Top.Mail.Ru

140-годдзю Уладзіміра Кудрэвіча прысвяцілі выставачны праект

Аўтар: Яўгенія Шыцька
11.12.2024 | 14:42

Выставачны праект «Кудрэвічы. Адданыя мастацтву» ў Нацыянальным мастацкім музеі прысвяцілі 140-годдзю Уладзіміра Кудрэвіча, выдатнага пейзажыста першай паловы ХХ стагоддзя, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Значную частку экспазіцыі склалі творы яго дачкі — таксама заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, а яшчэ народнага мастака Беларусі Раісы Кудрэвіч. Апроч іншага, прадстаўлены здымкі, на якіх адлюстраваны Уладзімір Уладзіміравіч Кудрэвіч: сын мастака — заслужаны артыст БССР.


Да таго ж на выстаўцы можна ўбачыць работы Аркадзя Астаповіча, Мікалая Дучыца і Мікалая Русецкага — выдатных пейзажыстаў, сучаснікаў Уладзіміра Кудрэвіча. Дэманструецца таксама скульптурны партрэт творцы (1950) аўтарства Аляксея Глебава. 

У праекце «Адданыя мастацтву» скарыстаны работы не толькі з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея — у яго стварэнні дапамаглі Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Беларускі саюз мастакоў, Магілёўскі абласны мастацкі музея імя П. В. Масленікава. Прадстаўлены ў экспазіцыі творы і з прыватных калекцый, у тым ліку з сямейнага збору народнага артыста Беларусі Паўла Дубашынскага. Фотаздымкі прапанавалі Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы і Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. 

— Цудоўная дынастыя — Уладзімір Мікалаевіч Кудрэвіч, яго дзеці Раіса Уладзіміраўна і Уладзімір Уладзіміравіч — сапраўднае сузор’е на небасхіле беларускага жывапісу і выяўленчага мастацтва ўвогуле, — адзначыла падчас вернісажу Ганна Конанава, генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея. — Наша выстаўка, як і іншыя буйныя праекты, арыентавана на своеасаблівую сугучнасць, партнёрскае супрацоўніцтва некалькіх арганізацый, таму глядач бачыць мастацкія творы, архіўныя матэрыялы з розных крыніц. Дзякуючы агульным намаганням экспазіцыя атрымалася паўнавартасная — яркая і маляўнічая. Яна раскрывае талент розных асоб адной сям’і. 

І Уладзімір Кудрэвіч, і Раіса Кудрэвіч шмат зрабілі для развіцця айчыннага жывапісу, для тагачаснага мастацкага працэсу ў краіне, ды, у рэшце рэшт, стваралі для Радзімы, прысвячалі свае работы роднаму краю і яго людзям. Натуральна, жывапісцы ўваходзілі ў Саюз мастакоў БССР, у жыцці якога актыўна ўдзельнічалі. Пра значэнне творчасці гэтых майстроў для паслядоўнікаў выказалася падчас адкрыцця Наталля Шаранговіч, першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў: 

— Сённяшняя выстаўка дае магчымасць дакрануцца да дзіўнай творчай спадчыны яркіх майстроў, якіх даўно няма з намі, але яны жывыя ў сваім жывапісе, у тым, што хацелі нам сказаць, у тым, што мы можам убачыць у іх работах. Нам засталася выдатная жывапісная школа, да якой належалі аўтары. Я глыбока ўдзячна Нацыянальнаму мастацкаму музею за падобныя выстаўкі — надзвычай важныя сёння. Бо менавіта так глядач можа ўбачыць, наколькі цікавае беларускае мастацтва, толькі так можа вярнуцца да творчасці вядомых майстроў, імёны якіх, магчыма, у наш час забываюцца. Завітваючы ў залы Мастацкага, мы ўспамінаем пра тое, якімі былі тыя творцы. Гляджу на работы Уладзіміра і Раісы Кудрэвічаў і вельмі шкадую, што не давядзецца пазнаёміцца з аўтарамі. Так, Уладзіміра Мікалаевіча не стала даўно, аднак Раіса Уладзіміраўна пайшла з жыцця ў 2000 годзе — адзіная з жанчын Беларусі, удастоеная звання «Народны мастак». Яе ашаламляльны яркі і сонечны жывапіс і надзвычай тонкія лірычныя работы Уладзіміра Кудрэвіча — для кожнага выстаўка можа стаць адкрыццём. 

У сценах музея дэманструюцца як знакамітыя палотны, вядомыя па шматлікіх альбомах твораў выяўленчага мастацтва, дапаможніках па жывапісе, так і малавядомыя работы, часта сціплага фармату. Як лічыць мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч, менавіта ў такіх невялічкіх творах аўтары маглі быць да краю шчырыя. 

Куратарам выстаўкі «Кудрэвічы. Адданыя мастацтву» выступае Паліна Гарашчэня, малодшы навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела НММ, сукуратарам — Наталля Буракоўская, навуковы супрацоўнік гэтага аддзела. 

З экспазіцыяй можна пазнаёміцца да 13 студзеня 2025 года. 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю