Кіпр зноў у «топе» стужак навін сусветных інфармагенцтваў. На мінулым тыдні ўсе чакалі, што адбудзецца насамрэч гістарычная падзея, аднак міжнародная канферэнцыя ўз'яднання грэчаскай і турэцкай частак Кіпра ў Жэневе завяршылася безвынікова. У прадстаўнічым форуме, які праходзіў пад старшынствам Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша, таксама ўдзельнічалі прэзідэнт Рэспублікі Кіпр Нікас Анастасіадзіс, лідар турэцкай абшчыны вострава Мустафа Акынджы, кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер і кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Федэрыка Магерыні. Разам з кіраўніком МЗС Вялікабрытаніі Барысам Джонсанам на перамовы прыбылі яго калегі — Нікас Катзіас з Грэцыі і Меўлют Чавушаглу з Турцыі. Як вядома, гэтыя краіны з'яўляюцца гарантамі балансу сіл на востраве.
Цяпер работа будзе працягнута на экспертным узроўні. «Спачатку прадстаўнікі ўсіх бакоў сустрэнуцца 18 студзеня», — заявіў прадстаўнік урада Рэспублікі Кіпр Нікас Хрыстадулідзіс. Па словах Нікаса Катзіаса, група экспертаў павінна прадставіць даклад аб узбраенні і колькасці войскаў, дыслакаваных на востраве, — як грэчаскіх, так і турэцкіх. Пасля чаго перамовы могуць аднавіцца 23 студзеня. Ці ўдасца ў выніку стварыць на Кіпры адзіную дзяржаву?
Справа «чорных палкоўнікаў»
Дзве абшчыны — грэчаская і турэцкая — на Кіпры жывуць побач ужо вельмі даўно. У ХVІ стагоддзі, пасля таго як Асманская імперыя захапіла востраў у ранейшых гаспадароў — венецыянцаў, султан Сялім ІІ перасяліў сюды тысячы сваіх падданых з Малой Азіі. З тых часоў грэкі і туркі жылі побач, практычна не змешваючыся.
Праблема падзелу вострава паўстала адразу пасля прадастаўлення яму ў 1960 годзе незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Абраны прэзідэнтам Кіпра архіепіскап Макарый першапачаткова падтрымліваўся грэчаскімі нацыяналістамі, якія неўзабаве пачалі дамагацца далучэння вострава да Грэцыі. Паралельна Анкара спрабавала ўмешвацца ў справы Нікасіі, баючыся пераследу турэцкай меншасці. У ліпені 1974 года грэчаскаму ўраду «чорных палкоўнікаў» удалося зрынуць Макарыя і ўсталяваць на востраве ўладу ірэдэнтыстаў — прыхільнікаў аб'яднання з Грэцыяй. Праз тыдзень Турцыя пачала ваенную інтэрвенцыю на востраў, матывуючы гэта апасеннямі за жыццё туркаў-кіпрыётаў.
Пагроза ваенна-палітычнага крызісу прывяла да адхілення ад улады ў Грэцыі «чорных палкоўнікаў». Скарыстаўшыся сітуацыяй, Анкара абвясціла на поўначы Кіпра дзяржаву, якая пасля была названа Турэцкай рэспублікай Паўночнага Кіпра (ТРПК). З дзяржаў — членаў ААН толькі Турцыя прызнае незалежнасць ТРПК.
Перамовы аб аб'яднанні дзвюх частак вострава з рознай ступенню інтэнсіўнасці ідуць з 1974 года (першы іх раўнд адбыўся ў Жэневе праз некалькі дзён пасля турэцкага ўварвання). Апошняя сур'ёзная спроба вырашыць праблему адбылася ў 2004-м, калі тагачасны Генеральны сакратар ААН Кофі Анан прапанаваў стварыць адзіную рэспубліку з дзвюх аўтаномій з грэка-турэцкім прэзідыумам на чале. Аднак на рэферэндуме 75% грэкаў-кіпрыётаў выказаліся супраць прапановы, паколькі там не прапісвалася неабходнасць вываду з ТРПК турэцкіх войскаў.
Больш за 40 гадоў востраў лічыцца падзеленым напалам, хоць насамрэч кантралюючых бакоў на тэрыторыі больш. Гэта Рэспубліка Кіпр, населеная пераважна грэкамі, Турэцкая рэспубліка Паўночнага Кіпра, а таксама дэмаркацыйная паласа пад кантролем ААН і дзве вайсковыя базы, якія маюць статус заморскіх тэрыторый Вялікабрытаніі.
Паабапал «зялёнай лініі»
Да гэтага часу на так званай зялёнай лініі, якая падзяляе востраў, знаходзіцца кантынгент узброеных сіл Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па падтрыманні міру на Кіпры, мандат якога падаўжаецца з году ў год. У цэлым ААН абстаноўку на Кіпры лічыць стабільнай. Мясцовыя жыхары могуць свабодна пераходзіць «зялёную лінію», хай і на абмежаваны час, а на грэчаскай частцы вострава спакойна існуюць турэцкія абшчыны.
На поўначы Кіпра сітуацыя складаная. На турэцкі сектар прыпадае 20 працэнтаў насельніцтва і 10 працэнтаў ВУП у параўнанні з грэчаскай часткай вострава. У Паўночны Кіпр не паступаюць замежныя інвестыцыі. Тэрыторыя выжывае шмат у чым дзякуючы датацыям Турцыі. У Рэспубліцы Кіпр устойлівая эканоміка, развіты фінансавы сектар, пятую частку паступленняў забяспечвае турызм. У 1998—2008 гадах тут адбыўся сапраўдны інвестыцыйны «бум», звязаны з актыўным паступленнем афшорнага капіталу.
На поўначы сапернічаюць дзве найбуйнейшыя палітычныя сілы. Адна з іх — Партыя нацыянальнага адзінства (ПНА), створаная яшчэ ў кастрычніку 1975-га, якая выступае за максімальнае збліжэнне з Турцыяй і прыцягненне капіталаў гэтай краіны. Ёй супрацьстаіць левая Рэспубліканская турэцкая партыя, якая настойвала на стварэнні адзінай дзяржавы і якую падтрымлівае ў гэтым пытанні цэнтрысцкая Дэмакратычная партыя. У апошнія гады адносіны двух Кіпраў былі досыць халаднаватымі: у крэсле прэзідэнта ТРПК знаходзіўся прадстаўнік ПНА Дэрвіш Эраглу, якога грэкі лічылі недагавораздольным.
У 2014 годзе бакі не змаглі дамовіцца аб распрацоўцы радовішчаў вуглевадародаў на шэльфе Паўночнага Кіпра, пасля чаго дыялог быў канчаткова згорнуты. Перамовы аднавіліся пасля таго, як на выбарах у красавіку 2015-га перамог незалежны кандыдат Мустафа Акынджы. Гэты палітык вядомы левымі поглядамі і абяцаў вырашыць праблему з аб'яднаннем на працягу свайго прэзідэнцкага тэрміну — за пяць гадоў. Ён выступае супраць празмернай апекі з боку Турцыі, хоць і не гатовы псаваць адносіны з Анкарой. Акынджы нават выказаў гатоўнасць перадаць грэкам памежны горад Варошу, адкуль усе жыхары збеглі яшчэ ў 1974 годзе. У Рэспубліцы Кіпр абранне ўспрынялі пазітыўна. Падставы для аптымізму дае тое, што на пасадзе мэра Лефкошы (турэцкай часткі Нікасіі) Акынджы выдатна спрацаваўся з грэчаскімі калегамі, а пазней, ужо на пасадзе віцэ-прэм'ера і міністра турызму, заслужыў рэпутацыю актыўнага прыхільніка дружбы з поўднем.
Гульцы з інтарэсамі
Як заўважаюць эксперты, сітуацыя на Кіпры ўнікальная для Еўрапейскага саюза: іншых расколатых дзяржаў у гэтым аб'яднанні няма. Паўночны Кіпр фармальна ўваходзіць у ЕС, таму што займае частку тэрыторыі вострава, раскол якога на дзве дзяржавы Еўрасаюз не прызнае. Да гонару еўрапейскіх інстытутаў варта заўважыць, што над уладжваннем кіпрскага канфлікту яны працавалі доўгія гады, імкнучыся дзейнічаць максімальна акуратна.
Апроч Афін, Анкары і Бруселя, свае інтарэсы да расколатага вострава маюць шэраг міжнародных гульцоў. Былая метраполія Кіпра —
Брытанія —- актыўна дзейнічае ў ключавым раёне Усходняга Міжземнамор'я, на мяжы Еўропы і Азіі (да якой, дарэчы, востраў адносіцца геаграфічна). Пасля абвяшчэння кіпрскай незалежнасці Вялікабрытанія захавала сваю юрысдыкцыю над дзвюма вайсковымі базамі. Яны займаюць каля 3% ад усёй тэрыторыі вострава — 254 кв. кіламетры, прычым толькі 60% зямлі ў гэтых зонах знаходзіцца ў прыватным валоданні брытанцаў і грэкаў-кіпрыётаў. Астатняя тэрыторыя належыць непасрэдна міністэрству абароны Вялікабрытаніі.
Свае планы па «ўрэгуляванні» сітуацыі на Кіпры, вядома, ёсць і ў ЗША. Менавіта з гэтай мэтай у красавіку мінулага года востраў наведала прадстаўніца Дзярждэпа, тагачасны памочнік дзяржсакратара па справах Еўропы і Еўразіі Вікторыя Нуланд. Відавочна, што амерыканская дыпламатыя рыхтуецца ажыццявіць тут сцэнарый, які забівае некалькіх «зайцоў» адразу: уцягванне вострава ў НАТА, членам якога, нагадаем, з'яўляецца Турцыя.
На шляху да федэрацыі
Ідэальнае рашэнне міжнародныя назіральнікі, як канстатуе Бі-бі-сі, бачаць у аб'яднаным, але федэратыўным Кіпры, дзе ўлада была б размеркавана пароўну паміж кіраўніцтвам абшчын грэчаскіх і турэцкіх кіпрыётаў. Аднак на шляху працэсу нармалізацыі стаіць шэраг праблем, якія дасюль застаюцца даволі адчувальнымі для абодвух бакоў. Першай на парадку дня перамоваў паўстае праблема маёмасці, якая належала грэкам-кіпрыётам да турэцкага ўварвання ў 1974 годзе. Не вырашана пытанне, аддаваць яе колішнім гаспадарам або выплачваць ім грашовую кампенсацыю.
Не менш важнай праблемай можна лічыць тое, хто будзе адказным за бяспеку на поўначы Кіпра, дзе цяпер знаходзіцца каля 30 тыс. турэцкіх вайскоўцаў. Днямі прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган заявіў, што пытанне аб поўным вывадзе турэцкіх войскаў з тэрыторыі падзеленага Кіпра пакуль не абмяркоўваецца. Раней прэзідэнт Рэспублікі Кіпр Нікас Анастасіадзіс падкрэсліў: любое пагадненне аб аб'яднанні вострава павінна прадугледжваць вывад войскаў.
Бакам таксама неабходна ўзгадніць механізм змены прэзідэнтаў Кіпра. Яшчэ адзін праблемны пункт: хто стане гарантам рэалізацыі дасягнутых пагадненняў на ўзроўні міжнародных пасярэднікаў. Неабходна памятаць, што ўмовы здзелкі павінны быць вынесены на народныя рэферэндумы ў дзвюх частках вострава. І не факт, што яны будуць паспяховымі.
Эксперты не выключаюць, што Турцыя, якая доўгі час была непахісная ў пытанні з Паўночным Кіпрам, цяпер можа змяніць гнеў на літасць, улічваючы цяжкае міжнароднае становішча, у якім яна апынулася. Кіраўнік МЗС Турцыі Меўлют Чавушаглу аптымістычна настроены ў дачыненні да перамоў па Кіпры. «Мы не расчараваныя, — адзначыў ён. — За адзін дзень нельга атрымаць выніку. Гэта нялёгкае пытанне».
На думку загадчыка сектара даследаванняў Еўрасаюза Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносін РАН Юрыя Квашніна, у выпадку поспеху перамоваў не варта разлічваць на неадкладнае ўтварэнне адзінай кіпрскай дзяржавы. «Нават калі перамовы будуць паспяховымі, гаворка ідзе пра тое, каб у перспектыве стварыць «дарожную карту», — мяркуе эксперт. — Цяпер кажуць пра федэрацыі, але гэта будзе відавочна не дзяржаўнае ўтварэнне, аналагічнае ФРГ і Расійскай Федэрацыі, ступень аўтаноміі розных частак вострава будзе значна вышэйшай. Прывесці ўсе да агульнай асновы будзе вельмі складана».
Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш адзначыў, што з аптымізмам глядзіць на перспектыву дасягнення грэчаскай і турэцкай абшчынамі Кіпра пагаднення па аб'яднанні краіны. Пры гэтым ён прызнаў, што цуду «хутчэйшага ўрэгулявання» кіпрскай праблемы не адбудзецца. Гутэрыш адзначыў, што галоўная мэта складаецца не ў як мага больш хуткім урэгуляванні праблемы, а ў пошуках надзейнага і доўгатэрміновага яе вырашэння. Вядома, разбураць лягчэй, чым пасля збіраць.
Захар БУРАК
burаk@zvіаzdа.bу [4]
Фота з адкрытых крыніц
Спасылкі
[1] https://zviazda.by/be/author/zahar-burak
[2] https://zviazda.by/be/u-svece
[3] https://zviazda.by/be/kantynenty
[4] mailto:burаk@zvіаzdа.bу
[5] https://zviazda.by/be/tags/dzyarzhava
[6] https://zviazda.by/be/tags/kipr
[7] https://zviazda.by/be/tags/nikas-anastasiadzis
[8] https://zviazda.by/be/tags/ekanomika
[9] https://zviazda.by/be/tags/palityka
[10] https://zviazda.by/be/tags/voyska
[11] https://zviazda.by/be/tags/referendum