Top.Mail.Ru
Кастусь Кірэенка. Выбранае: вершы, паэмы, апавяданні

Кастусь Кірэенка. Выбранае: вершы, паэмы, апавяданні

Шафарэнка А.

"Не маўчаць, Не чакаць, Не глядзець, пакуль скончыцца бой…" – гэтыя радкі з верша Кастуся Кірэенкі "Труба" маглі б стаць эпіграфам да ўсёй яго творчасці. Творчы дыяпазон яго паэзіі вельмі шырокі: тут ёсць і пяшчотныя, інтымныя інтанацыі, і матывы засяроджанага роздуму, і напорысты, валявы, грамядзянска-публіцыстычны стыль. Вершы Кастуся Кірэенкі надзвычай аўтабіяграфічныя: за 70 гадоў жыцця (паэт нарадзіўся ў 1918-м) ён стаў удзельнікам многіх падзей у гісторыі краіны, многае, прайшоўшы праз яго сэрца, адгукнулася ў паэтычных радках. Ужо ў самым пачатку творчага шляху паэт паказаў сябе рамантыкам, бязмежна ўлюбёным у жыццё, родную, блізкую сэрцу прыроду, у сяброў. "Ніколі не ўзяўся б за пяро, калі б маёй рукой не кіравала бязмежная любасць", – прызнаваўся ён. Рамантызм, апрача ўсяго іншага, азначае, што паэт не баіцца стыхійнай магутнасці жыцця, смела выходзіць яму насустрач, імкнучыся авалодаць ім, замацаваць у творы. Галоўны яго клопат – шырока і нязмушана выявіць сваё душэўнае жыццё, расказаць пра сваю любоў і нянавісць, данесці да чытача свае перажыванні. Як адзначыў літаратар Уладімір Гніламёдаў, "паэтыцы Кірэенкі амаль не ўласцівы паўтоны, адценні. Калі звон – то аглушальны, раса – цяжкая, навальніца – бязлітасная, удар – люты, хмара – чорная, і г.д. І ў гэтым мне таксама бачыцца своеасаблівасць яго характару, у якім арганічна спалучыліся маральна-валявы і песенны пачаткі".

Засяроджанасць, удумлівасць, разважлівасць… Напор страсцей, выбух эмоцый, напружанне псіхалагічных сітуацый… Пяшчота, спачуванне, сардэчнасць, задушэўнасць… Усяму гэтаму знайшлося месца ў вершах Кастуся Кірэенкі:

Пагасла зорка дзесь над полем.

Пасля яшчэ вунь і яшчэ…

Што мне да іх?... А нейкім болем

Раптоўна сэрца апячэ.

Як быццам зараз нешта страціў,

Кагосьці болей не вярнуць.

І ўспомніш фронт, балоты, гаці,

І згадкі памяць разануць.

І нешта стане ў горле комам,

І здасца раптам: сам гарыш…

А зоркі падаюць са звонам,

І звон такі, што не сасніш…

 


Паэзія

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю