Сумесны праект Дзяржаўнага музея беларускай літаратуры і Дзяржаўнага музея гісторыі расійскай літаратуры імя У. І. Даля (Масква) «Дарога да міру» прымеркаваны да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Боль трагічных падзей перадаецца праз пакаленні і захоўваецца ў сэрцах нашчадкаў. Дзесяцігоддзямі мастакі, скульптары, кампазітары і пісьменнікі спрабуюць асэнсаваць гэты досвед і адлюстраваць глыбіню пачуццяў праз яркія вобразы. Творчасць літаратараў-франтавікоў натхніла мастачак Наталлю Раманаву і Кацярыну Ірхіну на стварэнне літаратурна-мастацкіх інсталяцый.
У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася чарговая творчая сустрэча, якую галоўная кніжніца краіны ладзіць супольна з СПБ. Гэтым разам на літаратурны Алімп узышоў прадстаўнік Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Віктар Кунцэвіч — паэт, празаік, лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аляксея Пысіна, Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі.