Top.Mail.Ru

«Але не мінула памяць у людзей…»

Аўтар: Ларыса Цімошык
19.01.2026 | 14:55
Гэтыя словы Купалы калісьці праспяваў Уладзімір Мулявін у «Песні пра долю» — і выказаў павагу да Беларусі

Яна адчувалася ўжо ў пачатку яго кар’еры ў Мінску, а цяпер, з вышыні часу, мы можам казаць: гэта была любоў. Узаемная! 

Самога Уладзіміра Георгіевіча няма, але ў дзень яго нараджэння адбываецца канцэрт памяці народнага артыста Беларусі і СССР. Да 85-годдзя Мулявіна на сцэне Белдзяржфілармоніі 13 студзеня прадставілі канцэрт, у якім прагучалі яго творы як кампазітара, а таксама хіты «Песняроў», праз якія і цяпер можна адчуць і зразумець Беларусь, як гэта калісьці адбылося з самім Майстрам. Так, ён прыехаў працаваць у Мінск са Свярдлоўска, але ў тых мясцінах здаўна жывуць беларусы і выхадцы адсюль, гучаць іх песні… Напэўна, была наканаванасць у гэтай сустрэчы — Мулявіна з Беларуссю, нейкая боская воля, якая ператварылася ў яркі творчы выбух. Адметна і тое, што наша зямля дала магчымасць раскрыцца таленту чалавека, які нават не завяршыў прафесійную адукацыю, але яго песні стала спяваць вялікая краіна, і не адна! 

«На Вашай творчасці вырасла цэлае пакаленне людзей. У тым ліку людзей, якія сёння прыйшлі да ўлады». Гэтыя словы Аляксандр Лукашэнка сказаў Мулявіну ў верасні 1994-га, калі толькі стаў Прэзідэнтам маладой суверэннай краіны. 

Яны і дагэтуль гучаць для нас вельмі актуальна — «каб любіць Беларусь нашу мілую», каб яна жыла ў сэрцы цяперашніх пакаленняў. Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча пад кіраўніцтвам Аляксандра Крамко падрыхтаваў праграму, у якой прагучалі творы розных гадоў і з розных праграм «Песняроў», у тым ліку «Песні пра Долю», «Гусляр», «Ва ўвесь голас», «Цераз усю вайну». Удзельнічалі вядомыя і маладыя артысты, галоўнай зоркай стаў спявак Пётр Елфімаў, які прыязджае цяпер з Расіі. Але менавіта яго моцны голас здольны перадаць усе фарбы, пяшчоту і глыбіню хітоў «Песняроў». Ён не толькі тонка адчувае музыку, але таксама душэўна размаўляе са слухачом, як калісьці гэта рабіў Уладзімір Мулявін — нездарма ж стаў для нас сімвалам беларускай песні. А яго творы — увасабленне душы беларускага народа, з адчуваннем яго філасофіі і трагедый, што былі ў гісторыі. Нездарма дачка артыста Марына Мулявіна (яна ж стала генеральным прадзюсарам праграмы) да юбілею зрабіла падарунак яго музею — нотны зборнік «Цераз усю вайну». Магутны «творчы ген», відаць, перадаецца праз пакаленні: унук Мулявіна Уладзіслаў Кульбіцкі падрыхтаваў свой сучасны варыянт «Касіў Ясь Канюшыну». 

Яркае мінулае артыста паўстала праз фотавыстаўку, дзякуючы якой быццам спыніўся час. Сімвалічна, але адзін з падарункаў беларусам, якія шануюць Уладзіміра Георгіевіча, зрабіў Мінскі гадзіннікавы завод, выпусціўшы лімітаваную калекцыю вырабаў з партрэтам Мулявіна: час найбольш выразна паказвае сапраўдныя каштоўнасці. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота з сайта kulturologia.ru

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю