Top.Mail.Ru

«Архіў. Прастора паміж…» — выставачны праект, прымеркаваны да 10-годдзя з дня заснавання Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў

29.09.2025 | 11:00
Набыткі і скарбы

Дзень нараджэння НЦСМ святкуюць 1 кастрычніка. Напярэдадні ў публікі ёсць магчымасць пазнаёміцца з маштабнай выстаўкай, якая праходзіць на Някрасава, 3, і наведаць куратарскія экскурсіі... Экспазіцыя будзе размешчана тут да 23 лістапада. 

Падзяка за працу

Падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар НЦСМ Сяргей Кавалёў выступіў з прывітальным словам: 

— Хочацца падзякаваць усім супрацоўнікам, якія працавалі і працуюць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, усім мастакам, крэатарам, усім тым, хто ўдзельнічаў у жыцці цэнтра, дапамагаў, ды камусьці і мы дапамагалі... Кожны прыклаў свае сілы і ўменні.

Куратарам стала вядучы навуковы супрацоўнік аддзела экспазіцыйна-выставачнай дзейнасці Дзіна Даніловіч, якая падрабязна раскажа пра канцэпцыю праекта падчас экскурсій: 

— Спачатку мы сабраліся рабочай групай, і каманда пачала думаць, што павінна быць паказана ў рамках юбілейнай выстаўкі. Ды як найлепш адзначыць 10-годдзе Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, калі не спыніцца на актуальным мастацтве. Так, вырашылі звярнуцца да надзвычай важнай тэмы — архіва і памяці. Дзякую ўсім, хто адгукнуўся на наш традыцыйны open call. Гэта, напэўна, першы праект, калі амаль усе работы былі створаны спецыяльна для экспазіцыі. Падчас яе арганізацыі некаторыя мастакі хадзілі ў цэнтр як на працу, усе дапамагалі адзін аднаму. Такі творчы працэс вельмі важны для нас. Відавочна, гэта надае сэнс існаванню цэнтра і таму, чым мы займаемся. Дзякую і валанцёрам, сваякам і блізкім аўтараў, якія зрабілі шмат для мантажу. 

Захаваць чарговую гісторыю 

12_35_A.jpg

Мікалай Казакевіч «Таполі», 1987 г.

Арт-аб’екты, жывапіс, інсталяцыі, відэаарт, скульптура, фатаграфія — узоры традыцыйнага, канцэптуальнага і абстрактнага мастацтва склалі новую выстаўку. Большасць аўтараў так ці інакш закранае тэму памяці, пэўным чынам працуе над архівамі мінулага, стварае новыя — рэальныя і не зусім... Дзякуючы задуме куратара экспазіцыя выглядае як дыялог людзей з рознымі поглядамі на жыццё і творчасць, з непадобным стаўленнем да ўспамінаў, з асаблівым уяўленнем аб культуры памяці. 

— Тэма архіва не азначае зварот да «пыльнай» гісторыі, — падкрэслівае Дзіна Даніловіч. — Насамрэч мы ўсе жадаем захаваць сябе для будучыні. Навошта мы ствараем асабістыя архівы, навошта паглыбляемся ў архівы нашых сем’яў або цікавімся чужымі? Дакладна не дзеля таго, каб застацца ў мінулым ці настальгіраваць. Мы хочам, каб вопыт іншых людзей дапамог нам рухацца далей і не рабіць памылак, быць шчырымі і смелымі.

Выстаўка «Архіў. Прастора паміж...» атрымалася ўдалая па многіх прычынах. Ключавая, як заўсёды, — наяўнасць вартых увагі твораў. Дзіўны гіпнатызм уласцівы работам Ігара Саўчанкі. І хоць да канца зразумець іх змест наўрад ці магчыма, бо нібыта адсутнічаюць і сюжэт, і падзея, і з’ява, падказкі ў выглядзе назваў серый і невялічкіх заўваг аўтара дапамогуць падступіцца да асэнсавання яго працы над сапраўднымі архіўнымі здымкамі. Наадварот, простую і зразумелую задачу вырашала сваім праектам Вераніка Архіпава: серыю «Райскія сады» (2025) склалі фота старых магіл 1960–1970 гадоў, зробленыя ў Мінску і Віцебскай вобласці. Яна засяродзілася на партрэтах, змешчаных на надмагільных помніках, і штучных кветках як на атрыбуце ўпрыгажэння. Цікавячыся тэмай помнікаў — іх формай, разнастайнасцю шрыфтоў, памерам і фарматам фатаграфій, Вераніка Архіпава адлюстравала тое, што адбываецца з пластыкавымі кветкамі з часам: як яны страчваюць фарбы, як іх атачаюць жывыя расліны, як прырода хавае зробленае чалавекам ды яго самога...

Аднак не ўсё так сур’ёзна — многае носіць гумарыстычны характар і нацэлена на тое, каб выклікаць у гледача радасць, няхай і з прымессю настальгіі. Напрыклад, аўтар пад псеўданімам Бетонамяшалка прадставіў работу «Рухаецца ў парк» (2024–2025) — гэта міні-прыпынкі з гліны і сапраўдныя талоны на праезд у грамадскім транспарце, некаторыя з якіх суправаджаюцца заўвагамі, думкамі і пачуццямі, што ўзнікаюць у дарозе. Тым часам стваральнік праекта «ID» (2025) Alice.in.fotoland прапануе ўвазе гледача фотапартрэты. Архіў дапаўняецца запісамі герояў у дзіцячым узросце, а таксама каментарыямі аб тым, якую прафесію яны хацелі б атрымаць, кім ім даводзіцца працаваць сёння. 

Прыналежнасць да вялікай справы

12_35_B.jpg

Алег Крошкін «Месяц над горадам», 2000 г.

Ідэя асобнай экспазіцыі належыць Алесі Іназемцавай. Разам з Дзінай Даніловіч яны вырашылі нагадаць пра галоўныя набыткі любога музея — яго фонды і работнікаў, а таксама крыху расказаць пра штодзённыя клопаты супрацоўнікаў НЦСМ. Гэтым разам кожны з іх паўдзельнічаў у стварэнні выстаўкі. Так, 10 спецыялістаў, якія адносяцца да розных аддзелаў інстытуцыі, прапанавалі работы са сховішчаў, знакавыя для іх. Аўтары твораў, выбраных музейным даглядчыкам Наталляй Рабавол, культуролагам Настассяй Афанаскінай, галоўным бухгалтарам Алай Чарнавусавай ды іншымі, — мастакі мінулага і сучаснікі: Віталь Цвірка, Мікалай Селяшчук, Аляксандр Дасужаў, Мікалай Казакевіч, Алег Крошкін, Віктар Пятроў, Уладзімір Правідохін, Валерый Славук, Уладзімір Клімушка і Мацвей Басаў. 

Дапоўнена частка выстаўкі, прысвечаная знаёмству з рабочай абстаноўкай цэнтра, асабістымі рэчамі супрацоўнікаў. Такім чынам прастора залы дазволіла паразважаць пра прыналежнасць кожнага да вялікай справы, а таксама, як гавораць самі арганізатары, прасачыць за тым, як фарміруецца чарговы архіў. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю