У экспазіцыі прадстаўлены больш за 190 работ асобных аўтараў і творчых аб’яднанняў студэнтаў з 17 устаноў вышэйшай адукацыі. Ідэяй-дэвізам рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі сталі радкі верша Аркадзя Куляшова «Перад сабой і светам будзь праўдзівы». Творчыя работы размешчаны ў прасторы ў адпаведнасці з заяўленымі намінацыямі: «Летэрынг. Лісты пачуццяў», «Графіка. Размова з нашчадкамі», «Фотаканцэпт. Час шчаслівай любові», «Візуальны сэт. Прадбачанне космасу».
Юныя мастакі разважаюць на тэмы любові да радзімы, паэзіі і часу, жахаў і страт вайны, космасу і вечных сэнсаў. Асновай для творчых работ у намінацыі «Летэрынг. Лісты пачуццяў» сталі цытаты вершаў Аркадзя Куляшова «Ты і я», «Бывай...», «Праз дзесяць год...», «Галубкі» і інш.
У намінацыі «Графіка. Размова з патомкамі» работы студэнтаў з’яўляюцца манахромнымі візуалізацыямі метафарычных увасабленняў твораў Аркадзя Куляшова на тэму вайны: «Я хаце абавязаны прапіскаю», «Вянок», «Размова з патомкамі», «Алёнка», «Балада аб знойдзенай падкове», «Балада аб чатырох заложніках», «Маё сэрца ў бары», «Дом», «Ранак», «Сябры, каго вайна скасіла кулямі...», «Ліст з палону», «Над брацкай магілай», «Маё пасведчанне» і інш. Праз чорна-белыя вобразы мастакі спрабуюць перадаць прыгнятальную атмасферу ваенных падзей, усеагульныя жах, боль і пакуты.
Твор Уладзіслава Тарасевіча «Роднае месца» (кіраўнік Аляксандр Шаўцоў) адлюстроўвае змены ў тым, што калісьці было дорага сэрцу, — у роднай вёсцы, дзе цёмныя хмары закрылі сонейка, а дрэвы панура схіліліся пад цяжкасцю жыццёвых выпрабаванняў. Аднак пячны дымок, які імкнецца ў вышыню, дае надзею на лепшае.
Трыпціх Ларысы Вагінай «Вянок» (кіраўнік Людміла Дуброўская) расказвае трагічную гісторыю кахання. На жаль, частая сітуацыя падчас ваенных дзеянняў, калі адзін з закаханых гіне на полі бою. Манахром цалкам перадае ўвесь спектр болю і роспачы, сімвалізуючы глыбокую самоту.
На выстаўцы маштабна прадстаўлена намінацыя «Фотаканцэпт. Час шчаслівай любові», асновай для якой стала фотавізуалізацыя верша Аркадзя Куляшова «Аб любві». Студэнты распрацавалі канцэптуальныя і рэпартажныя фотаздымкі, дзе любоў набывае самыя розныя значэнні. У прыгажосці беларускіх краявідаў — любоў да родных мясцін, замілаванне прыродай, чуласць да навакольнага свету.
У намінацыі «Візуальны сэт. Прадбачанне космасу» ўдзельнічаюць творчыя работы студэнтаў у розных стылях выяўленчага мастацтва — мэмфіс, футурызм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш., у разнастайных кірунках і тэхніках — дудлінг, пуантылізм, гратаж, лайн-арт, лучызм, фотабаш і інш. Гэтая намінацыя шырока прадстаўлена на выстаўцы. Творцы разважаюць пра бязмежнасць Сусвету, яго загадкі і таямніцы, славяць прыгажосць прыроды, яе крохкасць і адначасова вечнасць. Работы юных мастакоў уражваюць глыбокім філасофскім падтэкстам, прафесіяналізмам і багаццем абраных тэм. Многія мастакі — прыхільнікі пейзажнай лірыкі, што стварае непаўторную атмасферу дамашняй утульнасці ў велічнай мастацкай прасторы.
Сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, жывапісу, графікі, фатаграфіі, лічбавай творчасці дазваляе пазнаёміцца з эстэтычнымі ўражаннямі, светапоглядам і эксперыментамі будучых прадстаўнікоў беларускага выяўленчага мастацтва. Праект «Грані творчасці», стартаваўшы ў галерэі «Універсітэт культуры», працягнецца ў розных рэгіёнах нашай краіны да мая 2025 года. У межах яго ва ўніверсітэтах адбудуцца інтэрактыўныя прэзентацыі і мерапрыемствы.
Дыялог роднай беларускай мовы і сучаснай візуальнай творчасці студэнцкай моладзі стане ўвасабленнем слоў народнага паэта Аркадзя Куляшова.
Выстаўка працуе да 18 студзеня 2025 года.