэстал і шэсць з іх — на найвышэйшую прыступку. У адзін момант ён стаў амаль нацыянальным героем Беларусі. У магілёўскім карпункце «Звязды», куды ён завітаў неўзабаве пасля вяртання на радзіму, «залаты» плывец чэсна прызнаўся, што цяпер атрымлівае столькі званкоў, што ледзь паспявае адказваць.
— У Рыа я наогул адключаў тэлефон, каб цалкам засяродзіцца на спаборніцтвах, — усміхаецца ён. — Бадзёрасці надавалі тэлеграмы. Пасля першага «золата» мяне адразу ж павіншаваў наш Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Былі таксама тэлеграмы ад старшыні Бабруйскага гарвыканкама Андрэя Каваленкі, міністра спорту Аляксандра Шамко. Калі прыляцелі ў Мінск, нас сустракалі, як трыумфатараў. Усе віншавалі, было прыемна чуць, што ўсе так за нас хварэлі.
— А як у Рыа рэагавалі на ваш поспех?
— Сапраўды, я стаў любімчыкам параалімпійскага руху ў плаванні. Нават Міжнародны Параалімпійскі камітэт цяпер раіць звяртаць на мяне ўвагу і наведваць спаборніцтвы з маім удзелам. Маўляў, будзе цікава. Гэта вельмі ганарова для мяне. У Рыа ў мяне былі нават фанаты сярод бразільцаў.
— У вашай скарбонцы шмат залатых медалёў. Ці ёсць у вас годныя сапернікі сярод аднагодкаў?
— Канешне. Адсочваю іх выступленні і стараюся дасягаць не горшых вынікаў. Ёсць украінец — Яраслаў Дзенісенка, мы амаль ушчыльную ідзём з ім на адной дыстанцыі. Таму трэба быць напагатове.
— Ён таксама змагаўся ў Рыа?
— Так. Ён, здаецца, заваяваў 4 медалі.
— Вам пашчасціла ў 22 гады стаць удзельнікам дзвюх Параалімпіяд — у Англіі і зараз у Бразіліі. Якія змены адбыліся за гэтыя 4 гады?
— Для мяне гэтыя Параалімпіяды розныя, таму што на першую я ехаў звычайным удзельнікам, а на гэтую ўжо тытулаваным спартсменам. Гэта накладала адбітак адказнасці. Я не мог не спраўдзіць спадзяванні, якія на мяне ўскладаліся. Абедзве Параалімпіяды падобны толькі тым, што гэта самыя вялікія спаборніцтвы ў чатыры гады, у якіх удзельнічаюць усе вядучыя спартсмены. Арганізацыя была ўсюды добрая, харчавання вялікі выбар. У Рыа былі крыху не такія ўмовы, як у Лондане, але для стартаў, для падрыхтоўкі ніякіх перашкод не было. Былі створаны ўмовы, якія адпавядалі ўсім патрабаванням.
— А час недзе пабываць, нешта паглядзець быў?
— Пасля стартаў нас павезлі на экскурсію. Былі побач з акіянам, але не выходзілі з аўтобуса, бо нас папярэдзілі, што на пляжы небяспечныя бактэрыі і там лепш не гуляць. Бачылі знакамітую статую Ісуса Хрыста на вяршыні гары Каркаваду. Адтуль адкрываецца панарама горада і бухты з маляўнічай гарой Цукровая Галава. Усё вельмі прыгожа, вельмі спадабаліся пейзажы. Было вельмі цёпла, хоць гэта пара года ў іх лічыцца зімой.
— Якія падарункі паспеў ужо атрымаць на радзіме самы тытулаваны спартсмен Параалімпіяды-2016?
— Пакуль што толькі Бабруйск выдзеліў мне прэмію.
— А наогул часта прыходзіцца бываць дома — у гэтым горадзе?
— Прыязджаю і да бацькоў, і на зборы. Вельмі люблю Бабруйск. Менавіта тут пачынаўся мой шлях у спорт.
— Вашы бацькі таксама былі спартсменамі?
