Капыльскі філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сыраробны камбінат» у наступным годзе пачне выпускаць сухую дэмінералізаваную малочную сыроватку.
Раней сыроватку наогул вылівалі ў ачышчальныя збудаванні. Цяпер на заводзе наладжана безадходная вытворчасць сыроваткі шляхам яе высушвання. У далейшым тут ставяць задачу па павышэнні яе якасці. У Чэхіі закупляецца абсталяванне, якое дазволіць давесці сыроватку да ступені дэмінералізацыі 80—90%.
Па словах дырэктара філіяла Івана Горбача, ініцыятар праекта коштам 1,26 млн еўра — само прадпрыемства. Крэдытныя рэсурсы для гэтых мэт не прыцягваюцца. За кошт асабістых сродкаў ужо пабудаваны цэх для ўстаноўкі абсталявання: першыя плацяжы ўнесены і ў найбліжэйшай перспектыве яно пачне паступаць на завод. Мантаж абсталявання плануецца завяршыць да канца гэтага года, а выпуск новага віду прадукцыі мяркуецца пачаць у 2017-м.
Такая сыроватка выкарыстоўваецца ў кандытарскай, хлебнай вытворчасці. Яна ў 2-2,5 раза даражэйшая, чым звычайная. І вельмі запатрабаваная на рынку Расійскай Федэрацыі. У перспектыве магчымы пастаўкі новай прадукцыі на рынкі іншых краін Еўразійскага эканамічнага саюза. Як адзначыў Іван Горбач, праект павінен апраўдаць сябе за год-паўтара. Напрыклад, у 2010-м быў адкрыты цэх па вытворчасці сухога абястлушчанага малака і сухой малочнай сыроваткі. Планавалася, што праект акупіцца за чатыры гады. Аднак гэты тэрмін аказаўся амаль удвая меншым.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/tags/taccyana-lazouskaya
[2] https://zviazda.by/be/ekanomika
[3] mailto:lazovskaya@zviazda.by
[4] https://zviazda.by/be/tags/malochnaya-pradukcyya
[5] https://zviazda.by/be/tags/syr
[6] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[7] https://zviazda.by/be/tags/rynak
[8] https://zviazda.by/be/tags/spazhyvec
[9] https://zviazda.by/be/tags/gandal
[10] https://zviazda.by/be/tags/syvaratka