Здавалася, у зале філіяла нотна-музычнай бібліятэкі хтосьці толькі што запаліў святло ў маленькіх хатках. Папяровыя дамкі, ручнікі, мяккія фіранкі — і ў кожнай шыбе свая гісторыя. Так выглядала прэзентацыя фотапраекта Аксаны Спрынчан «Святло беларускіх вокнаў».Для публікі гэтая размова была крыху нечаканай. Аксану ведаюць як аўтара вершаў і прозы, а таксама як вядучага рэдактара выдавецтва «Мастацкая літаратура», як укладальніцу зборнікаў для дзяцей і школьнікаў. Цяпер яна ўзяла ў рукі фотакамеру і прадставіла ўласныя вершы побач з кадрамі.
Тэкст і фота «пасябравалі», склаўшыся як часцінкі пазла. Каля выяў старых вокнаў загучала паэзія, а ўвесь «ансамбль» сабраўся ў невялікі папяровы гарадок. Атмасферу дапоўнілі рэчы, якія аўтар шмат гадоў прывозіла з розных куткоў краіны: ручнікі, фіранкі, радзюжкі. На адкрыцці Аксана расказвала пра свае пошукі і сама чытала вершы, таму вечар атрымаўся цёплы і шчыры.
Назва выставы мае падвоены сэнс — гэта і сонечны прамень, што ўрываецца ў пакой, і агеньчык у вечаровай хаце. Але перш за ўсё — памяць пра людзей, якія стагоддзі жылі за гэтымі шыбамі і размаўлялі на роднай мове.
Пачатак гісторыі варта шукаць у Лунінцы, дзе стаіць хата, у якой Аксана нарадзілася. Там, у акне, яна ў дзяцінстве любіла фатаграфавацца. Потым, падарожнічаючы па краіне, паэтэса шукала вокны, якія чымсьці адгукаюцца ў яе душы. Адны заварожвалі погляд — акуратныя, вымытыя, «жылыя». Іншыя выглядалі закінутымі, быццам гаспадары прыязджаюць зрэдку.
Аксана параўноўвае кожнае такое акно з вершам: «гэта свет, які судакранаецца з табой».
Былі і дзіўныя знаходкі. Адно акно аказалася замаляваным, таму нагадвала карціну. У іншым шыбу замяніла кардонка, але часам у ёй быццам адбівалася неба. Былі і графічныя выявы таямнічых знакаў на сцяне над акном.
З асаблівай любоўю аўтар ставіцца да храмавых вокнаў, пры выпадку ўзбіраецца на званіцы, дзе можна праз адно акно сфатаграфаваць іншае разамз часткай храма. У храме ў Раўбічах у шыбе яна заўважыла адбітак укрыжаванага Хрыста. Побач — дрэвы, кветкі... Для паэтэсы гэта «космас», дзе зямное і боскае напластаваны адно на адно.
Фоташопа ў гэтых фотаздымках няма. Аксана не карыстаецца камп’ютарнай апрацоўкай, бо хоча захаваць тое, што ўбачыла ў пэўны момант: «душа акна застаецца некранутай».
На выстаўцы прадстаўлена каля 35 работ, а ўсяго ў зборы паэтэсы сотні вокнаў. Для экспазіцыі яна выбірала розныя па настроі і па ўзросце. Але кожнае акно, як пераканана Аксана, мае сваю філасофію: нараджаецца, жыве, старэе і памірае, але святло ў ім застаецца і пасля. Ёсць на выстаўцы вокны з усіх рэгіёнаў Беларусі, не засталіся незаўважанымі і гарадскія, у тым ліку з Гомеля. Сярод вокнаў можна пабачыць і акно мінскай кватэры, дзе аўтар жыла: там праз прыадчыненую фортку дыхае свежым паветрам яе кошка.
— Адлюстраванае ў вокнах — гэта наша мінулае і наша будучыня, а таксама тое, што ў нас унутры, — сціпла і дакладна выказалася паэтэса Наталля Кучмель, якая была сярод наведвальнікаў.
Казіміра ШПАКОЎСКАЯ
Фота аўтара