— Бацька, дарэчы, займаўся плаваннем і яшчэ некалькімі відамі спорту. Былі нейкія дасягненні, але нядоўга. Тады наогул быў іншы час, свае складанасці. Цяпер спорт для маіх бацькоў у мінулым, але яны вядуць дастаткова актыўны лад жыцця. Катаюцца на веласіпедах.
— А вы як трапілі ў спорт? За кампанію з бацькам?
— На плаванне мяне прывяла маці. Яна прыслухалася да парад урачоў, якія сказалі, што паколькі ў хлопчыка праблемы са зрокам, плаванне — лепшы сродак накіраваць яго энергію ў патрэбным рэчышчы. Да таго ж гэта пойдзе толькі на карысць і не пагоршыць зрок.
— Вас прывялі ў плаванне, і вы адразу паказалі сябе з лепшага боку? Напэўна сталі першым сярод вучняў?
— Любімчыкам не быў, знаходзіўся дзесьці ў сярэдзіне. А потым стаў больш актыўна развівацца. З той групы, з якой я пачынаў займацца, сёння застаўся толькі я адзін. З Бабруйска ў Мінск пераехаў, калі хадзіў у восьмы клас. Працягваю дагэтуль трэніравацца там.
— Цалкам аддаяце сябе спорту? Нічым іншым не займаецеся?
— Пакуль так. Люблю глядзець сучасныя камедыі.
— Што найскладаней даецца ў спорце?
— Брас пакуль для мяне самы складаны від плавання. Але я зрабіў для сябе прарыў. У Лондане на гэтай дыстанцыі заняў 8-е месца, а зараз 3-е. Гэта для мяне вялікае дасягненне. Дзякуй за гэта майму мінскаму трэнеру Генадзю Вішнякову. Шмат што для мяне зрабіла і мой першы трэнер Наталля Пазнякова.
— Якія цяпер мэты ставіце перад сабой у спорце?
— Наперадзе яшчэ хапае вяршынь, якія хочацца пакарыць. Буду імкнуцца дасягаць лепшых вынікаў, перамагаць самога сябе.
— А хто вас у гэтым падтрымлівае?
— У першую чаргу мае бацькі, брат Яўген і мая дзяўчына Вольга.
— Вы хочаце сказаць, што сэрца самага тытулаванага спартсмена Параалімпіяды-2016 ужо занята?
— Так (усміхаецца).
— Яна бабруйчанка?
— Так. Але вучыцца ў Мінску ў БДУ на філалагічным факультэце.
— Для свайго малодшага брата вы, напэўна, кумір і ўзор для пераймання?
— Ён — галоўны мой балельшчык і таксама займаецца плаваннем.
— Зараз куды вашы думкі накіраваны? Што збіраецеся ў бліжэйшы час здзейсніць?
— Планую з'ездзіць з дзяўчынай, бацькамі і братам у адпачынак у якую-небудзь цёплую краіну. Адпачыць эмацыянальна і псіхалагічна.
— Вам падабаецца падарожнічаць? У якіх краінах паспелі пабываць?
— Калі шчыра, цяжка сказаць. Шмат дзе бываў. Але кожны раз прыемна вяртацца дадому ў Беларусь. А так, цікава ўсюды пабываць. Зараз хочацца туды, дзе цёпла. Але, каб пералёт быў нядоўгі. 16 гадзін лёту з Рыа — гэта было цяжкавата.
— Пасля адпачынку зноў трэніроўкі?
— Буду актыўна рыхтавацца да будучых стартаў. У наступным годзе, у верасні, — чэмпіянат свету па плаванні ў Мексіцы.
— У далёкім будучым кім сябе бачыце?
— Пакуль у мяне няма такіх доўгатэрміновых планаў, не задумваюся пра сваё далёкае будучае. Буду займацца спортам, наколькі доўга гэта будзе магчыма. А далей — як жыццё складзецца.
— Ваша крэда?
— Ісці па жыцці з усмешкай і ўмець радавацца дробязям.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/neli-zigulya
[2] https://zviazda.by/be/sport
[3] http://zigulya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/igar-boki
[5] https://zviazda.by/be/tags/paraalimpiyada-u-rya-de-zhaneyra
[6] https://zviazda.by/be/tags/plavanne