Top.Mail.Ru

Ад «Мэтодыкі роднае мовы» да пытанняў сучаснага адукацыйнага працэсу і музейнай справы

Аўтар: Яўгенія Шыцька
14.09.2026 | 15:09
І праз 100 гадоў

Нядаўна ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прэзентавалі факсімільнае выданне «Мэтодыка роднае мовы». 

Яго выдала «Альтиора» — цяпер у чытача ёсць магчымасць пазнаёміцца з «Мэтодыкай роднае мовы» Канстанціна Міцкевіча, якая ўпершыню выйшла ў 1926 годзе. У гэтай кнізе пісьменнік і педагог не толькі падзяліўся сваім вопытам, але і сістэматызаваў звесткі, расказаў пра шэраг метадаў, вядомых з XVI стагоддзя, для выкарыстання настаўнікамі роднай мовы. 

У кожным педагогу бачыць творчую асобу

Кніга, што прыйшла да сучасніка, па сваіх характарыстыках супадае з той, якую напісаў, выдаў і некалі трымаў у руках Якуб Колас. Яна была адзіная, выпушчаная пад сапраўдным прозвішчам класіка беларускай літаратуры. У гэтай працы аўтар бачыў падтрымку настаўнікаў, якія павінны не проста навучыць чытаць і пісаць, а прывіць любоў да кнігі. 

Для ўстановы вопыт па выпуску факсімільнага выдання не новы: раней з’явіліся сучасныя адпаведнікі другога паэтычнага зборніка «Водгулле», паэм «Сымон-музыка» і «Новая зямля». Пра ажыццяўленне новай ініцыятывы, на якое спатрэбілася два месяцы, расказала Васіліна Міцкевіч, галоўны захавальнік фондаў музея беларускага песняра, праўнучка Янкі Маўра і Якуба Коласа. 

— Якуб Колас быў цудоўным педагогам, прытым выкладаў на ўсіх узроўнях адукацыйнай сістэмы: у пачатковай, сярэдняй і вышэйшай школе, — адзначыла Васіліна Валер’еўна. — Ён разу-

меў, апроч іншага неабходна выхоўваць наступнае пакаленне настаўнікаў. У прадмове да выдання аўтар піша, што кніга выходзіць тады, калі беларуская школа пераходзіць на выкладанне на роднай мове, і кожнае новае выданне, новы падручнік становіцца запатрабаваным як у настаўніка, так і ў вучня. 

А «Мэтодыка роднае мовы» стала першым дапаможнікам для настаўнікаў малодшых класаў. 

У музеі Коласа захоўваюцца два асобнікі гэтага выдання. Аднак аддзел фондаў прааналізаваў не толькі гэтыя экзэмпляры, але і тыя, што знаходзяцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Нацыянальнай бібліятэцы. Нешмалікія захаваныя выданні, на знешні выгляд якіх паўплываў час, усё ж далі спецыялістам падставу для вызначэння асаблівасцей тагачаснага дапаможніка і яго «перавыдання» з іх улікам. 

— Працаваць над кнігай было вельмі складана, бо мы стараліся захаваць тагачасны правапіс і падаць кнігу менавіта так, як яна выходзіла пры аўтары, — удакладніла Васіліна Міцкевіч. — Адзінае, дробныя памылкі, зробленыя ў арыгінальным выданні, вырашылі выправіць. 

«Мэтодыка роднае мовы» складаецца з прадмовы і некалькіх раздзелаў. Заканчваецца выданне аналізам лемантароў, па якіх у свой час дзеці вучыліся чытаць. Канстанцін Міцкевіч адзначае вартасці і недахопы гэтых буквароў, асаблівасці іх выкарыстання. Значнасць і актуальнасць аналізу і высноў педагога можа ацаніць і сённяшні чытач. 

Класіка як крыніца моўных узораў

У музеі Коласа не абмежаваліся прэзентацыяй: прайшоў круглы стол «Пра галоўнае: Колас, слова і мова». Удзел узялі прадстаўнікі Міністэрства культуры, музейныя супрацоўнікі, школьныя настаўнікі, бібліятэкары і навукоўцы. 

Так, кандыдат філалагічных навук Мікола Трус засяродзіўся на гістарычным аспекце і расказаў пра сваю кнігу «Якуб Колас у Парыжы. 1935 год», выдадзеную нядаўна ў выдавецтве «Беларусь». 

— У мяне не было задачы падвесці нейкія вынікі, — заўважыў Мікалай Валянцінавіч. — Так, гэты аповед — новы погляд, увядзенне новых дакументаў, за што ўдзячны фондам музея Коласа, архіва-музея літаратуры і мастацтва, далучаны да гэтай справы і некаторыя маскоўскія архівы. У цэнтры ўвагі —удзел Якуба Коласа ў Міжнародным кангрэсе пісьменнікаў у абарону культуры, які праходзіў у чэрвені 1935 года ў Парыжы. Яго ўжо тады пачалі называць па-рознаму: і ў абарону міру, і антыфашысцкі кангрэс, і з’езд... 250 майстроў пяра з 35 краін свету — зразумела, які маштаб гэтага мерапрыемства і якое мноства сюжэтных ліній яно нарадзіла! У масавай свядомасці пра тую падзею засталася эпіграма Кандрата Крапівы. 

Вядома, што склад савецкай дэлагацыі — а гэта 20 чалавек — пакрысе зацвярджаўся на пасяджэннях палітбюро ЦК ВКП(б). Аднак на апошнім пасяджэнні Міхаіл Шолахаў, пра якога, дарэчы, гаворка яшчэ пойдзедалей, папрасіў дазволу не ехаць. Гэтая просьба прывяла да рашэння ўключыць у склад дэлегацыі Якуба Коласа... 

Адукацыйны аспект закранула Вольга Пархімовіч, настаўніца Гімназіі № 37 г. Мінска, некалі — супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якая шмат гадоў кіравала аддзелам культурна-адукацыйнай работы. Назапашаны вопыт дазволіў Вользе Генадзьеўне арганізаваць ва ўстанове адукацыі музей імя акадэміка Фёдара Фёдарава, стваральніка школы тэарэтычнай фізікі ў Беларусі. Фёдар Іванавіч — сын Янкі Маўра, і сабраць унікальныя матэрыялы дапамаглі якраз члены сям’і Якуба Коласа. Шмат дапамагала пляменніца Фёдарава Марыя Міцкевіч. Зразумела, паміж гімназіяй і музеем Коласа падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

— Нашы частыя госці — члены сям’і Якуба Коласа, — расказала Вольга Пархімовіч. — Часта ладзім чытанні твораў Янкі Маўра. Шкада, што гэтай літаратуры няма ў школьнай праграме, бо рэкамендавана яна для пазакласнага чытання. Ці будуць яе ведаць дзеці, залежыць толькі ад настаўнікаў і, безумоўна, бацькоў. 

Найважнейшыя пытанні навучальнага працэсу, звязаныя і з папулярызацыяй беларускага слова, хвалююць многіх музейшчыкаў. Галіна Варонава, вучоны сакратар музея Купалы, звярнула ўвагу на стан чытацкай дасведчанасці патэнцыяльнай аўдыторыі гэтай і падобных устаноў. 

— Сёння мы сутыкаемся з тым, што ў сярэднія класы прыходзяць дзеці, якія, па сутнасці, не ўмеюць чытаць, — занепакоена Галіна Юр’еўна. — Так, яны могуць агучыць пісьмовы тэкст, але яго змест застаецца па-за іх увагай. Без карцінкі і відэа ўсё гэта абсалютна бессэнсоўна. Таму задача літаратурных музеяў — выхоўваць чытачоў. Зразумела, музейшчыкі не могуць замяніць са-бой настаўнікаў пачатковых класаў, але ў нашых сілах стаць каталізатарам чытацкага працэсу, памятаючы, што мы не забаўляем, навучаючы, а навучаем, забаўляючы. Галоўнае — выпрацаваць у вучня пэўныя ўменні і навыкі. Музей можа пазнаёміць з класікам: паказаць чалавека як асобу і наблізіць герояў твораў да сучасных дзяцей. Зразумела, час аддаляе тых персанажаў ад любога з нас — зусім іншыя рэаліі і ўспрыманне рэчаіснасці. Чалавеку цяжка ўявіць жыццё без тэлефона і падтрымкі інтэрнэта. Асаблівасці ранейшага існавання чалавека, іншы тэмпарытм дазваляе адчуць і зразумець якраз музей: абапіраючыся на арыгінальныя прадметы, мы паступова ўводзім чалавека ў асаблівую атмасферу, а пасля вядзём яго да літаратурнага твора. 

У гэты ж дзень адбылося адкрыццё часовай экспазіцыі «Было іх двое ў пятай роце», створанай сумесна з Дзяржаўным музеем-запаведнікам М. А. Шолахава «Ціхі Дон». Праект прысвечаны падзеям Першай сусветнай вайны і іх адлюстраванню ў творчасці Якуба Коласа і Міхаіла Шолахава. 

Аб дзейнасці музея лаўраэта Нобелеўскай прэміі па літаратуры падрабязна расказала вучоны сактатар установы Лідзія Слюсарэнка. 

— Музей-запаведнік Шолахава — гэта цэлы комплекс мемарыяльных аб’ектаў і прыродных запаведных мясцін, — падкрэсліла Лідзія Міхайлаўна. — Там мы знаёмім з творчай спадчынай пісьменніка і культурай данскога казацтва. Канцэпцыя музея абумоўліваецца азначэннем «раман пад адкрытым небам». 

Лідзія Слюсарэнка таксама прэзентавала рэпрынтны праект, створаны сумесна з Расійскай нацыянальнай і Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэкамі, —паўторана выданне «Данскіх апавяданняў» Шолахава, ажыццёўленае стагоддзе таму. Асобнік цяпер ёсць і ў музеі Коласа. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара і з сайта altiora.by


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю