Ліст
Аліева Л.
Спазнаваць свет і сябе ў гэтым свеце, прапускаючы праз сэрца ўсе яго праявы: дабрыню, раўнадушша, каханне, роспач, надзею, расчараванне. Увасабляць Перажытае ў слова. Пісаць так, як адчуваеш – шчыра, нічога не ўтойваючы, але тонка і далікатна. Гэтым дарам – пераплаўляць у мастацкае слова свае пачуцці – надзелена маладая азербайджанская паэтэса Лэйла Аліева, чый зборнік вершаў “Ліст” пабачыў свет у Выдавецкім доме “Звязда”.
Лэйла Аліева – грамадскі дзеяч, галоўны рэдактар часопіса “Баку”, віцэ-прэзідэнт Фонда Гейдара Аліева і старшыня прадстаўніцтва Фонда ў Расіі, старшыня Азербайджанскай моладзевай арганізацыі Расіі. Творчасць – таксама значная складовая яе жыцця: Лэйла не толькі піша вершы, але і займаецца мастацкай дзейнасцю, рэжысурай фільмаў. Вось як ацаніла яе паэзію Афаг Масуд, пісьменніца, заслужаны дзеяч мастацтваў Азербайджана: “Гэтыя трапяткія, як крылы матылькоў, вершы маюць сілу супрацьстаяць самым разбуральным ударам жыцця, якія пагражаюць разбіць Тонкі Дух Адчуванняў, і перамагчы…”
Варта адзначыць, што перакладам вершаў на беларускую мову займалася Таццяна Сівец, таленавітая беларуская літаратарка. Дзякуючы яе творчаму пераасэнсаванню і мастацкаму аздабленню глыбока асабістых радкоў кранальнае слова Лэйлы Аліевай загучала і на беларускай мове.