Top.Mail.Ru

Арыі і хіты эстрады

Аўтар: Яўгенія Шыцька
06.10.2025 | 17:00
Гартаючы старонкі музычнай культуры Італіі

Канцэрт вакальна-інструментальнай музыкі «Amore mio» прайшоў у Малой зале імя Рыгора Шырмы Белдзяржфілармоніі. Праграму склалі шэдэўры італьянскай музыкі розных эпох. Арыі і хіты эстрады, якія пакарылі свет, выканалі лаўрэаты міжнародных і нацыянальных конкурсаў. 

Падрыхтавала канцэрт Філармонія для дзяцей і юнацтва. 

Першае аддзяленне прысвяцілі оперы. Пачалі з духоўнай музыкі: арганізатары звярнуліся да кантаты Джавані Батыста Пергалезі «Stabat Mater», а дакладней, да яе чацвёртай часткі — арыі альта «Guas moerbati» («Як пакутавала, як дрыжала»), прысвечанай пакутам Дзевы Марыі падчас раскрыжавання Ісуса Хрыста. Гучалі таксама творы Джаакіна Расіні, Гаэтана Даніцэці, Джакама Пучыні... Увайшла ў праграму і арыя Віялеты з адной з найбольш вядомых і любімых публікай опер у свеце — «Травіятай» Джузэпэ Вердзі. 

Другое аддзяленне склалі папулярныя неапалітанскія песні: народная «Цірытомба», «Лодачка» П’етра Бураці, «Гавары ціха, каханне маё» Ніна Роты, творы Луіджы Дэнцы ды многія іншыя. Увесь вечар слухачоў радавалі салісты філармоніі Ганна Янкоўская (сапрана), Тамара Рэмез (сапрана), Марына Дабралет (сапрана), Святлана Еўтух (сапрана), Галіна Сакольнік (меца-сапрана), Ксенія Малахвейчук (меца-сапрана), Максім Абравец (барытон), Уладзіслаў Даніловіч (барытон), Дзмітрый Гайдукоў (барытон), Іван Кручко (бас-барытон). За фартэпіяна гэтым разам былі лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Вайніцкі і Алена Лузан. Расказвае вядучая канцэрта лектар-музыказнаўца Кацярына Агароднікава: 

— Калі я папрасіла нашых салістаў зрабіць канцэрт разнажанравым і самім падабраць песні, якія ёсць жаданне выканаць, на мяне абваліўся шквал з прапаноў. Пэўна, давядзецца арганізаваць яшчэ адзін канцэрт з таго, што не ўвайшло ў гэты. Праграма атрымалася вельмі насычаная. Мяркую, калі опера не ўсім добра знаёмая і блізкая, да яе неабходны дадатковыя каментарыі, то песні з другога аддзялення не патрабуюць прадстаўлення. 

Між тым артыстаў Філармоніі для дзяцей і юнацтва можна зноў пачуць у хуткім часе — творчае падраздзяленне Беларускай дзяржаўнай філармоніі сёлета адзначае 65-годдзе, і 24 кастрычніка адбудзецца святочны канцэрт «Ад класікі да сучаснасці: юбілей у фармаце non-stop». Калектыў упэўнівае: яму ёсць чым здзівіць і парадаваць слухача любога ўзросту. 

Яўгенія ШЫЦЬКА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю