«Алтарныя палотны, абразы і гістарычныя карціны мастакоў розных краін і розных часоў ілюструюць знамянальныя падзеі і выдатных асоб, якія ўвайшлі ў Вялікую Гісторыю Чалавецтва. У Бібліі гісторыя жыцця патрыярхаў Старога Запавету, апосталаў, сведкаў Евангелля і самога Хрыста пададзена вельмі сцісла і сканцэнтравана на лёсавызначальных падзеях — менавіта гэтыя моманты Святога Пісання на працягу стагоддзяў з’яўляліся аднымі з цэнтральных сюжэтаў у мастацтве хрысціянскіх краін», — так у эксплікацыі расказвае пра задуму і змест праекта куратар Дзмітрый Моніч, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва НММ.
Аўтарства большасці твораў на выстаўцы не вядома. Гаворка ідзе пра даўнія часіны, таму імёны мастакоў проста не захаваліся. Так, у ліку самых ранніх твораў — «Вяртанне блуднага сына» (XVII ст.) невядомага аўтара. Між тым мноства работ гэтага перыяду тым ці іншым чынам захавалі імёны сваіх стваральнікаў. Так, палатно «Юдыта і Алаферн» (канец 1740-х — 1750-я гг.) належыць пэндзлю немца Ёгана Цыка, майстра фрэскавых роспісаў. Яго сын Януарыус Цык таксама стаў мастаком — жывапісцам і рысавальшчыкам своеасаблівага барочна-ракайльнага стылю і нямецка-ўстрыйскага стылю цопф. «Юдыта і Алаферн» — з выратаваных каштоўнасцей, аднак пра гэта крыху пазней...
Невядомы майстар «Маці Божая з дзіцяткам Хрыстом і Янам Хрысціцелем», XIX ст.

Невядомы майстар «Недавер апостала Тамаша», XVII ст.
Найярчэйшы прыклад на выстаўцы — Антоніа Малінары і яго палотны «Ісак благаслаўляе Якуба» (1680–1685) і «Ап’яненне Ноя» (1680–1685). Найбуйнейшыя зборы твораў італьянскага жывапісца і графіка, дарэчы, сына мастака Джавані Батысты Малінары, захоўваюцца сёння ў Францыі — у Луўры, а таксама і музеі Кунстпаласт (Дзюсельдорф, Германія). А карціна Андрэа Мічэлі (Вічэнціна) «Укрыжаванне і медны змей Майсея» і зусім датуецца 1590-мі. Палатно нагадвае пра наступныя падзеі: калі ізраільцяне былі ўкушаны атрутнымі змеямі ў пустыні за нараканне супраць Бога і Майсея, то Майсей атрымаў загад ад Бога зрабіць меднага змея і выставіць яго на сцяг, каб кожны, хто пацярпеў укус, зірнуўшы на таго, заставаўся жывы. І як ізраільцяне такім чынам ацаляліся, так, лічыцца, ратуюцца і ўсе тыя, якія з верай пазіраюць на Хрыста Укрыжаванага...
Што датычыцца выяў для храмаў, то іх ананімнасць цалкам зразумелая. Сярод экспанатаў, якія захапляюць, — стылістычна адметны твор «Уваскрашэнне — Сашэсце ў пекла» (XVII ст.): Ісус Хрыстос спускаецца ў пекла, паводле царкоўнага падання, у першыя дні пасля распяцця, да ўваскрашэння на зямлі, і вызваляе зняволеныя там душы, выводзіць з пекла ўсіх старазапаветных праведнікаў, а таксама Еву і Адама — апошняга Хрыстос трымае за руку. Імя аўтара «Недаверу апостала Тамаша» (XVII ст.) таксама не захавалася. Гэта, як і іншыя работы, у якіх адлюстраваны евангельскія сюжэты, даюць выдатную магчымасць параўнаць, як у розныя часы розныя мастакі падыходзілі да тэмы і матываў. Так, згаданы экспанат мае шмат агульнага з аднайменнай іконай Дзіянісія XVI стагоддзя і цалкам адрозніваецца ад карціны «Недавер апостала Тамаша» (1600–1602) пэндзля знакамітага італьянца Мікеланджэла Мэрызі да Караваджа. Гэтая непадобнасць падыходаў уражвае, няхай і зразумела, што прызначэнне кожнай работы было сваё.
Экспазіцыя «Сведкі Вялікай Гісторыі. Беларускі і замежны жывапіс XVI — XІX стст.» пабудавана так, каб паказаць паслядоўнасць падзей, апісаных у Бібліі. Спачатку гаворка ідзе пра гісторыі ды асобы Старога запавету Бібліі, затым увага гледача скіравана на прышэсце ў свет Ісуса Хрыста, апавядаецца пра яго зямное жыццё, а пасля пра смерць і ўваскрашэнне; завяршаецца змястоўная выстаўка блокам, прысвечаным жыццю і абвяшчэнню Евангелля паслядоўнікамі Хрыста. Арганізатарам было з чаго выбіраць: улічваючы тое, якой калекцыяй валодае Нацыянальны мастацкі музей, стварэнне часовых экспазіцый на рэлігійную тэматыку напрошваецца само сабой. Так, у 2023 годзе праходзіла выстаўка «...На гонар і на хвалу Госпаду Богу...». Датаваныя і падпісныя творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI — XIX стст.«, а летась гледачоў запрашалі пазнаёміцца з экспазіцыяй «Сімвалы, атрыбуты і алегорыі ў мастацтве Беларусі XVII — XIX стст.», на якой апроч іншага былі прадстаўлены іконы і алтарны жывапіс... Часта музей звяртаецца і да фармату выстаўкі адной работы, дзе дэманструюцца розныя іконы. Творы рускага і заходнееўрапейскага мастацтва пэўнага перыяду і адпаведнай тэматыкі таксама знаходзяць сваё месца ў праектах НММ, праўда, радзей. Калі згадваць найбольш гучную часовую экспазіцыю, то гэта, безумоўна, «Выратаваныя мастацкія каштоўнасці», падчас правядзення якой дэманстраваліся ўзоры старажытнабеларускага, рускага і еўрапейскага мастацтва XVII — XX стст. са збору музея, якія прайшлі рэстаўрацыю ў перыяд з 2010-га да 2021-га.

Невядомы мастак «Пахаванне Хрыста», 1870-я гг.

Фёдар (Фідэліа) Бруні «Маленне аб чашы», 1830 — пач. 1840-х гг.

Канстанцін Ліхачоў «Грэшніца», 1911 г. (З арыгінала (?) Генрыха Семірадскага «Грэшніца».)
Таму так — усе гэтыя выстаўкі цікавыя не толькі канцэпцыямі, дбайным падборам работ, вядома, іх зместам. Яны зачароўваюць яшчэ і каштоўнасцю экспанатаў, таямніцай стварэння і захавання твораў і, дарэчы, рознай ступенню цэласнасці. Штосьці відавочна рэстаўрыравалася — і прыемна назіраць за вынікам, нешта дайшло да сучасніка з пэўнымі прыкметамі сапсаванасці, але і гэта не можа адштурхнуць — наадварот, прыцягвае яшчэ большую ўвагу публікі, якая рада знаёмству з унікальнай работай і спадзяецца на асцярожнае абыходжанне з ёй ва ўмовах магчымага аднаўлення.
Яўгенія ШЫЦЬКА
Фота аўтара