Выставачны праект «Кудрэвічы. Адданыя мастацтву» ў Нацыянальным мастацкім музеі прысвяцілі 140-годдзю Уладзіміра Кудрэвіча, выдатнага пейзажыста першай паловы ХХ стагоддзя, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Значную частку экспазіцыі склалі творы яго дачкі — таксама заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, а яшчэ народнага мастака Беларусі Раісы Кудрэвіч. Апроч іншага, прадстаўлены здымкі, на якіх адлюстраваны Уладзімір Уладзіміравіч Кудрэвіч: сын мастака — заслужаны артыст БССР.
У Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў працуе выстаўка твораў з фонду НЦСМ «Цёплыя адносіны». Эмацыянальныя і насычаныя работы беларускіх і расійскіх мастакоў грэюць у халодныя зімовыя будні лепей за кубачак кавы. Асноўная тэма — цеплыня паміж людзьмі, узаемаадносіны з сабой, з іншымі, з усім светам.
Праект «Неабсяжныя інтэрпрэтацыі», які дапамагае зазірнуць ва ўнутраны свет і прааналізаваць уласныя пачуцці, эмоцыі і ўчынкі, працуе ў мемарыяльным музеі-майстэрні З. І. Азгура. У экспазіцыі — работы чатырох мастачак, дзе галоўны феномен — чалавек. Розныя падыходы і тэхнікі аб’яднаны імкненнем раскрыць патэнцыял чалавечай істоты.
«Метамарфозы колеру і вобразаў» — так называецца выстаўка Леаніда Мядзведскага, што адкрылася нядаўна ў Мінску (Нацыянальны мастацкі музей, галоўны корпус). Экспазіцыя члена Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага саюза мастакоў знаёміць з работамі з калекцыі аўтара, створанымі ў 2000-я гады. Усяго — больш за 40 гуашавых партрэтаў, пейзажаў і нацюрмортаў.
Персанальная выстаўка акварэлі і жывапісу Наталлі Шапавалавай «Тонкі свет» працуе ў Арт-гасцёўні «Высокае мѣста». У сваіх творах мастачка імкнецца з уласцівай ёй далікатнасцю і глыбінёй паказаць, якія дзіўныя сусветы існуюць па-за межамі нашага ўспрымання, дае магчымасць убачыць і адчуць схаваныя вымярэнні рэальнасці.
На мінулым тыдні ў галерэі «Панарама» Нацыянальный бібліятэкі Беларусі прайшло ўрачыстае адкрыццё выстаўкі пад назвай «Міленіум». Аўтар праекта — Ксенія Місан-Быстрова, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (скончыла факультэт дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва). У свой час працавала мастаком-мультыплікатарам на кінастудыі «Беларусьфільм», выкладала дэкаратыўнае мастацтва ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна сталіцы. Пры яе ўдзеле быў выдадзены шэраг хрэстаматый і вучэбных дапаможнікаў для малодшых школьнікаў.
Да 8 снежня ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея працуе выстаўка «Андрэй Заспіцкі. У сэрцы — Беларусь».
Выстаўка створана сумесна з Беларускім дзяржаўным архівам кінафотафонадакументаў — з гэтай установай Мастацкі падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве менавіта падчас урачыстага адкрыцця экспазіцыі, прысвечанай творчасці знакамітага скульптара. Сёлета адзначалася стагоддзе з дня яго нараджэння.