Зусім хутка — у лютым — у Выдавецкім доме “Звязда” выходзіць дзіўная кніга. Чытачы атрымаюць аповесць-казку вядомага пісьменніка і публіцыста Алеся Карлюкевіча “Шубуршун і яго сябры” адразу на дзвюх мовах — рускай і кітайскай. Такі падарунак вельмі да месца, паколькі адзначаецца 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем. Супрацоўніцтва паміж краінамі развіваецца плённа і дынамічна, прычым не толькі ў эканоміцы. Стасункі актыўна развіваюцца і ў культурнай прасторы. Чаму б не прапанаваць маленькім кітайскім чытачам захапіцца прыгодамі незвычайнага беларускага Шубуршуна і яго сяброў? Ідэя насамрэч проста выдатная і цудоўна, што яна нарэшце ўвасобілася ў жыццё.
Напэўна, сышліся на небе зоркі. Пераклад выканаў мінскі гімназіст з кітайскім прозвішчам Сунь Фаньці. Яго маці — спадарыня Лю Сулін — працуе дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага універсітэта. А хлопец, закончыўшы пачатковую школа і гімназію Далянскага тэхналагічнага універсітэта, прыехаў да маці ў Мінск. І зараз вучыцца ў сталічнай гімназіі №7. І літаральна “захварэў” Беларуссю.
— Я яшчэ раней цікавіўся беларускай і рускай літаратурай, вашымі ваеннымі фільмамі і, канешне, смачнымі стравамі беларускай нацыянальнай кухні, —смяецца Фаньці. – Вельмі люблю фатаграфаваць і гуляць у шахматы. У свой вольны час перакладаю на кітайскую мову казку пра прыгоды дзіўнага Шубуршуна.
— Як з’явілася ідэя перакладу?
— Ідэя перакладу з’явілася на самай справе ў мяне ўжо даўно, нават яшчэ ў дзяцінстве мяне вельмі цікавіла руская літаратура. І два гады таму, паколькі я пераехаў у Мінск, што называецца, падцягнуў мову, гэта дазволіла мне перакладаць творы.
— Дагэтуль быў вопыт перакладчыцкай дзейнасці?
— Да гэтага я ніколі не перакладаў такія творы, але сваю працу я пастараўся зрабіць максімальна добра і веру, што кітайскім чытачам абавязкова спадабаецца гэтая казка.
— Ці будзе працяг дзейнасці ў сферы перакладу?
— Так, буду працягваць і расці ў творчым плане (усміхаецца). Пакуль я толькі перакладаю артыкулы на кітайскую, але паступова буду яшчэ перакладаць з кітайскай, да прыкладу, на рускую і беларускую.
— Шубуршун зацікавіў кітайскіх чытачоў?
— Аб цікавасці кітайскіх чытачоў да гэтай кнігі казаць пакуль заўчасна, бо яе не прадаюць у Кітаі. Але наколькі я ведаю, усім людзям, якія прачыталі мой пераклад, яна вельмі спадабалася. Казка выстаўлена на кітайскай мове на некаторых Інтэрнэт-рэсурсах.
— Каго з перакладчыкаў лічыце сваім арыенцірам?
— Мой любімы перакладчык — Гао Ман. Нягледзячы на тое што яму ўжо летась споўнілася 90 гадоў, гэты легендарны чалавек застаецца ў прафесіі. Да прыкладу, пераклаў на кітайскую мову"Цынкавых хлопчыкаў” Святланы Алексіевіч. Ад усёй душы жадаю, каб казка пра Шубуршуна спадабалася кітайскім чытачам, і дазволіла большай колькасці людзей звярнуць увагу на цудоўную беларускую літаратуру.
— Мы таксама шчыра зычым Шубуршуну скарыць Паднябесную, а перакладчыку Сунь Фаньці — пакарыць новыя творчыя вяршыні, якіх, перакананы, у яго будзе шмат.
Мікалай ЛІТВІНАЎ
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/mikalay-litvinau
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya-0
[4] https://zviazda.by/be/vestki-z-kitaya